На сувязь

не выйшлі…

Кароткая гісторыя аб няўдалым спатканні

з байцамі спецназа

Згодна з інфармацыяй Дзмітрыя Галко, маладыя спартыўныя людзі ў цывільным, што затрымалі яго 6 мая недалёка ад станцыі метро “Міхалова”, былі супрацоўнікамі палка спецыяльнага прызначэння ГУУС. Вядомы імёны “герояў” — Аляксей Гарошка і Віктар Жарскі. Яны падчас суда былі сведкамі. Маладыя людзі пацвердзілі — Галко і яго таварыша Аляксандра Ярашэвіча варта было ізаляваць ад грамадства.

Па словах Дзмітрыя, падчас суда нечаканыя сведкі блыталіся ў паказаннях, няправільна апісвалі эпізоды. З боку Феміды шматлікія “недарэчнасці” заставаліся незаўважанымі, хоць узнікалі пэўныя пытанні. “Народная Воля” паспрабавала адрасаваць іх камандзіру палка спецыяльнага прызначэння ГУУС і начальніку Гарошка і Жарскага палкоўніку міліцыі Аляксандру Лукомскаму.

Спробы сустрэцца з фігурантамі справы ці з іх начальствам можна назваць сапраўдным “паляваннем”. Спачатку высветлілася, што адрас, які пазначаны ў гарадскім даведніку і па якім мусіць кватараваць полк, ужо некалькі гадоў займае іншая структура МУС. А спецназ пераехаў на вуліцу Герояў 120-й дывізіі, што знаходзіцца ў межах былога вайсковага гарадка ва Уруччы. Дарэчы, менавіта гэты адрас — Мінск, вуліца Герояў 120-й дывізіі, 42 — Гарошка і Жарскі ў судзе назвалі ў якасці свайго хатняга. Вось толькі да гасцей у такім доме ставяцца вельмі насцярожана.

Глухая сцяна бетоннага плота надзейна ахоўвае спецназ. Уваход для людзей і праезд транспарту — выключна праз КПП.

— Вы па якім пытанні? Па асабістым? — пытаецца пажылы ахоўнік, што сядзіць на КПП разам з маладым спецназаўцам. — Нам гэта не цікава — проста калі вы акрэсліце пытанне загадзя, начальнік не будзе біцца як рыба аб лёд. У яго ж ёсць намеснікі, з аддзела кадраў, іншыя супрацоўнікі. Можа, вам неабавязкова да спадара Лукомскага. Вы ж яго можаце агарошыць нечаканым пытаннем і ён не будзе ведаць, як вам дапамагчы.

— Мы наконт аднаго з супрацоўнікаў.

— Скарга на дзеянне супрацоўнікаў? Звычайна ўсе жадаюць трапіць на прыём да начальніка, а можа, ваша пытанне вырашыць яго намеснік… Звычайна начальніка не так проста злавіць на месцы — то на адной нарадзе, то на другой…

Ведаеце, да нас аднойчы прыйшла жанчына. Кажа: “Мне трэба да галоўнакамандуючага!” Але ж галоўнакамандуючы ў нас — прэзідэнт…

Урэшце высветлілася, што хоць афіцэры і прымаюць наведвальнікаў кожны будні дзень з 14.00 да 20.00, аказалася, што маё “асабістае пытанне” няма каму адрасаваць. Камандзір палка Аляксандр Валянцінавіч Лукомскі прымае наведвальнікаў толькі раз на тыдзень — кожную сераду.

На кантрольна-прапускным пункце мяне заверылі, што запісвацца на прыём да начальства не трэба, варта толькі прыехаць і, калі кіраўнік будзе на месцы, сустрэча адбудзецца. На жаль, на наступны дзень кіраўніка на месцы не аказалася.

— Ён на калегіі, — паведамілі новыя паставыя на КПП. —Калі і будзе сёння, то позна, каля восьмай.

Нечаканы паварот — учора ж клятвенна абяцалі, што сёння можна будзе знайсці кіраўніка на месцы.

Як бы там ні было, на КПП параілі не чакаць, бо, уласна кажучы, чакаць няма дзе, а доўгае таптанне каля часці невядомых грамадзянскіх асоб не вітаецца. Калі прыязджаць — можна паспрабаваць праз тыдзень. Але ніхто не гарантуе, што ў кіраўніка не будзе чарговай калегіі, нарады, схода…

Як «няпростых» людзей у Беларусі кідаюць за краты

Як «няпростых» людзей у Беларусі кідаюць за краты

Сустрэцца з Жарскім і Гарошкам таксама не атрымалася. На КПП малады спецназавец развёў рукамі — каб знайсці ў часці чалавека, аднаго прозвішча недастаткова. Паціскалі плячыма і крэпкія маладыя людзі, што выходзілі з тэрыторыі палка. Маўляў, столькі падраздзяленняў, адкуль жа будзеш усіх ведаць.

