Яшчэ пры жыцці, калі слава Старавойтава лунала над абсягамі не адно Беларусі, але ўсяго СССР, знаным скульптарам Уладзімірам Летуном быў выкананы бронзавы бюст Героя… Меркавалася, што ён будзе ўстаноўлены ў Мышкавічах, дзе Васіль Канстанцінавіч 30 гадоў узначальваў лепшую ў краіне гаспадарку. Ён пераняў “Рассвет” у 1968 годзе ад Кірылы Пракопавіча Арлоўскага — Героя Савецкага Саюза, чалавека-легенды, славутага партызана, а потым і гаспадарніка… Бронзавы бюст Кірылы Арлоўскага, створаны скульптарам М.Рыжаковым і архітэктарам Ю.Казаковым, займае сваё пачэснае месца на цэнтральнай сядзібе “Рассвета”. А дзе ж бронзавая выява Васіля Канстанцінавіча?

На заднім двары, лічы, на сметніку Скульптурнага камбіната ў Мінску. І ўжо шмат гадоў…

Даведаўшыся ад Васіля Якавенкі — вядомага ў краіне літаратара і грамадскага дзеяча — пра такі, даруйце, дзікунскі факт, еду на Смаленскую, у той самы камбінат… І напраўду: сярод гранітнага і мармуровага друзу, у суседстве з паўразваленымі гіпсавымі скульптурамі ды замшэлымі бетоннымі палямі падпірае неба бронзавы бюст яшчэ ўчора жывой легенды…

Толькі аднойчы (на пачатку 1980-х гадоў) мне давялося сустрэцца са Старавойтавым: прыехаў у Мышкавічы, каб пасля напісаць артыкул у часопіс “Бярозка” — пра Арлоўскага, пра “Рассвет”, пра Старавойтава… Даведаўшыся, што публікацыя будзе адрасавана падлеткам, Васіль Канстанцінавіч (на маё здзіўленне) аднёсся да “сталічнай замарочкі” надзвычай сур’ёзна. Але гаварыў не пра сябе і нават не пра дасягненні “Рассвета” — у асноўным пра цікавасць жыць і працаваць на вёсцы. Прычым ніякага ментарскага тону, ніякіх павучанняў і агульшчыны: адно жыццёвыя гісторыі, звязаныя з простымі людзьмі — тымі, хто поруч з ім, хто ад працы на зямлі мае радасць і задавальненне… Ноткі гумару і “дарослай несур’ёзнасці” парадаксальным чынам пасавалі… ягонай суровай знешнасці. Пасля прыйшло разуменне: мудры чалавек застаецца такім і ў адносінах да неапераных малалетак — ім жа доўжыць адвечна-хлебаробскае. А гэтым Старавойтаў быў занепакоены ўжо тады… Памятаю, як моцна ўразіла харызматычная фігура Васіля Канстанцінавіча — што постаццю, што валявым тварам, што голасам. Яшчэ падумалася: калі б на часы Агюста Радэна, то лепшай мадэлі і не знойдзеш…

І вось… на сметніку, сярод друзу… Чаму такое здарылася? Хто не зацікаўлены і чаму, каб бронзавая фігура рассветаўскага героя і пакутніка не ўзвышалася над плошчай у Мышкавічах?.. Пры жыцці ім усцешваліся, ганарыліся, ставілі ў прыклад… Не дзіва — “Рассвет” разам са сваім старшынёй на той час апярэджвалі савецкі час як не на 50 гадоў! Можа, таму “забыліся” на двойчы Героя, што (па словах Васіля Якавенкі) “Васіль Канстанцінавіч належаў да кагорты тых вясковых кіраўнікоў, якім удавалася так ці інакш адваёўваць у партакратыі хоць бы адносную прастору для творчай дзейнасці, і, само сабою, яны дамагаліся адмысловых вытворчых поспехаў не дзякуючы сацыялістычнай сістэме і тым больш калгаснаму ладу жыцця, а насуперак ім. Факт неаспрэчны. Пры ўсім пры тым у гаспадарках амаль не заставалася прасторы для творчай работы на зямлі шараговым сялянам, і адсюль у Старавойтава-мысляра, які сотню разоў усё перабраў у думках, абмазгаваў, з’явілася акрэсленая і горкая, як вырак, выснова: “Няма той сілы, якая б прымусіла калгасніка працаваць дбайна і ў поўную сілу”. Не сакрэт жа, тая самая адмысловая сіла палягала ў іншай сістэме каардынат — у прыватнай уласнасці на зямлю, у прыцягненні зямлі, ад якой селяніна нахабна і груба адарвалі. У цэлым вынішчэнне сялянства як класа — вялікае злачынства былой таталітарнай сістэмы, і Старавойтаву тое злачынства, як нікому, яскрава адкрылася…

