А дзе ж той выхад? дзе збавенне

З няволі цяжкай, з паланення?

Адзін ён ёсць: зямля, зямля,

Свой пэўны кут, свая ралля:

То — наймацнейшая аснова…

Дык што паклікала ў няблізкі свет, у “агурковую сталіцу” Беларусі, апетую рознымі СМІ? Паклікалі месцічы на вясковы сход… То чаму і не паехаць і не падзівіцца на зямны рай: там жа “людыны” — у Альшанах і Вялікім Малешаве  — пачуваюцца заможна і сытна, у суладдзі з верай хрысціянскаю, з традыцыямі продкаў. Якраз на Століншчыне — паміж пустак-балот беларускай зямлі — захавана (як нідзе!) сапраўдная пяшчота і ласка да зямлі-карміцелькі, крэўная адданасць ёй “да магілы”… Паўсюль (які рэгіён ні вазьмі, нават усю астатнюю Брэстчыну) вёскі паміраюць ці ўжо аддалі Богу душу, а тут — нібыта Эдэм: закладваюцца новыя сады, цяпліцы-парнікі, узводзяцца сядзібы на ўзор еўрапейскіх; тут штогадова нараджаецца столькі маладых сямей і дзетак, што “дэмаграфічны мінус” краіны пачынае хістацца. Толькі ў вёсцы Альшаны больш за восем тысяч жыхароў, ды яшчэ ў Вялікім Малешаве — блізу дзвюх тысяч… Але самае кідкае нават не гэта: малешава-альшанскія сягнулі ўперад не толькі і не столькі ў багацці, колькі… у самапавазе, у годнасці сваёй, самадастатковасці. Некалі продкі цяперашніх вяскоўцаў казалі пра сябе няйначай як “палешукі мы, а не людзі…”, а цяпер нашчадкі іх могуць даць фору тым, што жывуць у прысталічнай вобласці: не хаваюць праўду-матку ў кішэнях, не саромеюцца выказаць яе “вертыкальшчыкам” любога ўзроўню, гнуць сваё права на зямлю і ўласнае гаспадарства. І пры гэтым — ніякай зласлівасці ці непрымірымасці да апанентаў, наадварот — імкненне паразумецца, дасягнуць разумнага кансэнсусу. Увогуле — мо на генным узроўні —  у тутэйшага жыхарства захавана не толькі зайздросная працавітасць, але і першародная людскасць, якая часам праяўляецца… у святой наіўнасці і даверлівасці. Вялікамалешаўскага ці альшанскага гаспадара-ўласніка нельга застрашыць, ні тым больш сагнуць у рог, затое можна… абдурыць. І тым умела карыстаюцца начальнікі — што мясцовыя, што губернскія, што на самым версе…

Як “пагутарылі” з прэзідэнтам

Летась у “агурковую Меку” — у самыя Альшаны — прыбыў на сваім “гелікоптара” сам Лукашэнка. Відаць, наспела, бо ў самай вялікай беларускай вёсцы Альшаны амаль 80% жыхароў… беспрацоўныя. Але — во дзіва! — жывуць лепш за цяперашніх “калгаснікаў” — такая, разумееш, загагуліна… Канечне, дзіва, канечне, трэба ва ўсім разабрацца: выслухаць тутэйшы народ, скіраваць энергію мас у правільным кірунку і ўсё такое. Памагчы, да прыкладу, мясцовым фермерам, розным іншым землеўласнікам. Першай асобе стала вядома, бачыце, што мясцовых таваравытворцаў крыўдзяць… расійскія аптавікі. На тую сустрэчу дужа спадзяваліся не толькі фермеры, але і зусім дробны люд, тыя, хто займаецца вырошчваннем агародніны на прысядзібных участках ды розных “цяплічных выселках”. З таго і жывуць месцічы… Агуркамі, капустай, памідорамі тут займаліся яшчэ пры камуністычных Саветах, дармо што была забарона на продаж уласнай прадукцыі. А як рэжым ляснуўся, то палягчэла — усе адразу разбегліся з таго калгаса: хто (як браты Грыбы) пайшоў у фермеры, а хто “легалізаваў” сямейны агурковы бізнес… Прыватная ініцыятыва, прадпрымальнасць учарашніх калгаснікаў так папёрлі, што сюды пачалі з’язджацца на работу з іншых месцаў — з Жыткавічаў, Пінска, Століна, нават з Украіны… А “зялёная” прадукцыя альшанцаў-малешаўцаў запаланіла Маскву, Санкт-Пецярбург, Бранск, Мурманск і іншыя гарады.