Сфатаграфавацца на фоне часці палка спецыяльнага прызначэння таксама не атрымалася. Яшчэ ў першы дзень візіту суровы малады чалавек падкрэсліў, што здымаць КПП нельга і нават праверыў тэлефон — ці не паспелі там з’явіцца непажаданыя кадры.

Кіраўніцтва палка спецыяльнага прызначэння Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама на сувязь не выйшла. А таму пакуль засталіся без адказу многія пытанні.

Скажыце, спадары камандзіры, якое злачынства здзейснілі Галко і Ярашэвіч, што затрымлівалі іх, нібыта буйных рэцыдывістаў, супрацоўнікі спецназа? Часта спецназ ладзіць па горадзе аблавы на “матерщинников” ці Ярашэвічу і Галко проста “пашчасціла”? І чаму адзін са спецназаўцаў кінуў словы пра тое, што на блогера была нейкая наводка? Чаму людзі ў пагонах вымушаны займацца самай сапраўднай хлуснёй, каб кінуць на 10—15 сутак нявінных людзей за краты? Ці маюць службоўцы права адмовіцца ад выканання антызаконнага загада? Калі ў краіне скончыцца “паляванне” на апанентаў улады?

Гэтыя і многія іншыя пытанні хацелася задаць кіраўніцтву палка спецыяльнага прызначэння. Не ўдалося на гэты раз — буду спадзявацца, што ўдасца ў іншы раз. Адказаў чакаю не толькі я, іх, ведаю, чакаюць і многія чытачы “Народнай Волі”.

Марыя МАЛЕВІЧ

На малюнках, зробленых падчас суда жонкай Д.Галко: зверху —

спецназавец Аляксей Гарошка,

знізу — Віктар Жарко.

Яўген ХАТКЕВIЧ: «Ніякіх размоў…»

Карэспандэнт “Народнай Волі” паспрабаваў пагутарыць з суддзёй Яўгенам Хаткевічам, які выносіў прысуд Дзмітрыю Галко. Што з гэтага атрымалася…

Да суда Маскоўскага раёна Мінска падыходжу бліжэй а 9-й гадзіне раніцы, аднак у будынак пакуль што не пускаюць. Кажуць: “З дзевяці”.

У 9.00 дзверы адчыняюцца. Даведваюся, дзе знаходзіцца кабінет суддзі Хаткевіча, аднак, перш чым патрапіць да яго, трэба прайсці яшчэ і бар’ер у асобе сакратаркі. Тая як адразае: “Суддзі па асабістых пытаннях не прымаюць”.

Шчыра кажучы, не хацелася адразу паказваць рэдакцыйнае пасведчанне, бо была нейкая надзея на шчырую размову. Таму, калі даведаўся, што Яўген Хаткевіч у гэты дзень будзе праводзіць выязныя слуханні спраў у ДАІ, вырашыў пад’ехаць туды.

Слуханні былі паказальнымі. Судзілі трох аўтамабілістаў, якіх у свой час пазбавілі права кіравання машынай, аднак яны ўсё роўна селі за руль. Ды яшчэ і нецвярозыя. На разгляд гэтых спраў для прафілактыкі запрасілі яшчэ і некалькі дзясяткаў іншых вадзіцелей, якія прыйшлі даведацца пра меры пакарання ў адносінах да іх за нейкія парушэнні правіл дарожнага руху.

Са злоснымі парушальнікамі суддзя Яўген Хаткевіч разабраўся даволі хутка — аднаму далі штраф у 40 мільёнаў рублёў, другому — 60 мільёнаў, трэцяму — 61 мільён.

— Яўген Віктаравіч, я з “Народнай Волі”, хацеў бы пагутарыць з вамі, — падышоў я пасля пасяджэння да суддзі на калідоры.

— Ніякіх размоў, — коратка адказаў той і накіраваўся ў кабінет скінуць мантыю.

— Зусім нядаўна вы выносілі рашэнне па справе Дзмітрыя Галко, і хацелася б, каб выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю. Звяртаюся да вас не як да суддзі, — зрабіў я яшчэ адну спробу выклікаць чалавека на шчырасць.

Пасля гэтых слоў Яўген Хаткевіч рэзка павярнуўся да мяне і рубануў:

— Вы рускую мову разумееце? “Не” — гэта азначае “не”.

— А калі будзе дазвол на гутарку ад старшыні суда?