З прыходам “гарбачоўскай эры” з’явілася, нарэшце, магчымасць нешта памяняць — паставіць сельгасвытворчасць і сам сялянскі лад жыцця з галавы на ногі. І былі адпаведныя захады з боку Васіля Канстанцінавіча ў гэтым кірунку. Але што атрымалася?..

У кастрычніку 1997 года ён быў адхілены ад працы і абвінавачаны ў перавышэнні сваіх паўнамоцтваў. Старавойтаву “прышылі” эканамічныя злачынствы, хабар і нават арганізацыю забойства нейкага Мікалуцкага… Павеяла сталінскім халадком: як ёсць чалавек, дык артыкул знойдзецца… Усе разумелі: арышт Старавойтава звязаны не столькі з ягонай працай, колькі з тым, што ён публічна (такі ўжо характар) выказаўся з крытыкай на адрас Аляксандра Лукашэнкі і не падтрымаў ягоную кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах.

Скончылася ўсё тым, што двойчы Героя прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі строгага рэжыму і канфіскацыяй маёмасці. Працэс па справе набыў шырокі розгалас не толькі ў нашай, але і ў расійскай і далёказамежнай прэсе.

У калоніі Васіль Канстанцінавіч перанёс два сардэчныя прыступы, мікраінсульт, амаль страціў зрок… І ўсё гэта выпала на долю чалавека, які ўсяго сябе цалкам аддаў земляробчай справе, росквіту роднай зямлі, свайму “Рассвету”, людзям… “Чалавекам, які апярэджваў свой час” назаве потым Старавойтава ганаровы старшыня АГП, былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.

Усё гэта ў мінулым. Цяпер вернемся да асноўнага на дадзены момант: каму смыліць бронзавы Старавойтаў?.. Ці збіраюцца ўстанавіць бюст Старавойтава ў Мышкавічах?

Тэлефаную ў Кіраўскі райвыканкам і трапляю (трэба ж!) акурат на намесніка старшыні, якая не толькі ажыццяўляе развіццё сацыяльна-культурнага комплексу, але і каардынуе дзейнасць сельвыканкамаў — значыцца, спецыяліст па ідэалогіі. Вольга Усеваладаўна Гаршкова як быццам чакала званка — так узрадавалася, пачуўшы пра што ідзе гаворка! Аказалася, што ёй дадзена даручэнне ад больш высокага начальства (трэба разумець, ад старшыні райвыканкама, а мо і вышэй) знайсці бюст Героя. Сказала, што мясцовыя ўлады, роўна як і рассветаўцы, абавязкова выканаюць сыноўні доўг, установяць бронзавую выяву славутага земляка — ці то побач з пастаментам першага старшыні Кірылы Пракопавіча Арлоўскага ў цэнтры Мышкавічаў, ці то на самой магіле Васіля Канстанцінавіча. Але во праблема: ні ў архівах райвыканкама, ні ў архіўных сховах Магілёўскага аблвыканкама яна пакуль нічога не выявіла… Не дзіва — гэтулькі часу прайшло. Але ж, думаю, у сапраўдных гаспадароў нічога так не прападае. Выходзіць, трэба шукаць! Па словах Вольгі Усеваладаўны, ім нічога не вядома пра тое, дзе адлівалі бронзавы бюст, хто выконваў заказ, хто аплачваў яго. І, само сабою, яны не ў курсе, які скульптар спрычыніўся да стварэння бронзавага Старавойтава. Не ведаюць яны і дзе знаходзіцца той бюст… Прыйшлося тлумачыць, дзе “сякера пад лавай” — амаль у цэнтры сталіцы, па адрасе: вул. Смаленская, 52А, Скульптурны камбінат. Калі што — сам падвязу, праводжу, пакажу…

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»