«Я афіцыйна папярэджана, што на наступны навучальны год са мной не будзе заключаны кантракт. Не магу сказаць, што ўжо вельмі засмучаная. Сістэма адукацыі ў краіне такая, што працаваць на ідэалогію, а не веды і прафесійны і навуковы рост студэнтаў, становіцца ўсё цяжэй і цяжэй», — напісала Валянціна Аліневіч на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook.

«Зарплата ў дацэнта, кандыдата эканамічных навук з максімальным стажам складае ўсяго 3,5 — 4 мільёны беларускіх рублёў. Гэта на ўзроўні прыбіральшчыцы ў метро ці Кароне». Але праца мяне ратавала, дапамагала мне выстаяць. Агіднасць сітуацыі ў тым, што апошнія паўтара месяца супраць мяне пачалося сапраўднае цкаванне…”

«Пачалося з ультыматуму: або мая пазіцыя ў дачыненні да майго сына ці праца. Выбар быў такі недарэчны, што я засмяялася ў твар. Затым былі спробы ўжо з боку рэктара БДЭУ Шымава В.М. мірна разруліць сітуацыю. Урэшце пачаліся ўжо сур’ёзныя вайсковыя дзеянні з боку дэкана факультэта менеджменту Сімховіч, кіраўніка цэнтра кадравай і прававой палітыкі Лагута».

«Працаваць не давалі, прыходзілі проста ў студэнцкія аўдыторыі, не саромеючыся нікога.

Сітуацыя да смешнага нагадвала сітуацыю з маім сынам — і дакаралі, і хвалілі, і ўвесь час патрабавалі нешта падпісаць: нейкія тлумачальныя, акты, потым спрабавалі абвясьціць мяне злосным парушальнікам і ў рэшце рэшт абвясьцілі пра звальненьне».

«Я б ужо даўно звольнілася сама, але мне хацелася, каб людзі, якія вырашаюць, як ім здаецца, мой лёс самі ўзялі на сябе маральную адказнасць за тое, што адбываецца.У іх таксама ёсць маці, жонкі, дзеці, унукі. Што яны будуць думаць пра тых людзей, якія паднялі руку на самае святое, на Маці! Некаторыя казалі, што гэта — чыста тэхнічнае рашэнне, іншыя — што ім загадалі і яны не маглі не выканаць загад. Гэта ўжо было ў гісторыі. Ці не праўда? Ну што ж жыццё расставіць усё на свае месцы. Цяпер ім жыць са сваім маральным выбарам. А людзі ў чорных масках, якія дыктавалі свае ўмовы убеленым сівіной прафесарам і дацэнтам, зноў засталіся за кадрам».

Падобная гісторыя і ў Магілёве. З намеснікам старшыні абласной арганізацыі Партыі левых «Справядлівы свет», доктарам тэхнічных навук, прафесарам Валерам Беразіенкам Беларуска-расійскі ўніверсітэт спыняе працоўныя адносны. Фармальная прычына — сканчэнне тэрміну дзеяння працоўнага кантракту. Ва ўніверсітэце прафесару засталося адпрацаваць тры дні.

Валер Беразіенка быў назіральнікам і сябрам абласных выбарчых камісіяў на усіх выбарах апошніх дзесяці гадоў.

«У інтэрнэце фігуруюць усе мае выступы. Я заяўляў, што выбары няправільныя. Набярыце мае прозвішча ў пошукавіках і знойдзецца пералік маіх выказванняў, якія сведчаць пра тое, што я не згодны з тым, што адбываецца ў краіне», — кажа выкладчык.

Сёлета спадар Беразіенка меўся адзначыць пяцідзесяцігадовы юбілей працы ў ВНУ, якая раней называлася Машынабудаўнічым інстытутам. Працаваў у ім пачаў у 1963 годзе.

«Атрымліваецца, што і кафедра “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці“ адзначае пяцідзесяцігадовы юбілей, а мяне выганяць з яе. Я быў ва ўніверсітэце больш за дзесяць гадоў загадчыкам кафедры. Быў дэканам факультэту. Падрыхтаваў 8 кандыдатаў тэхнічных навук. Я не прасіў рэктара працягваць кантракт. Мне перадалі паведамленьне пра спыненне працоўных адносінаў праз старонніх людзей. Паперку падпісаў загадчык кафедры, які клянецца, што дамагаўся, каб са мной падоўжылі кантракт», — кажа Беразіенка.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»