Хатынская трагедыя вядамая ўсяму свету, там дзяржаўны мемарыяльны комплекс у памяць пра бязвінна загінуўшых людзях. І туды — на месца былой вёскі, да жалобнага мемарыялу, падноўленага і дагледжанага — едуць людзі з усяго свету: каб пакланіцца ахвярам ваеннай калатнечы, услухацца ў званы памяці, якія бомкаюць не толькі па 149 спаленых хатынцах, але і па ўсіх беларусах, што паўтарылі трагічны іх лёс. Тыя званы адно рэхам адгукаюцца ў Калодзезным, толькі рэхам… А павінны ж былі гучаць — голасам тугі і жальбы — на ўсю капыльскую зямлю, працінаючы душы жывых. Бо прамоўлена: гэта трэба не мёртвым — гэта трэба жывым…

Але пакуль на Калодзезным “могілкавым кладбішчы” поўнае запусценне… Які там мемарыял, калі ў мясцовай улады не знайшлося сродкаў нават… на просценькую агароджу?!. Пра якія Званы памяці можна казаць, калі чыноўнікі зацята валтузяцца з чалавекам, які намерыўся тую памяць увасобіць спракавечна-хрысціянскім — дагледзець апошняе месца спачыну 213 вяскоўцаў, спаленых і забітых 9 лютага 1943 года?!.

Сярод тых 213 ахвяр і родныя Віктара Дашкевіча — бабуля, родныя цёткі, дзядзькі… Пад пахілымі магільнымі плітамі — цэлая вёска: жанчыны, старыя, дзеці… Да вайны Калодзезнае было шматлюдным паселішчам, не тое, што цяпер — некалькі хат-развалюх ды столькі ж пенсіянераў. Толькі на Радуніцу ды 9 лютага — у дзень трагедыі — сюды з’язджаюцца людзі: жменька тых, што ўцалеў у далёкім 43-м ды родзічы, хто яшчэ не страціў памяці і сумлення… Сёлета якраз 70-годдзе з тае трагічнае даты. І гэта, бадай, усё, што мне было вядома перад вандроўкай у Калодзезнае — яно на паўдарозе паміж Капылём і Нясвіжам.

Спыняюся на скрыжаванні шасейкі і адзінай вясковай вуліцы. Якраз у гэтым месцы, пры самай дарозе — помнік салдату-вызваліцелю і… прыстыкаваная да яго мемарыяльная пліта з імёнамі загінуўшых вяскоўцаў. Імгненна працінае думка: якая сувязь паміж воінам-вызваліцелем і трагедыяй колішніх вяскоўцаў? Мусіць жа быць зусім іншая скульптурная выява… Але кірую далей, у напрамку аселіцы — там (па словах Віктара Дашкевіча) пахаваны ягоныя землякі з далёкага 43-га…. У самым канцы вуліцы, за якія дваццаць крокаў ад апошняй хаткі, тыя могілкі. Прыехаў у момант, калі Віктар з купкай маладзёнаў (сябры Беларускага саюза моладзі) прыбіралі хмыз, патрушчаныя паўгнілыя аскепы старога плоту, зносілі ўсё ў “брацкую” кучу, каб потым спаліць ці вывезці куды падалей. Што кінулася ў вочы?

Могілкі на выспе невялікія, але страшэнна запушчаныя, бо ні дарожак-сцяжынак, ні варот, ні брамак, на ладнай агароджы. Да ўсяго яшчэ — і парослыя дзікім кустоўем, а над тым кустоўем — высозныя старыя дрэвы з разлапістымі галінамі, гатовымі — пры добрым ветрадуі — зваліцца проста на надмагіллі. Ад вуліцы яшчэ маецца некалькі прасел у выглядзе зялёнага штакетніку, а па другі бок — поўнае запусценне. Адно мох, рудая леташняя трава і адзінкавыя заімшэлыя слупкі поруч з паваленымі прасламі згніўшай агароджы… Надмагіллі таксама не ў лепшым стане: пахіленыя крыжы, парослыя мохам; паўразваленыя помнікі, надпісы на якіх ледзьве бачны, а то і зусім не чытаюцца… Словам, відовішча яшчэ тое… Але ці ў навіну? У правінцыі, у аддаленых куточках Беларусі — не нашмат лепей… Але адна справа — старыя могілкі памерлых ці паміраючых вёсак, і зусім іншая — могілкі “вогненнай”. Той самай “вогненнай” вёскі, дзе паміралі ўсе і адразу — у страшэнных муках, у агні і дыме… Такіх вёсак — спаленых рукамі карнікаў ды іх памагатымі — на Беларусі як не 160. Няўжо на месцы былых вясковых трагедый (выключаючы са спісу, канечне, Хатынь) — гэткае ж становішча?..