На апошняе пытанне адказу ўжо не было…

Як бачым, у суддзі Яўгена Хаткевіча не хапіла мужнасці, каб патлумачыць журналісту, чаму ён кінуў за краты на 10 сутак вядомага блогера Дзмітрыя Галко. Мне ж хацелася спытаць у яго і наконт таго, чаму для яго прыярытэтнымі з’яўляюцца сведчанні міліцыянераў, а не тых, каго яны прыцягнулі ў суд, а таксама сведак з іх боку. Няўжо Яўгену Хаткевічу не зразумела, што той жа Дзмітрый Галко, як культурны чалавек, ніколі не апусціцца да брыдкаслоўя на вуліцы. Любы сумленны чалавек ведае, што літаральна ўсе справы, звязаныя па гэтым артыкуле з маладымі людзьмі, якія нязгодны з дзеяннямі сённяшніх беларускіх улад, шыты, як кажуць, белымі ніткамі.

Сёння многія суддзі, як і Яўген Хаткевіч, заплюшчваюць на гэта вочы, выносяць, адкрыта скажам, сумніўныя рашэнні, а заўтра будуць скардзіцца ўсяму свету, што іх не пускаюць у Еўропу. Не пускаюць і не будуць пускаць. І не трэба крыўдзіцца, лепш задумайцеся, спадары суддзі, што вы творыце, каму служыце…

Вы, Яўген Хаткевіч, пазбеглі размовы з журналістам “Народнай Волі”. Але ці можна “пазбегнуць размовы” з уласным сумленнем? Калі яно ёсць.

Сяргей ЗАПОЛЬСКІ

У Маскоўскім РУУС правядуць праверку

па факце публікацыі

ў «Народнай Волі»

Кіраўнік упраўлення ўнутраных спраў Маскоўскага раёна сталіцы Алег Шулякоўскі даволі ветліва прыняў мяне ў сваім службовым кабінеце. І абсалютна шчыра прызнаўся ў тым, што… нічога не ведае пра абставіны затрымання журналістаў Дзмітрыя Галко і Аляксандра Ярашэвіча.

З аднаго боку, гэта зразумела. Маскоўскі раён — адзін з самых буйных адміністратыўна-тэрытарыяльных раёнаў сталіцы з чвэрцю мільёна чалавек жыхароў. Падначаленых у кіраўніка РУУС каля 400 чалавек і за кожнага адказаць цяжка.

Тым не менш менавіта начальнік павінен адказваць за работу падначаленых, якімі ён кіруе. Я паклала нумар “Народнай Волі”, у якой Дзмітрый Галко апісаў абставіны свайго затрымання, на стол Алега Шулякоўскага і папрасіла адказаць на пытанні, пастаўленыя ў артыкуле. Чаму ў дзяжурнай часці негуманна абыходзіліся з затрыманымі журналістамі? Чаму адмаўляліся выпускаць людзей у прыбіральню? Чаму не давалі магчымасці паесці ці нават выпіць вады?

Але адказу на гэтыя пытанні не было. Алег Шулякоўскі сказаў, што пакуль што не можа сказаць нічога канкрэтнага, але запэўніў, што па факце публікацыі будзе праведзена праверка. Пры гэтым кіраўнік РУУС не выключыў, што аўтар публікацыі мог сказіць факты, каб паказаць сябе ў лепшым свеце. Я ў сваю чаргу не выключыла, што ў лепшым свеце спрабуюць выставіць сябе міліцыянеры. Па крайняй меры, адказаць канкрэтна на пытанне, колькі чалавек у дзень яны затрымліваюць за нецэнзурную лаянку ў адным з самых вялікіх раёнаў сталіцы і колькі з гэтых затрыманых потым аказваюцца пад адміністратыўным арыштам, начальнік РУУС не здолеў. Ці не захацеў…

Пратакол склаў…

На падставе рапартаў спецназаўцаў Жарскага і Гарошкі пратакол складаў супрацоўнік усё таго ж Маскоўскага РУУС Дзмітрый Новік. Але адшукаць яго аказалася значна цяжэй, чым ягонага начальніка.

Участковы інспектар Новік, як высветлілася, асоба проста няўлоўная. Прычым, якая працуе і за сябе, і за таго хлопца… Так, высветлілася, што, згодна са службовым раскладам, участковы Дзмітрый Новік павінен сачыць за парадкам на тэрыторыі вуліцы Розы Люксембург ад 114 па 178-ы дамы, прычым на цотным баку, а таксама на ўчастку, дзе месцяцца чатыры дамы (№№23,25, 27 і 29) на вуліцы Лермантава і скверык каля вуліцы Карпава. А вось журналістаў затрымалі каля станцыі метро “Міхалова”. Таму, здавалася б, пры чым тут спадар Новік? Можа, доблесны міліцыянер ужо навёў парадак на сваёй тэрыторыі, перамог у барацьбе з правапарушэннямі і з гэтай нагоды прыхапіў чужыя ўчасткі? Так ці не, але хацелася б пачуць адказ з яго ўласных вуснаў.

