Пачалася яна, можна сказаць, класічна — у чатыры гадзіны раніцы… Красавіцкі досвітак не чэрвеньскі: цемень — хоць вока выкалі… Пад покрывам ночкі ва ўрочышча Рублёўскае (аселіца вёскі Вялікае Малешава) падкацілі два грузавікі, набітыя міліцыянтамі, ды яшчэ адзін з супрацоўнікамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Не бавячы дарма час, службоўцы кінуліся выконваць загад начальства — раскідваць цяпліцу спадарыні Краўцовай…

Вялікамалешаўцы хоць і працавіты, упраўны народ, але ж не настолькі, каб сярод ночы шчыраваць у тых цяпліцах — праспалі, карацей… А сёмай гадзіне вестка пра “аблаву” дакацілася да людзей: кінуліся ратаваць краўцоўскую халабуду, але дзе там — нападнікаў і след прастыў. Адно пабачылі — голы цяплічны дах ды вывернутыя слупы, зваленыя ў кучу. Павохкалі, паразводзілі рукамі, паспачувалі гаспадарам і сталі разыходзіцца. Што тут скажаш: гора-бяда для шматдзетнай сям’і, але ж “начное ліха” можа абрынуцца і на іншых. Мясцовая ўлада такім макарам, значыцца, вырашыла навесці парадак у зямельным пытанні… Хай бы і так, але ж не ўвесну — калі расада падышла і ўжо час парадкаваць яе ў цяпліцы. Чаму не сталі праводзіць сваю “рэформу” з восені, а як ужо закапаны слупы, накрытыя дахі?.. Цяпер, каб і хацеў перанесці цяпліцу ў іншае месца, то запозна: веснавое разводдзе, гразка, вады па калена — не падступішся… Па вяртанні з поля раз’юшаныя месцічы сталі тэлефанаваць у Мінск — у рэдакцыю “Народнай Волі”. Так і так, маўляў, поўнае дзікунства: як не дасцё рады, то хоць раскажыце людзям, што ў нас тут творыцца… Тэлефанавалі непасрэдна мне, паколькі днямі асабіста прысутнічаў на вясковым сходзе ў Альшанах, дзе і разглядалася (апроч усяго іншага) самае набалелае для месцічаў — зямельнае — пытанне. А 9 красавіка ў газеце з’явіўся ўжо і мой артыкул пад назвай “А дзе ж той выхад? Дзе збавенне…” Каб чытачу было ўцямна, што да чаго, выкажу фабулу напісанага: у дзвюх вёсках — Альшанах і Вялікім Малешаве — амаль дзесяць тысяч жыхароў. І практычна ўсе займаюцца вырошчваннем гародніны — пераважна агуркоў. З таго і жывуць, прычым няблага. Але во праблема: народу ў вёсках прыбаўляецца (што ні сям’я, то шматдзетная), і зямелькі на ўсіх перастала хапаць. Грамадскі сектар (СВК) сітуацыю ніяк не выратоўвае, бо ў былым калгасе занята толькі 200 чалавек. Раённае начальства гарою за той СВК, але што рабіць тым, хто фактычна беспрацоўны? На сходзе адзін такі шматдзетнік устаў ды і выдаў старшыні райвыканкама Пратасавіцкаму тое, што ўжо зрабілася болем для ўсіх. “Вось вы стаіце на абароне грамадскага сектара, — казаў ён, — а я вам задаю прамое пытанне: ці ведаеце вы, колькі працаздольнага насельніцтва ў нашым Вялікім Малешаве? 970 чалавек… А колькі працуе ў СВК? Усяго толькі 200, і вакансій — ніякіх… Адкажыце: куды падзецца 670 працаздольным мужчынам і жанчынам? Як ім жыць, з чаго?..”

Сход той нічога істотнага ў плане землеўпарадкавання так і не вырашыў, затое “вертыкаль” — па ўсім — вырашыла дзейнічаць рашуча і бескампрамісна: ніякіх выключэнняў і паблажак — ні для шматдзетных, ні для астатніх! І вось гэты званок абураных людзей… На другім канцы тэлефоннай лініі Ганна Краўцова і Анатоль Флар’яновіч. Пачаргова задаю ім пытанні, найперш пра “міліцэйскі” рэйд.

Ці ўпершыню такое, чаму менавіта ноччу здзейснены разбуральніцкі акт?

