Гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў 1986 годзе, калі мама Вольгі Ніна Іванюк прыйшла ў аддзел кадраў фабрыкі імя Крупскай. Была шчаслівая ад таго, што ўладкавалася на працу ды яшчэ і пакой атрымала ў інтэрнаце ў самым цэнтры сталіцы, на скрыжаванні Беламорскай і Кульман, каля Камароўскага рынку. Работа падабалася, Ніна старалася працаваць, хаця заробкі былі не надта і вялікія. Неўзабаве выйшла замуж, нарадзіла ў 1990-м першую дачку, у наступным годзе —  другую. Але тут адбыліся памятныя падзеі… Заробкі засталіся мізэрнымі, нават калі прадпрыемства стала называцца “Элема”. Муж у камандзіроўках, усё шукаў, дзе б падзарабіць грошай на сям’ю. Усё часцей гучалі папрокі, адбываліся разлады…

Ніна прыгадвае: “З мужам мы развяліся. Ну, не бачылі ніякага выйсця. Усе ў адным пакоі, грошай толькі каб на ежу хапіла. Я засталася па сутнасці адна з дзецьмі. Дапамагчы не было каму. Я ж сюды прыехала з Расіі. Мая маці — беларуска, яна ўсё марыла вярнуцца на радзіму, а атрымалася гэта толькі ў мяне. Ніколі аб гэтым не пашкадавала. Але дочкі падрасталі, а мы ўсе ў адным пакоі… Разумееце, якія б ні былі адносіны паміж людзьмі, аднак гэта невыносна. Трэба, каб у кожнага быў хоць нейкі кавалак асабістай прасторы. Мы стаялі на чарзе ў выканкаме, але толку з таго… Старэйшая выйшла замуж, выпісалася і сышла да мужа. Яны жывуць разам з яго бацькамі. А вось у малодшай дачкі жыццё не складваецца — сустракалася з хлопцам, усё было нармальна. Потым яна зацяжарыла, нарадзіла дзяўчынку, але хлопец на ёй не жаніўся. Вось мы засталіся зноў утраіх у адным пакоі — я, Вольга і ўнучка Нэла. Перспектывы ніякай. Я з адчаю ў 2010 годзе ўзяла крэдыт у банку, каб пабудаваць аднапакаёвую кватэру і сысці. Калі б ведала, што будзе той крызіс і што так прыцісне, то, канешне, ніколі б не пайшла на гэта. Быў момант, калі трэба было тэрмінова ўнесці 6 мільёнаў рублёў. Я пайшла ў адміністрацыю і папрасіла, каб мне выдалі такую суму. Вось так яны і даведаліся, што я будую кватэру. Заробак у мяне каля 2 мільёнаў. Як крэдыт аддаваць? Я звольнілася і пачала круціцца на трох работах. Тут і пачалося… Адміністрацыя “Элемы” запатрабавала, каб Вольга з унучкай выселіліся з пакою. Аднапакаёўка мая без падлогі, без электраправодкі, голыя сцены і ўсё. А грошы ўсе ідуць толькі на тое, кабд аддаць крэдыт…”

Размову перарваў стук у дзверы. Гэта прыйшла сяброўка Ніны Наталля Гарачка. Яна села на канапу. Да бабулі на рукі ўзлезла двухгадовая Нэла і працягнула маме мабільны з мульцікамі. Наталля адразу ўключылася ў размову:

Ведаеце, якая сітуацыя атрымліваецца: адміністрацыя “Элемы” спасылаецца на тое, што Ніна выпісалася, а Вольга не працуе на прадпрыемстве. А Вольга, дарэчы, зараз знаходзіцца ў дэкрэце. Яна спрабавала туды ўладкавацца, але яе не бяруць, бо яны хочуць любымі сродкамі вызваліць гэтае памяшканне. Каб пераканацца ў гэтым, я пазваніла ў аддзел кадраў і спытала, ці могуць яны мяне ўзяць на працу. Сказала, што маю спецыяльнасць мадэльера-канструктара, але даўно не працавала па прафесіі і хацела б уладкавацца звычайнай швачкай. Яны сказалі, што возьмуць, бо ў іх шмат вакансій. Я адразу званю Ніне, крычу: “Хутчэй скажы Вользе, няхай бяжыць у аддзел кадраў і ўладкоўваецца…”

Вольга замахала рукамі:

Я прыйшла да іх, а яны спыталі маё прозвішча і адразу: “А-а, Іванюк. Не, у нас для вас няма ніякай работы. Увогуле ніякай”. Гэта пры тым, што ў іх такая цякучка. На камерцыйных прадпрыемствах плацяць у разы болей. Вось падалі на нас у суд…