Паразмаўляць з гэтым пільным супрацоўнікам міліцыі хацелася б і таму, што менавіта ён абвінаваціў затрыманых у дробным хуліганстве. Менавіта ён праявіў усю сваю прафесійную годнасць і склаў пратакол на людзей, якіх затрымалі далёка за межамі тэрыторыі, за якую ён адказвае. Такім чынам, кропка яшчэ не пастаўлена… Па даручэнні рэдакцыі я ўсё ж зраблю ўсё, каб убачыцца з участковым інспектам Дзмітрыем Новікам. Чытачы “Народнай Волі” павінны ведаць, як кажуць, у твар кожнага “героя” гучнай судовай справы.

Любоў ЛУНЁВА


ДЭМАКРАТЫЯ ПА-БЕЛАРУСКУ

Гісторыя першая

Нямы… загаварыў

“Справа Дзмітрыя Галко”, якую “Народная воля” вырашыла раскруціць з усіх бакоў, міжволі навяла на некаторыя ўспаміны. Вы, шаноўныя чытачы, помніце, як 20 снежня 2010 года затрымалі глуханямога, які, па сведчанні міліцыянераў, “выкрыкваў антыдзяржаўныя лозунгі”? Тая гісторыя стала адным з айчынных цудаў, пра якія пісалі не толькі беларускія СМІ.

21 снежня праваабаронцы сталі сведкамі ва ўсіх сэнсах выбітнога судовага працэсу. У суд Цэнтральнага раёна быў дастаўлены грамадзянін Сяргей Антонаў. Згодна з міліцэйскім пратаколам, ён удзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі і выкрыкваў антыдзяржаўныя лозунгі “Жыве Беларусь!”. На пытанне суддзі, ці так усё было, Сяргей Антонаў адказаць не мог. Ён і пытанне не адразу зразумеў. Высветлілася, што Сяргей Антонаў практычна глухі, ён ходзіць з моцным слыхавым апаратам і чуе вельмі дрэнна. Чужую гаворку часткова можа разабраць па вуснах, а калі сам спрабуе гаварыць голасам, то атрымліваецца ціха і вельмі невыразна — як, дарэчы, большасць глухіх.

Праваабаронцы адразу паднялі вэрхал: судзіць нямога чалавека за тое, што выкрыкваў лозунгі, — гэта ж проста здзек з розуму.

І што вы думаеце, можа, суд апраўдаў Сяргея Антонава? Можа, яму выплацілі кампенсацыю за тое, што схапілі, кінулі ў аўтазак, ноч пратрымалі пад арыштам на падставе абсурдных сведчанняў міліцыянераў? І блізка не! Праўда, паколькі справа адтрымала імгненны рэзананс у інтэрнэце і нават выйшла за межы Беларусі, яе накіравалі назад у міліцыю, “на дапрацоўку”. А там ужо, нарэшце, знайшоўся нехта, хто прыняў рашэнне далей не ганьбіць форму.

Сам Сяргей Антонаў увогуле дрэнна разумеў, што адбылося. Ён пісьмова сцвярджаў толькі адно:”Я не мог крычаць”.

Гісторыя другая

Не вер вачам

Яшчэ адна судовая гісторыя, якая ўвойдзе ў аналы беларускай судовай сістэмы, адбылася з былым кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным.

Гэта было ў маі 2010 года, калі Аляксандр Казулін ішоў з суда над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімірам Асіпенкам і Міхаілам Казловым. Ішоў разам з праваабаронцай Раісай Міхайлоўскай. І тут двое ў чорным і з налепкамі “Спецназ” падышлі да яго і ўзялі пад рукі. “Пройдемте!” Сведак гэтага інцыдэнту было шмат, журналісты нават паспелі зафіксаваць на фота, як адбывалася затрыманне і хто затрымліваў.

Назаўтра “Народная Воля” выйшла з фотаздымкамі, на якіх добра відаць твары ўсіх дзеючых асоб. Але на суд з’явіліся зусім іншыя міліцыянеры і засведчылі суддзі Ленінскага раёна Міхаілу Хому: “Затрымалі грамадзяніна Казуліна за тое, што ён лаяўся матам”.