Ганна Краўцова:

— Не, гэта ўжо другі раз… А 10 красавіка быў першы: я паехала ў Брэст, каб патрапіць на прыём да “губернатара”, а мясцовая ўлада была ў курсе. Падцікавалі момант ды і прыслалі міліцыянтаў з эмэнэснікамі. Сталі тыя зносіць маю цяпліцу… Але аднавяскоўцы кінуліся ратаваць — сталі грудзьмі на абарону… Той раз аблаву ўчынілі з бензапіламі, цяпер без іх. Праўда, зараз ужо пакінулі нас з носам — разбурылі і дах, і слупы павырывалі…

Анатоль Флар’яновіч:

— Чаму менавіта ноччу? А ўсе брыдкія справы робяцца па начах… Мусіць, збаяліся людскога гневу, то і вырашылі схітраваць — каб ніхто не бачыў, каб усё шыта-крыта. Можаце сабе ўявіць: 30 міліцыянтаў ды яшчэ 12 ці мо 15 эмэнэснікаў… Ну проста спецаперацыя, ці як гэта назваць — нават не ведаю…”

Ганна Іванаўна, а хто першым згледзеў ды паведаміў вяскоўцам пра міліцэйскую аперацыю?

— Ды мясцовы чалавек — Мікалай Кардаш. Ён ранічкай паехаў да сваёй цяпліцы — недзе а сёмай раніцы — і ўсё ўбачыў. Пасля адзін чалавек з Жыткавічаў расказаў, што ўначы ехаў узбоч і ў святле фараў бачыў, як руйнавалі цяпліцы. Кардаш, канечне, адразу і паведаміў людзям. У палове восьмай мы кінуліся ва ўрочышча, а там ужо нікога — толькі слупы паскіданы ў кучу. На развілцы дарогі міліцыянты пакінулі адно даішны пост, то з вёскі і не прапускалі ва ўрочышча ніводную машыну. Пасля і яны з’ехалі…

— А колькі зямлі займае ваша цяпліца? І калі вы занялі тыя соткі? Каму ўвогуле належыць замля ва ўрочышчы Рублёўскае?..

— 12 сотак… Недзе ў студзені пачалі з мужам абсталёўваць цяпліцу. А чаму так? Доўга дабівалася, каб мне выдзелілі надзел пад цяпліцу, але ўсё безвынікова. Маўляў, няма ў наяўнасці ніякіх участкаў, і выдзеліць мне нічога не могуць. Але ж па законе мая сям’я мае права на 90 сотак зямлі. На сённяшні дзень не хапае 16 сотак. Я прасіла: хай меней, але каб больш-менш прыдатная для цяпліцы зямля, а не абы які пустэльнік. Кажуць — незаконна, кажуць — зямля належыць СВК… А як мне карміць дзяцей, з чаго жыць — нікому ніякай справы. То і заняла: думаю, укапаю хоць слупы, а  далей буду дамагацца тае зямелькі. Колькі разоў звярталася ў Брэсцкі аблвыканкам, каб патрапіць да спадара Сумара, — безвынікова. А ягоны намеснік па зямельных пытаннях Якаў Адамавіч Бухавіцкі спачатку даслаў адпіску, маўляў, вам прапаноўвалі іншы ўчастак, а тут вам не могуць выдзеліць. Тады паехала на прыём і стала прасіць: ну хаця б — як выключэнне — выдзеліце ў часовае карыстанне тыя 12 сотак. Адказ наступны: я такімі паўнамоцтвамі не валодаю… Ды яшчэ ўшчувае: вас ніхто не крыўдзіць — гэта вы пайшлі супраць усіх…

Памятаю, на сходзе вы палемізавалі са старшынёй райвыканкама… То, можа, і напраўду супрацьпаставілі сябе ўладзе?

— Я проста б’юся, як і ўсе астатнія вяскоўцы, за кавалак зямлі, бо яна — крыніца хоць якога дабрабыту. Вось і ўсё. Канечне, ім не падабаецца, калі хто адкрые рот, высунецца і заявіць пра свае правы. Але што застаецца, як не гэта? Перад 8 Сакавіка шматдзетным мацяркам у буфеце райвыканкама наладзілі свята, уручалі — у тым ліку і мне — ордэн Маці. Усё было хораша, прыгожа… А пасля і кажуць: можа, у каго якія праблемы, цяжкасці, то не саромейцеся, кажыце… Маўчаць. І тады я папрасіла слова. Кажу: вось на ўзроўні Прэзідэнта клапоцяцца пра шматдзетныя сем’і, апякуюцца пра дэмаграфію — гэта добра. Шкада толькі, што на мясцовым узроўні — анякага клопату. І распавяла пра сваю праблему… Тое цяпер і адгукаецца, а як жа — праўда вочы коле…

Мы размаўлялі яшчэ нейкі час… І можна было б унікаць у дэталі, нюансы “зямельнай справы” ў агурковым краі, але і без таго зразумела: просты вясковы чалавек і мясцовая ўлада — па розныя бакі зямельнай барыкады…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»