Паўстае пытанне: дзе былі прадстаўнікі органаў апекі, якія павінны сачыць, каб захоўваліся інтарэсы дзіцяці? Бабуля маленькай Нэлі не можа схаваць свайго абурэння:

— Прыйшла дама з апекі і адразу на судзе заявіла, што цалкам падтрымлівае пазоў “Элемы”. Пасля таго як раённы суд пастанавіў выселіць усіх разам з дзіцём, Вольга спытала ў яе: “А куды ж мне дзець дзіця?” А тая ў адказ: “А вы аддайце яе ў дзіцячы дом. Потым, калі знойдзеце жыллё і ўладкуецеся на працу, то зможаце яе забраць”. Вось табе і апека… Юрысты нам патлумачылі, што не могуць з інтэрната, дзе мая дачка прапісана ад самага нараджэння, выселіць яе разам з непаўналетнім на вуліцу. Закон жа ніхто не адмяняў. Чаму ж суд у такой сітуацыі стаў на бок прадпрыемства?

Наталля Гарачка патлумачыла:

Тут жа ходзяць чуткі пра тое, што наш інтэрнат могуць купіць расійцы. Вунь два дамы пабудавалі з “ушчыльненнем”, а  чатырохпавярховы інтэрнат столькі каштоўнага месца займае паміж імі. Пабудуюць “элітку” на гэтым месцы. Але ж спачатку трэба людзей неяк рассяліць. Магчыма, для гэтага і “падчышчаюць” непатрэбных.

Юрыст “Элемы” Людміла Партон:

У нас інтэрнат для адзінокіх, а не сямейны. Але калі ў нашых супрацоўнікаў нараджаюцца дзеці, то, згодна з Грамадзянскім кодэксам, яны могуць жыць да 14 гадоў з адным з бацькоў. Таму, калі ў Іванюк нарадзіліся дочкі, то іх прапісалі… Калі ж яна пабудавала сабе кватэру аднапакаёвую… Дарэчы, мы ж ёй дапамагалі яе будаваць. Далі ёй крэдыт на 6 мільёнаў рублёў, а яна жыве ў інтэрнаце. У яе дачкі адна мэта — пабудаваць сабе кватэру па льготным крэдыце. Але ў яе на гэта няма ніякага права, бо яна ў нас ніколі не працавала, а пражываць магла толькі да 14-гадовага ўзросту… Яе мама пабудавала кватэру, дык няхай яна ідзе са сваёй мамай і там жыве.

Пакінем на сумленні юрыста трактоўку заканадаўства і тыя словы, што жанчыне, якая амаль 30 гадоў адпрацавала на прадпрыемстве, дапамаглі пабудаваць кватэру, выплацілі страшэнную суму — 6 мільёнаў рублёў. Мы не ведаем, чаму раённы суд праігнараваў заканадаўчыя нормы і пастанавіў выселіць маладую маці з дзіцём на вуліцу, не ведаем, чаму прадстаўнік органа апекі заняла такую пазіцыю. Як бы там ні было, але гісторыя гэтая магла скончыцца значна горш, калі б Мінскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле.

Здавалася б, маладой маці больш нічога не пагражае. Але вось днямі з’явілася пастанова Саўміна з доўгай назвай “Аб зацвярджэнні Палажэння аб інтэрнатах і тыпавога дагавора найму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнаце і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета міністраў». Яна дазваляе цяпер высяляць “на вуліцу” тых, хто звольніўся з прадпрыемства, нават з малалетнімі дзецьмі. Калі ж адміністрацыя прадпрыемства дазволіць пражываць у інтэрнаце, то “шчасліўцы” павінны будуць плаціць за капрамонт.

Новы дакумент, які прыйшоў на змену ранейшаму (які дзейнічаў ад 15 верасня 1999 года), змяніў парадак  высялення наймальнікаў і членаў іх сем’яў з інтэрнатаў. Раней чалавек, які адпрацаваў на прадпрыемстве 10 гадоў, меў права карыстацца гэтым жылым памяшканнем, яго нельга было выселіць без прадастаўлення іншага жылля. Зараз усе асобы без выключэння, у тым ліку з дзецьмі, будуць падлягаць высяленню пасля спынення працоўных адносін. Няцяжка здагадацца, якую пазіцыю зойме адміністрацыя “Элемы” ў дачыненні да Вольгі Іванюк і яе маленькай дачкі. Хоць ім так хочацца мець дах над галавой.


Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»