Пра тое, што жыхары вёскі Сялец Бярозаўскага раёна правялі сход і дамовіліся забіваць свіней на ўласных падворках, паведамілі многія СМІ. Як высвятляецца, ў раёне яны не адны такія. 

Яшчэ 6 жніўня гожая каманда, складзеная з прадстаўнікоў мясцовай улады і адмыслоўцаў, пазнаёміла жыхароў вёскі з рашэннем райвыканкама: у межах 5-кіламетровай буфернай зоны вакол свінафермы ў Хойніках да 15 жніўня зарэзаць усіх свіней прыватнага сектара. А ўжо праз дзень у райвыканкам пайшла заява сходу грамадзян (114 подпісаў) з прапановай сустрэцца. А яшчэ праз тры дні, калі з людзьмі ніхто не сустрэўся, яны паклікалі журналістаў.

Да бунту вёскі Сялец далучылася вёска Кабакі

 

Чаго хочуць падпісанты?

Надзея Іванаўна Кавалеўская мае ўнукаў і нават праўнука, але ўзросту не адчувае. Хоча гадаваць свінак . “Мяса ўсе любім, і гадуюцца ў мяне добра. Хлеў чысты…” – яна запрашае пайсці глянуць.

Глянуў. Сапраўды, акуратна.

Надзея Іванаўна таксама падпісалася пад зваротам да ўладаў.

“У такую спёку за пару дзён парэзаць хрушак… А куды мяса падзець? – пытаецца яна. – Вось у рашэнні райвыканкама пункт 6.1. – “забяспечыць гандлёвую сетку неабходнай колькасцю маразільных камер”. А на якія грошы я яе куплю, тую камеру? І куды потым падзену, калі мяса з’ямо?”

Жанчына разумее, што з рознымі эпідэміямі жарты благія. Але: “А чаму ў нас усё так спешна? Мы ж толькі буферная зона вакол гэтай свінафермы ў Хойніках. Чумы ж у нас няма. Дык далі б болей часу. Каб некуды падзець тое мяса”.

Далей Надзея Іванаўна агучвае рашэнне задачы ў стылі “ … а дзяржава для народа”. “Вось мы здалі б ім цяпер тое мяса па ТАКІМ кошце (маецца на ўвазе нізкі кошт, 18 337 рублёў ), а яны нам няхай потым, скажам, узімку, па патрэбе і па такім самым кошце хай аддалі б свінінку. І ім добра было б, а то Бярозаўскі мясакамбінат, кажуць, затарваецца мясам у Польшчы, і нам не трэба было б тых лядоўняў купляць”.

Больш радыкальна настроена Раіса Цюшкевіч. “Ферма ў Хойніках — гэта адзін суцэльны жах. Там здыхляцінай усё прасмярдзела, – кажа жанчына. – Гляньце, колькі вёсак у буфернай зоне вакол гэтых мораных Хойнікаў. Гэта ж на іх 2 з нечым тысяч здыхлякоў, бо падвозяць-стараюцца, прыпадае – і ПРАПАДЗЕ – 5 тысяч людскіх свінак. Хіба гэта па-гаспадарску, пускаць пад нож такое нераўнацэннае пагалоўе?”

Проста кармушка там добрая для начальнікаў, кажуць іншыя жанчыны. Нават у рэзалюцыі свайго сходу напісалі, што дырэктар камбікормавага завода, на балансе якога знаходзіцца свінаферма ў Хойніках, сват старшыні райвыканкама. Кумаўство не кумаўство, а сватаўство, значыць, закідаюць людзі мясцовым кіраўнікам.

“У 5-кіламетровую зону трапілі толькі два дамы ў нашых Кабаках, – кажа жанчына. – У іх і свіней акурат не трымаюць. Ну, дзе два, там усе. Дык дайце ж нам часу разабрацца з гэтым мясам. А з кармамі што рабіць? Людзі ж пасадзілі ў разліку на свіней бульбу, бурачкі…Хто за гэта кампенсуе? Будуць выварочваць кішэні па поўнай праграме, яшчэ і склады “Атлантаўскія” ад халадзільнікаў разгрузяць”.