Натуральна, людзі сталі жыць, а не выжываць… Цяпер ужо сталі думаць, як пашырыць сваё гаспадаранне, выходзіць на новы ўзровень. Але ўсё ўпёрлася ў зямлю, якой стала не хапаць ні фермерам, ні шараговым вяскоўцам-агароднікам. Месцічы і хацелі распавесці кіраўніку дзяржавы пра свой клопат, праблемы ды планы. Іван Васільевіч Грыб, да прыкладу,  меўся паведаміць пра “мёртвыя” калгасы (СВК), якія неэфектыўна распараджаюцца зямлёю вакол Альшанаў. Людзі збіраліся прасіць Лукашэнку, каб гэтую зямлю перадалі ім. Але што атрымалася? Падчас візіту першага дзяржаўніка гэных самых “піянераў”-фермераў Століншчыны… зачынілі пад аховай у мясцовай кавярні, літаральна за якія 70 крокаў ад вінтакрылай машыны… Вось як абмаляваў пасля тую “сустрэчу” сам Іван Грыб:

“Нам не далі з прэзідэнтам пагутарыць. Не далі мясцовыя ўлады, бо баяліся, што фермеры будуць зямлю для сябе прасіць… Нас падманулі. Настолькі падманулі, што ажно шкода. Завезлі на наш рынак, загадалі прыбраць усе плакаты. Увогуле ўсё прыбраць. А пасля завялі ў кафэ і кажуць: як прэзідэнт прыляціць, то мы вас паклічам. Паставілі пяць ахоўнікаў ля дзвярэй. І ўсё. Прэзідэнт сеў, пачалася сустрэча. А мы, як дурні, чакаем. Чакаем, што паклічуць нас, бо не хочам ісці нахрапам”.

Так і не дачакаліся аўдыенцыі, затое ўлетку прыехаў да палешукоў тагачасны кіраўнік лукашэнкаўскай Адміністрацыі Уладзімір Макей — па даручэнні Самога. Замест адведзеных дзвюх гадзін ледзь не чатыры ўнікаў у праблемы альшанцаў ды вялікамалешаўцаў, выслухваў “хадакоў”. Якія толькі пытанні не разглядаліся: добраўпарадкаванне вуліц, газаправод, пабудова школы, развіццё аграгарадка. Як быццам усё гэта не ў кампетэнцыі мясцовай улады. Зачапілі ўрэшце і галоўнае — зямельнае пытанне…

“Прэзідэнт у курсе вашых праблем, заўважыў тады Уладзімір Макей.  — У іншай краіне з вамі так бы не размаўлялі, а прапанавалі заплаціць за зямлю вялікую суму. Неабходна знайсці кансэнсус. Адназначна, што забіраць зямлю ў СВК, які нядрэнна працуе і падтрымлівае вяскоўцаў, ніхто не будзе”.

Кіраўнік Адміністрацыі нагадаў, аднак, што неабходна зрабіць-такі  поўную інвентарызацыю зямель, скласці дакладныя схемы, каб людзі ведалі, якія ёсць магчымасці. Такая прапанова, маўляў, будзе ўнесена на разгляд Лукашэнкі. І ўсе гэтыя праблемы павінны быць вырашаны да восені, калі, магчыма, прэзідэнт зноўку наведаецца ў Альшаны…

Мінула восень і зіма — кансэнсусу няма

Перад тым як з грамадою ўліцца ў “сход”, гутару з мясцовымі: ніхто не тушуецца, на кантакт ідуць лёгка, кажуць тое, што набалела. Абсалютную большасць турбуе адно: калі нарэшце “разрулююць” зямельнае пытанне?.. Падчас імправізаванага бліц-апытання лаўлю сябе на думцы, што Альшаны і аселіца — можа, адзіная ў краіне выспачка, дзе зямля для людзей усё яшчэ не падчарка. Паўсюль жа пануе іншае: былі калгасы, саўгасы, цяпер СВК, а сутнасць адна — зямелька на ўслужэнні не тых, хто яе абрабляе, а тых, хто рулюе з райвыканкамаў. Раней шчыравалі за працадні-палачкі, цяпер — за мізэрную зарплату. То хіба знойдзецца дурань, які стане выкладвацца на поўную катушку? Няма дурных…

Палешукі першымі адчулі-скемілі яшчэ на пачатку 1990-х, што іх дабрабыт  — у іхных, а не чыіх іншых руках. Наколькі было свабоды, настолькі і падняліся. А далей — стоп-машына…

Але вернемся да сутнасці пытання: хто і чаму тармозіць развіццё індывідуальнай сельгаспрадпрымальнасці ў Альшанах і Вялікім Малешаве… Каб не расцякацца агульшчынай, прыводжу (амаль даслоўна) словы шараговага вяскоўца Анатоля Флар’яновіча:

“Я нарадзіўся ў сям’і, дзе было 14 дзяцей… А цяпер у мяне сваіх васьмёра дзетак — і ўсім трэба скіба з маслам… Але не атрымліваецца: не хапае зямлі, каб усіх пракарміць, даць прыстойную адукацыю. І такіх шматдзетных сем’яў у Вялікім Малешаве — дзве сотні з гакам… Скажыце, як нам жыць? Ісці ў СВК “Палессе”? Але там усяго дзвесце працуючых, і болей не патрабуецца. А ў вёсцы — 970 працаздольных мужчын і жанчын… Куды ім падзецца, дзе абабіць капейчыну?