“Не было такога”, — засведчыла Раіса Міхайлоўская.

“Не было такога”, — засведчыў палітык Вячаслаў Сіўчык, які таксама быў сведкам здарэння.

“Я ўвогуле не ведаю гэтых міліцыянераў, яны лжэсведкі, мяне затрымлівалі зусім іншыя людзі, вось самі паглядзіце”, — і Аляксандр Казулін даў суддзі газету з фотаздымкамі свайго затрымання.

Тым не менш рашэнне суда — Казулін вінаваты. Суддзя Міхаіл Хома паверыў паказанням міліцыянераў, якія нават не прысутнічалі пры затрыманні.

Гісторыя трэцяя

Дома сядзеў…

Напярэдадні Дня волі ў 2008 годзе прама ў майстэрню да мастака Алеся Марачкіна ўвалілася група амапаўцаў. Не маючы ніякіях санкцый, фактычна правялі вобшук, забралі расцяжкі і плакаты, падрыхтаваныя да акцыі, самога мастака арыштавалі.

На судзе высветлілася, што Алесь Марачкін, якога затрымалі не ў грамадскім месцы, а ў кватэры-майстэрні (іншымі словамі, чалавек наўпрост сядзеў дома), таксама лаяўся матам. Тым не менш суддзю суда Цэнтральнага раёна Таццяну Паўлючук у гэтай гісторыі нічога не засмуціла і яна накіравала мастака ва ўсё той жа ізалятар на вуліцы Акрэсціна.

І, дарэчы, менавіта там Алесь Марачкін напісаў паэму “Акрэсціна”, якая днямі выйшла ў выдавецтве “Логвінаў”. Вось яе радкі:

Запозна… Ночанька закрэсьлена,

Мяне прывезлі на Акрэсціна.

Прытулак нашай апазіцыі.

Твар да сцяны — мая пазіцыя.

Гатовы я тут жыць і спаць.

Ня гэтак страшна — сутак пяць

Тут есці кашу, баланду…

Ганяць па камеры балду.

Жыццё ня дужа мяне песціла.

О! Гэта “мілае Акрэсціна!”

У іх вачах я брыдкі, гадкі.

Спазнаў Акрэсціна парадкі.

Навокал краты і мянты.

Нарэшце апынуўся ты

У тым “шматзорачным гатэлі”.

Як нас кармілі? Што мы елі?

Як тыя парсюкі ў загоне.

Вусач галоўны, хто на троне,

Баюн РБ, наш дырыжор —

Ў жыцці такога ён ня жор.

От, каб да нас яго сюды!

Хоць бы на тры якіх гады.

Магчыма, і жорсткая канцоўка, але ж трэба зразумець таго ж Алеся Марачкіна, які ні за што апынуўся за кратамі. І не ён збэсціў уладу, яе збэсцілі тыя ж амапаўцы, тая ж суддзя…

Алена НОВІКАВА

Ад рэдакцыі

“Народная Воля” працягне аналізаваць сітуацыю з арыштам нашага пастаяннага аўтара Дзмітрыя Галко нібыта за нецэнзурную лаянку.

Адвакаты, праваабаронцы, юрысты пакуль не знайшлі дзейснага інструмента барацьбы з падобнымі выпадкамі. Па іх словах, інструмент даўно закладзены ў законе. Па законе, міліцыянеры на такіх судах могуць выступаць сведкамі толькі ў выключных выпадках (напрыклад, калі правапарушэнне было здзейснена недзе на пустыры, на якім няма людзей). У тэорыі сведкамі на такіх працэсах павінны быць звычайныя мінакі, якія чулі, бачылі, пацвярджаюць, што мацяршчыннікі сапраўды былі, што міліцыянеры іх спрабавалі супакоіць і арыштавалі толькі пасля таго, як іх папярэджанні не мелі ўплыву. Але ж судовая практыка далёкая ад тэорыі, закон не працуе. Чаму не працуе? Чым тлумачаць гэта “галоўныя героі”? Знайсці адказы на звышвострыя пытанні — такую задачу паставіла перад сабою “Народная Воля”.

З другога боку: як адбіваецца гэта на грамадска-палітычнай сітуацыі краіны? Якія маральныя, псіхалагічныя, эканамічныя страты нясуць пацярпелыя? Хто адкажа за беззаконне, якое творыцца ўжо не першы год? Калі Беларусь стане дэмакратычнай, калі дзяржаўныя асобы будуць паважаць правы чалавека?

Гэтыя і многія іншыя пытанні знаходзяцца ў цэнтры ўвагі “Народнай Волі”. Таму журналісцкае расследаванне будзе мець працяг.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»