Далей Раіса Цюшкевіч выкладвае няхітрую арыфметыку стратаў ад свіначумнага буферу. “Нам даюць за кабана ў 100 кг мільён васемсот тысячаў. Што я магу купіць на гэтыя грошы? Трыццаць кілаграмаў мяса. А ў кабане яго было семдзясят. Значыць, людзі страчваюць на гэтым у два-два з паловай разы…”

Дзмітрый, які захацеў сабе толькі імя (“бо ў суд ісці не хочу покуль; вось пайду – тады назавуся”) часта наведвае лясы. “Хвойнік каля хойнікаўскай умарыльні ўжо зрабілі свінамогільнікам, – упэўнена кажа ён. – Паехалі, глянеце”.

Чаму не. Першая запаведзь прафесіі: убач на свае вочы. Едзем, глядзім.

Ферма ў Хойніках

Хойнікі прыляпіліся да саменькага мястэчка Малеч. Едзем лесам, нейкай патаемнай сцяжынай. Праз кіламетр уперадзе адкрываюцца пясчаныя груды. “Днямі закапалі там свіней”, – кажа Дзмітрый.

Ідзем бліжэй да тэрыторыі свінафермы. Характэрна смярдзіць касцямі – помню гэта яшчэ ад школьнай экскурсіі на мясакамбінат. У Кабаках жыхары пракруцілі мне кароткі відэаролік. На ім былі свіныя касцякі, трупы падсвінакаў і парасят, аблепленыя мухамі. Цяпер пазнаю тыя месцы. “Прыкапалі ўжо, – кажа Дзмітрый. – Аддалі мы заяву ў пракуратуру, ролік гэты прыклалі. Дык убіраліся ўчора”.

Ён паказвае месца, дзе прыкапаныя трупы жывёл. Глеба мяккая, плыве пад нагамі. Відавочна, менавіта ПРЫкапалі. “Нельга ім скотамогільнікі рабіць. Трэба трупы здаваць на спецыяльны завод “Сарыя” пад Бярозай. Але падзёж хаваюць, таму закопваюць на месцы”, – тлумачыць Дзмітрый.

Завалы са смецця, будаўнічага друзу, карыт і бутэлек з-пад хімікатаў ляжаць за тэрыторыяй свінафермы. Але ў тым, адкуль яны тут, сумнявацца не даводзіцца.

Сама свінаферма на хуткую руку абгароджана лістамі шыферу. “Цікава, а ці не той гэта матэрыял, ад якога даўно адмовіліся ў Сярэдняй Еўропе, бо ўтрымлівае канцэрагенны асбест?” – мільгае думка.

“У Сошыцы яшчэ адна ферма камбікормавага завода. Яе таксама пакідаюць. І там тое самае”, – кажа Дзмітрый.

У прадпісанні райвыканкама аб стварэнні буфернай зоны значыцца, што туды ўвойдзе, поруч са шматлікімі іншымі, і мястэчка Сялец. Сапраўды, гэта колькі свіней мусяць пайсці пад нож з-за ну зусім не пераканаўчых свінагадоўчых разрухаў калектыўнага гаспадарання.

Сітуацыя ў вёсцы – від з Бярозы

У Бярозаўскім райвыканкаме датэлефанаваўся да намесніка старшыні Дануты Гардзеевай.

“Мы не можам не выконваць рашэнне Брэсцкага аблвыканкама, – патлумачыла Данута Уладзіміраўна. – Прынята рашэнне аб стварэнні буферных пяцікіламетровых зон. Названы даты. Так што мы тут паднявольныя”.

Рэжым кампенсацыі стратаў — гэта таксама агульнадзяржаўная праграма, адказвае яна на наступнае пытанне, пастаўленае мне жыхарамі. “Хоць сёння хай едуць на пункт забою і здаюць сваё мяса”. Пытаю, чаму мусова людзям купляць лядоўні. “Народ для дзяржавы” атрымліваецца? Чаму не могуць прыняць у людзей мяса і потым аддаць яго, як прапануе Надзея Іванаўна Кавалеўская?

“Няма ў нас такога механізма, такой магчымасці”, – няўцямным голасам адказвае Данута Гардзеева. Відаць, такая думка адказнаму супрацоўніку і ў галаву не прыходзіла. – “Можам толькі прыняць на захаванне ў маразільнях . Але гэта не за так, плаціць давядзецца. А як жа інакш? Або прымем за пазначаныя грошы”.

Данута Гардзеева спрабавала абвергнуць і жахлівы стан свінафермы ў Хойніках. “Вы даўно там былі, паедзьце сёння”. — “Дык учора быў, – кажу. – Цераз ноч не памяняўся той канцлагер з прысыпанымі целамі”.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»