Чуткі пра тое, што гістфак могуць аб’яднаць з факультэтам турызму актыўна хадзілі апошнія два месяцы. Прыкладна з часу звальнення апальнага гісторыка Вячаслава Шведа.

Дэкан гiстфака Эдмунд Ярмусік пацвердзіў “Салідарнасці”, што пытанне з аб’яднаннем факультэтаў сапраўды вырашаецца.

– Калі ў вас ёсць такая інфармацыя, то, як вядома, дыма без агня не бывае, — адзначыў Эдмунд Ярмусік. — Такое рашэнне ёсць. Яно абмяркоўваецца. Нічога страшнага ў гэтым няма. Гэта натуральная рэарганізацыя вучэбнага працэсу. Пры любой уладзе і ў любой краіне мы павінны сеяць разумнае, добрае, вечнае. Для нас галоўнае – гэта студэнты. Гісторыя як прадмет у любым выпадку застаецца. А ўсё астатняе – гэта фармальнасць.

Раней адзначалася, што імаверным дэканам новага аб’яднанага факультэта можа стаць сённяшні дэкан факультэта турызму і сервісу Сяргей Данскіх. Дэкан факультэта гісторыі і сацыялогіі Эдмунд Ярмусік, згодна з тымі ж чуткамі, можа атрымаць пасаду загадчыка кафедры гісторыі Беларусі. Якім чынам вырашана гэтае пытанне, пакуль невядома.

— Зямля чуткамі поўніцца, — адзначыў Ярмусік. — Мне пра гэта нічога не вядома. Звяртайцеся да рэктара.

Зразумела, што аб’яднанне факультэтаў пацягне за сабой і скарачэнне штатаў. Такім чынам універсітэт цалкам законна зможа пазбавіцца ад рэшты “нядобранадзейных” гісторыкаў, якія пакуль займаюць свае пасады.

Рэпрэсіі ў дачыненні да выкладчыкаў гістфака ідуць ужо даўно. Восенню 2012 года з універсітэта быў звольнены адзін з аўтараў кнігі “Гродназнаўства” Андрэй Чарнякевіч.

Прычым, Сямён Шапіра прызнаўся, што асабіста загадаў звольніць Чарнякевіча: «Наконт Чарнякевіча прымаў загад я асабіста», — сказаў кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама. «Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжою. За чые грошы? Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!..»

Шапіра шчыра прызнаўся, што рэгулярна чытае зводкі КДБ і ведае ўсіх універсітэцкіх “апазіцыянераў” паіменна. «Ва ўніверсітэце шаснаццаць чалавек, якія заклікаюць звергнуць уладу», — сказаў Шапіра.

У хуткім часе пра свой сыход з універсітэту на знак пратэсту супраць ціску на калег заявіў у адкрытым лісце да кіраўніка Гродзенскага аблвыканкама старшы выкладчык кафедры тэорыі дзяржавы і права Ігар Кузьмініч.

фота abiturient.by

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»