— Не думаю, — кажа Віктар, водзячы мяне па замшэлых могілкавых сцежках, проста такая ў нас мясцовая ўлада — што ў раёне, што ў сельвыканкаме. Колькі і як ні б’юся, каб хаця трохі дапамаглі добраўпарадкаваць гэтае святое месца — безвынікова. Адны адпіскі, тут яны майстры… Скажу болей, мясцовыя ўлады лічаць мяне сваім ворагам… А як жа — вытыркаецца, мае сваю грамадзянскую пазіцыю, значыцца, вораг… Валтузня цягнецца ажно з 2008 года.

— А хто канкрэтна “цягне валынку” з добраўпарадкаваннем?

— Старшыня Вялікараеўскага сельвыканкама спадарыня Зоя Мікалаеўна Бордак. На чарговы мой зварот — дапамагчы спілаваць дрэвы, паставіць агароджу — яна заявіла мне літаральна наступнае (летась яшчэ было): “У меня на этом кладбище никто не похоронен». Вось так. І гэта прадстаўніца ўлады, а тая ўлада нібыта ад народа і для народа… Цяпер нібыта прынята рашэнне далучыць наш Вялікараеўскі сельсавет да Цімкавіцкага. То, можа, цімкавіцкія ўлады неяк парупяцца, не губляю надзеі.. Але пойдзем далей. Дык вось, прыкладна такое ж стаўленне да нашай праблемы і старшыні райвыканкама Анатоля Іосіфавіча Жданені. Звароты-просьбы пісаў, на прыёмы да яго хадзіў, а вынік адзін — нулявы. Усё, што ўдалося выбіць, дык гэта кантэйнер для смецця… Працытую вам чарговую адпіску ад 17 красавіка: Согласно мероприятиям Великораевского сельисполкома ограждения для кладбища не запланировано. В течение года будут проводиться работы по замене отдельных прясел забора, проведут высечку поросли. До 1 мая будет решен вопрос о спиливании деревьев на кладбище”. Канечне, нічога так і не зроблена…. А чаго ўласна чакаць ад улады, якая нават не прысутнічала ў 70-ю гадавіну (у лютым месяцы) на месцы гэтай жудаснай трагедыі? Была Вахта памяці ад моладзі, ад ветэранскай арганізацыі, былі музейшчыкі, мясцовыя людзі. І кветкі ўсклалі да помніка, і свечкі паставілі, і лампадкі запалілі… Але ж не прадстаўнікі сельсавета і райвыканкама, не кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства “Руднае” — быццам і не іх гэта клопат, службовы і грамадзянскі абавязак… Затое “птушачку” ў сваіх справаздачах паставілі, тут ніякага сумнення. Аднойчы патрапіў на прыём да Жданені ды пытаюся ў яго: колькі нам, нашчадкам тых, хто загінуў у полымі, збіраць грошай, каб, значыцца, хапіла на добраўпарадкаванне могілак? А ён і адказвае: не спяшайцеся, можа, і не спатрэбіцца вам нічога збіраць, ды і народ зараз бедны. Навошта, маўляў, калі мясцовая ўлада бярэ ўсё на сябе… Паверыў, нават узрадаваўся. Яшчэ падумаў, дарэмна я адкрываў дабрачынны рахунак, дарэмна турбаваў людзей… і што вы думаеце? Літаральна праз пару-тройку дзён атрымліваю з райвыканкама афіцыйную цыдулу, у якой… усё наадварот, ніякіх канкрэтных мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні. І тады я зноўку іду да старшыні райвыканкама. Той выклікае старшыню райсавета, яшчэ аўтара адпіскі (не сам жа пісаў) і яны разам пачынаюць мне распавядаць пра тое, што не ўсё так проста, што ў раёне шмат вясковых могілак, дзе яшчэ горай, чым у Калодзезным. Дарэмна я ўводзіў чыноўнікам, што ў “вогненнай” — асаблівы статус, асобная гісторыя. Сцяна непаразумення перада мною паўстала. У рэшце рэшт вярнуўся дахаты і напісаў старшыні ліст. У ім і выклаў усё, што думаю пра гэтую ўладу і пра яго асабіста як галоўнага “вертыкальшчыка” у раёне… Не паверыце, да сёння валтузня працягваецца: мы знайшлі прыватнага прадпрымальніка, той вырабіў адмысловую агароджу, а заплаціць тыя няшчасныя 25 мільёнаў няма каму; мы знайшлі гаспадарніка з тэхнікай і той гатовы ўжо быў спілаваць дрэвы, але раптам… даў задні ход. Вядомая справа, умяшалася ўлада і чалавека папросту “прыструнілі”, маўляў, ведай, хто тут камандуе… Усё гэта завецца проста: ставіць палкі ў колы, каб, ведаеце, кожны толькі на выцяжку і без усялякай там ініцыятывы. Але што казаць: рыба гніе з галавы, вось толькі чысцяць яе з хваста…

