Новы гатэль размесціцца ў адным з самых маляўнічых куткоў сталіцы — ля Белдзяржцырка ў межах праспекта Незалежнасці, вуліцы Янкі Купалы і ракі Свіслач. На гэты куточак мінскай зямлі замахнулася славенская кампанія Rico пры дапамозе спецыяльнага ўказа прэзідэнта Беларусі.

Rico — інжынірынгавая кампанія, якая працуе ў аўтамабілебудаванні, трактарабудаванні і самалётабудаванні, у галіне энергетыкі, аховы навакольнага асяроддзя, лагістыкі і будаўніцтва.

Комплекс, які ўзводзіцца ў цэнтры Мінска, будзе ўключаць гасцініцу “Кемпінскі” катэгорыі “пяць зорак”, 81 жылое памяшканне, адміністрацыйны будынак і дапаможныя памяшканні з паркінгам. Агульны кошт будоўлі — каля 100 мільёнаў еўра.

Верагодна, “Кемпінскі” будзе сапраўды функцыянальным і маштабным, але мінчане пакуль не пранікліся любоўю да новага комплексу. Па меркаванні многіх жыхароў сталіцы, у тым ліку прафесійных архітэктараў, новы 11-павярховы гмах можа разбурыць кампазіцыю вакол праспекта. Будынак яшчэ не завершаны, але ўжо, як бачыце на здымках,  навісае шэрай хмарай над праспектам Незалежнасці і ракой Свіслач.

У роспачы тыя, хто змагаецца за захаванне гістарычных помнікаў. На месцы будоўлі размяшчалася першая беларуская электрастанцыя, узведзеная яшчэ ў XIX стагоддзі. Будучыя ўладальнікі атэля супакойваюць — будынак разабралі па частках і збіраюцца наноў скласці яго трохі далей ад гістарычнага месца.

А як жа са скверам Янкі Купалы і паркам імя Горкага? Раней яны ўяўляліся адзіным ландшафтам. Калі завершыцца забудова ля цырка, прыродны ансамбль распадзецца на дзве часткі. Дзіцячы парк наогул схаваецца ад вачэй тых, хто будзе ехаць па праспекце Незалежнасці.

Ужо ўспыхнуў скандал з жыхарамі дома №45 па вуліцы Карла Маркса, якія пратэстуюць супраць высечкі дрэў у іх двары. Будаўнікі “Кемпінскага” збіраліся пазбавіцца ад дзесяці каштанаў, каб пракласці камунікацыі да будучага гатэля. Жыхарам дома ўдалося адстаяць сваё права жыць у зялёным двары — Камітэт дзяржкантролю прызнаў, што камунікацыі можна правесці праз тыя ж шляхі, што і да цырка. Між тым пытанне яшчэ не вырашана — прадстаўнікі падрадчыка ўпэўнены, што праўда на іх баку, а значыць, дрэвы ўсё ж такі могуць спілаваць.

Завяршыць будоўлю плануецца ў снежні 2014 года. На плошчы ў 23 тысячы квадратных метраў размесцяцца гатэль на 200 нумароў, канферэнц-залы і SPA-цэнтры, рэстараны. Акрамя таго, у комплексе прадугледжаны офісы і апартаменты.

 

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

“Кемпінскі” — гэта жах

Сусветна вядомы беларускі архітэктар Алег Вараб’ёў падчас сваёй грамадскай лекцыі ў Мінску жорстка раскрытыкаваў рашэнне пабудаваць ля цырка комплекс “Кемпінскі”.

Алег Вараб’ёў спраектаваў мноства знакавых будынкаў у Беларусі і за яе межамі. Мінскі офіс Беларускай калійнай кампаніі, які стварыў архітэктар, лічыцца адным з самых цікавых у краіне.

Спадар Вараб’ёў, адказваючы на пытанне аб самых непрыгожых будынках Мінска, прызнаўся, што вельмі незадаволены многімі будоўлямі ў сталіцы.

“Ну вось, што адбылося каля цырка? Проста жах, — не стрымліваўся заслужаны архітэктар Беларусі. — Як з’явіўся гэты будынак? Ад Казлова агляд на тарэц накладваецца на манумент Перамогі… Што адбылося з домам каля Свіслачы? Гэта нонсэнс: такі маленькі кавалачак гісторыі быў у нас і пабудаваць такі эклектычны, з нейкімі “кітайскімі пагадамі” дом… Вы ведаеце, трэба ў архітэктурным асяроддзі пра гэта казаць. Гэта я кажу аб тых будынках, якія знявечылі Мінск. Гэты парк, каля цырка, разрэзалі. Шчыра кажучы, многія архітэктары супраць — вы не думайце, што мы так пляскаем у далоні гэтым будынкам. Я, калі працаваў у Маямі, бачыў, што там кожны дзень на адным з каналаў ідзе перадача аб праектах, якія будуць пабудаваны. У студыю прыходзяць людзі і выказваюць сваё меркаванне, нават простыя грамадзяне прыходзяць, а архітэктар павінен свой праект абараніць. Хацелася б такую практыку і ў нас зрабіць. У нас жа тэлебачанне не вядзе ніякіх падобных дыскусій…”

Вялікая будоўля ля ракі Свіслач (фота)

Вялікая будоўля ля ракі Свіслач (фота)

Вялікая будоўля ля ракі Свіслач (фота)

Вялікая будоўля ля ракі Свіслач (фота)

Фота Алеся СВЯТЛАНІЧА.


Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»