А ці могуць беларускія эколагі сёння атрымліваць інфармацыю аб праектах, якія аказваюць непасрэдны ўплыў на жыццё грамадзян?

Ці лягчэй нам ад таго, што Беларусь яшчэ ў 2000 годзе ратыфікавала Орхускую канвенцыю? Ці змянілася нешта ад таго, што дэлегаты нарады краін — удзельніц канвенцыі, якая адбылася ў Кішынёве ў 2011 годзе, прыйшлі да высновы, што Беларусь не праводзіць кансультацый з грамадскасцю і не інфармуе насельніцтва аб двух праектах, якія акажуць вялікі ўплыў на навакольнае асяроддзе: будаўніцтва ГЭС на Нёмане і АЭС у Астраўцы?

Мінула 27 гадоў пасля катастрофы, а ўрокі Чарнобыля ў Беларусі дагэтуль не засвоены. Можа, па гэтай прычыне ў краіне сёння цяжка  знайсці сям’ю, якая б не сутыкнулася са смерцю кагосьці са сваякоў ад раку? А колькі яшчэ іншых хвароб маюць нашы суайчыннікі з-за таго, што ўжываюць прадукты з радыенуклідамі?

У мяне ўсё не выходзіць з галавы адна паездка на маршрутцы ў Бараўляны. Маладая жанчына разгаварылася з суседкай насупраць. Парык і намаляваныя бровы выдавалі ў суседцы пацыентку РНПЦ анкалогіі. Маладая жанчына спытала, ці доўга ехаць, сказала, што першы раз ды і ў Мінску толькі другі раз у жыцці.

Тая сказала: “А вам прызначылі?” “Не, у мяне там сын ляжыць. Нядаўна яго сюды прывезлі”. Памаўчала хвілінку і прадоўжыла: “Я сама ў вёсцы жыву. Замуж рана пайшла. У 19 гадоў хлопчыка свайго нарадзіла. Вось ён пайшоў служыць у войска… І паўгода не праслужыў, як мне пазванілі з часці, што ён захварэў. Нейкія там аналізы зрабілі і ў анкалогію накіравалі яго, а адтуль сюды, у Бараўляны.  Не магла ні есці , ні спаць. Усё думала: як гэта магло здарыцца, што ў майго сыночка рак?  Але сёння такая радасць!  Мне сказалі, што ў яго саркома нейкая. Ведаеце, адразу ад сэрца адлягло”. Усе замерлі на сваіх месцах. Ніхто не сказаў ні слова. Мужчына адвярнуўся ад акна, стаў церці вока, нібы туды нешта трапіла… Маладая маці не заўважыла перамену. Было відаць, што яна ў добрым настроі ад хуткай сустрэчы са сваім сынам — адна сумка стаяла на падлозе маршруткі, другую, з якой ішоў пах ежы, жанчына трымала на каленях.

Колькі ж яшчэ такіх матулек, дачок, унукаў можна сустрэць штодня на шляху да розных анкалагічных шпіталяў? А колькі яшчэ сустрэнем?..

АКЦЫЯ

“Не — будаўніцтву АЭС у Астраўцы!”

Пад такім лозунгам пройдзе сённяшні “Чарнобыльскі Шлях”.

Каб не дапусціць будаўніцтва атамнай электрастанцыі, у Беларусі літаральна днямі стварылі Нацыянальны экалагічны камітэт. Ён будзе каардынаваць збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС. Падчас акцыі людзі змогуць унесці нейкія сродкі для анкалагічна хворых дзяцей. Пазней грошы будуць перададзены ў адзін з дзіцячых анкалагічных цэнтраў краіны. У “Чарнобыльскім Шляху” возьмуць удзел вядомыя ў краіне грамадскія дзеячы, палітыкі, пісьменнікі, мастакі.

Шэсце пройдзе “маршрутам “Дня волі”: пачнецца ў 18:30 ля кінатэатра “Кастрычнік” і скончыцца мітынгам на плошчы Бангалор, яно дазволена гарадскімі ўладамі.. “Народная Воля” будзе весці онлайн з акцыі.



Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»