…Мусіць жа так, пагаджаюся з Віктарам Віктаравічам. Але хай бы тая рыба плавала лепш у чыстай, а не смярдзючай вадзе, тады і не гніла б — ні з галавы, ні з хваста…

Георгій Чыгір.

Фота аўтара.

 

P.S.

Зоя Бордак: “Уся загваздка ў фінансаванні”

Гэты матэрыял рыхтаваўся на самым пачатку мая. Ужо і светлы Дзень Перамогі адзначылі, і памерлых ды загінуўшых продкаў памянулі на Радаўніцу… А што ў Калодзезным, ці ўпарадкавалі могілкі “вогненнай” вёскі, ці парупіліся напярэдадні святых дат?..

Літаральна ўчора тэлефаную Віктару Дашкевічу, а ўслед і старшыні мясцовага сельвыканкама спадарыні Зоі Бордак.

«Яшчэ да Дня Перамогі, не кажучы ўжо пра памінальны дзень, мы, некалькі вяскоўцаў, толькі тым і займаліся, што ўпарадкоўвалі могілкі — расчышчалі ад хмызу, смецця, выграбалі леташняе і пазалеташняе. Цяпер зусім іншы выгляд, але ж гэта  палова з таго, што трэба яшчэ зрабіць”, распавёў вясковец.

А што ж сельскі Савет, райвыканкам? Ці дапамаглі хоць чым?

Па словах Віктара Дашкевіча, не. “ Як было на момант вашага прыезду, гэтак усё і засталося, — запэўніў ён. — Праўда, на 18 мая запланавалі правесці сход жыхароў. Павестка ўсё тая ж — добраўпарадкаванне могілак…”

Званю да Зоі Мікалаеўны Бордак. Тая пацвердзіла, што такі сход сапраўды мае адбыцца.

Чаму ж сельвыканкам і райвыканкам самаўхіліліся ад вырашэння праблемы? — пытаюся ў галавы сельвыканкама.

— Гэта не зусім так, адказвае тая, — уся загваздка ў фінансаванні… Можаце сабе ўявіць: на тэрыторыі сельсавета сем могілак і іх трэба дагледзець, добраўпарадкаваць. А як управіцца, калі бюджэтам раёна на гэтую справу выдаткавана… 20 мільёнаў рублёў. На цэлы год! Каб паставіць новую агароджу толькі ў Калодзезным, спатрэбіцца 26 мільёнаў. А тут на ўвесь раён — толькі 20…

І якое выйсце? –дапытваюся ў “безграшовай” улады.

— Плануем так: 50 працэнтаў ад неабходнай сумы збяруць вяскоўцы, а другую палову дасць раённая ўлада. Таму і збіраем сход, дарэчы, у Калодзезным ужо сабралі 4 мільёны рублёў…”

Пасля такой “аптымістычнай” заявы зрабілася зусім сумна. Ну, сапраўды, што гэта за ўлада, якая ледзь не з працягнутай рукой на цвінтары?! Капылянская “Хатынь” — і на цвінтары з працягнутай рукой… Тут, як кажуць, без каментарыяў…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»