Адной з важнейшых навінаў апошніх дзён было паведамленьне з Нарвэгіі. Сродкі масавай інфармацыі ва ўсім сьвеце паведамілі, што прэм’ер-міністар краіны на дзень адмовіўся ад пасады кіраўніка ўраду ды сеў за руль таксі. Такім чынам палітык хацеў пабыць бліжэй звычайных людзей.

Прэм’ер-міністар Нарвэгіі Енс Столтэнбэрг цэлы дзень адпрацаваў кіроўцам таксі ў чэрвені, хоць толькі некалькі дзён таму ў Інтэрнэце было апублікавана відэа з камэр назіраньня ў аўто. Дарэчы, пасажыры захоўваліся па-рознаму, але заўсёды дружалюбна й пазытыўна: многія ня верылі, што іх вязе кіраўнік ураду, іншыя гучна сьмяяліся. А адзін дзядуля сказаў вадзіцелю-прэм’еру: «Вы ведаеце, вы вельмі падобныя на Столтэнбэрга?». Але амаль усе пазналі палітыка, сам жа прэм’ер пагутарыў з народам, паслухаў меркаваньняў людзей на тыя ды іншыя пытаньні. Ці на такі пі-ар крок ды прамы кантакт з народам маглі б пайсьці высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі?

Вядомы беларускі блёгер Яўген Ліпковіч у размове з намі сказаў, што ідэя – няновая, нешта падобнае практыкавалася, напрыклад, у камуністычнай Альбаніі, прычым у прымусовым парадку. Пры гэтым ён зазначыў, што беларускім чыноўнікам таксама было б нядрэнна папрацаваць на звычайнай пасадзе. Напрыклад, кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Кабякова ён бачыў бы за пралаўкам на Камароўцы.

У сваю чаргу ў аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, які вядомы сваім арыгінальным пачуцьцём гумару, з гумарам мы й запыталіся: ці, заказаўшы па тэлефоне таксі, хацеў бы пабачыць за рулём прэм’ера Мясьніковіча? Ён адказаў, што Мясьніковіча – не, а вось ахвотна пабачыў бы…

Зразумела, прэм’ер-міністар Нарвэгіі за рулём таксі – гэта добра прадуманая пі-ар-акцыя. Калі ж зірнуць на афіцыйны Менск, дык у галаву неяк не прыходзяць пі-ар-акцыі, якія б запамяталіся. Раман Якаўлеўскі зазначае, што аднак такія акцыі існуюць. Гэта – ленінскія суботнікі.

Што б не казаць, але Енс Столтэнбэрг змог прыцягнуць увагу ня толькі грамадзян сваёй краіны, але й замежных сродкаў масавай інфармацыі. Беларускія ж пі-ар акцыі кшталту візыту Лукашэнкі на палях падчас гэтак званай “бітвы за ўраджай” ці маханьне лапатай на суботніку наўрад ці зоймуць першыя палосы замежных СМІ.

Валеры Саўко

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»