З раніцы вуліца Энгельса была перакрыта для праезда транспарту. Паколькі ўздоўж вуліцы ў асноўным офісныя будынкі, ды яшчэ і 2-гі клінічны шпіталь, то супрацоўнікі тых самых офісаў і наведвальнікі шпіталя вымушаны былі шукаць паркоўку ў іншым месцы. У выніку каля рэстарана “Старое русла” , 6-ай паліклінікі і ліцэя БДУ утварылася вялізная пляцоўка з адных аўтамабіляў.

Каб не было спакусы заняць заветнае мястэчка на вуліцы Энгельса, праз кожныя 5 метраў там паставілі пасты міліцыі, якія стаялі гадзінамі каля знакаў “Паркоўка забаронена”.

Адзін з відавочцаў распавёў карэспандэнту “Народнай Волі”: “Бачыў, як адзін з міліцыянераў, якому, напэўна, было сумна дзяжурыць на вуліцы Энгельса, паліў цыгарэту, а затым кінуў яе не ў сметніцу, а на зямлю. Правільна! Яго ж, напэўна, не цікавіць, хто затым будзе прыбіраць смецце. Адбыць бы “змену”. Лепш бы ехалі ў калгас механізатарам дапамагаць, чым бессэнсоўна перамінацца з нагі на нагу (ды яшчэ і бруд разводзіць) на вуліцы. Ды яшчэ і за нашы грошы – падаткаплацельшчыкаў”.

31 мая, у дзень правядзення саміту, супрацоўнікі ў міліцэйскай форме адышлі на другі план – іх можна было бачыць за плотам, дзе вядзецца будаўніцтва каля Тэатра юнага гледача, ды бліжэй да трамвайных пуцей. Ім на змену прыйшлі людзі ў цывільным адпаведнай знешнасці, добра вядомыя ўдзельнікам масавых вулічных акцый.

Вуліца Кірава таксама была перакрыта. Там стаялі машыны, на якіх, відаць, вазілі членаў той ці іншай дэлегацыі. За лабавым шклом былі замацаваныя таблічкі, дзяржаўныя сцягі з назвай краіны.

Запланавана, што Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэнецца з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД. Шчыльнасць супрацоўнікаў службы бяспекі прэзідэнта на квадратны метр наглядна гэта дэманстравала.

Саміт прыпаў на пятніцу, акурат на той дзень, калі ў горадзе і без таго ўтвараюцца пробкі.

Што на гэты конт думаюць гараджане, можна пачуць на паркоўках, дзе машыны стаяць так шчыльна, што часам даводзіцца тэлефанаваць таму ці іншаму кіроўцу па нумары, замацаваным за лабавым шклом, каб той крыху здаў назад ці ўперад, каб можна было выехаць.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»