Колькі ні абівалі парогі райвыканкама, аблвыканкама, нават у Адміністрацыю прэзідэнта пацэлілі — безвынікова. Кажуць: вас ніхто не змушаў пладзіць гэтулькі дзяцей. А як разумець заклік прэзідэнта, ягоныя словы і абяцанкі ў падтрымку шматдзетных сем’яў?! І потым, мы ж не абібокі, не просім міласціну, а толькі кавалак зямлі — каб жыць са сваёй працы, множыць — даруйце за высакапарнасць — харчовую бяспеку краіны. Нам кажуць, што буйныя сельгаспрадпрыемствы — аснова сельскай гаспадаркі. Можа, яно і так, але не бывае, каб без гаспадара-ўласніка выходзіла нешта путнае, каб быў той нізкі сабекошт прадукцыі, высокая рэнтабельнасць і прыбытковасць. Пра гэта нават дзеці ведаюць… Калі баіцеся ўласніка — прыдумайце падатковы механізм, стымулы і матывацыю, каб і землекарыстальніку было выгадна, і дзяржаве. Але няма ні жадання, ні такіх разумнікаў — усё зводзіцца не да ініцыятывы, а да сляпога падпарадкавання: начальнік загадаў — выканаю, а як там выжываеце, шматдзетныя, — вашы праблемы.

Не сакрэт, што ўсе мы — хто не мае работы ў СВК — жывём са сваіх надзелаў. І яны — крыніца нашых прыбыткаў. Цяпер, бачыце, спахапіліся, што нібыта парушаецца закон аб землекарыстанні. А дзе ж вы былі ўсе мінулыя гады? Чаму тады, яшчэ раней, зямельныя ўчасткі выдаваліся з парушэннямі заканадаўства? Дзе была тая ўлада?.. Кажуць, раней вам хапала прысядзібных участкаў ды некалькі сотак у полі, а цяпер квапіцеся на большае. А магчымасцяў, маўляў, няма… Ды лухта гэта: прыедзьце не зімой, а ўлетку — і самі пабачыце, колькі тут гуляе свабоднай зямлі,  проста ніхто не хоча пайсці людзям насустрач. Некаторых вяскоўцаў абвінавачваюць у тым, што яны нібыта самавольна захапілі кавалачкі зямлі, пабудавалі на тых “самазахопленых” парнікі… Адну жанчыну, у якой пяцёра дзяцей, нават прыцягнулі да судовай адказнасці — аштрафавалі. За яе заступіліся некаторыя  члены сельвыканкама, прасілі хоць на гэтую весну пакінуць той самазахоп”, бо ўжо позна пераносіць парнік… Але наша “народная” ўлада ў асобе старшыні сельвыканкама рогам упёрлася, баіцца, што “самазахоп” адной ператворыцца ў ланцуговую рэакцыю — астатнія таксама пачнуць пашыраць свае надзелы. Канечне, людзі ўзрушаны… І іх зразумець можна, бо зямля для іх — адзіная крыніца, якая дазваляе жыць, гадаваць дзяцей, трымаць гаспадарку… Дайшло да таго, што адна шматдзетная маці, калі ёй уручалі ордэн Маці-гераіні, так і сказала: “Лепш бы далі замест ордэна кавалак зямлі, а ордэн пакінулі сабе…”

Сход

Альшанцы і вялікамалешаўцы былі нямала здзіўлены, колькі панаехала раённага начальства ў вясковы клуб — як не сорак чыноўнікаў. І на чале ўсіх — старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі, які і вёў рэй, упэўнена кіруючы ўсімі…

Але напачатку, як і здавён, выслухвалі даклад старшыні Вялікамалешаўскага сельвыканкама Таццяны Васюхневіч. У лепшых традыцыях савецкай завядзёнкі яна агучыла дасягненні мясцовай улады і працаўнікоў, сыпала лічбамі і фактамі: колькі ўтрымліваецца кароў, авечак і коней; колькі выдаткавана мільёнаў на добраўпарадкаванне вуліц; колькі закуплена лішкаў малака ад людзей; як рэалізоўвалася праграма “Падтрымка” і аказвалася матэрыяльная дапамога ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і воінам-інтэрнацыяналістам і ўсё такое іншае. Памятаю, як у камуністычныя часы з трыбун любілі паўтараць: “Достаточно сказать, что за отчетный период…» Гэтым разам — абышлося… І нават больш за тое — прагучала самакрытыка. У тым сэнсе, што заяўкі, якія паступаюць ад грамадзян у сельвыканкам на выдзяленне зямлі, павінны папярэдне разглядацца на Зямельнай камісіі. Але, па яе ж словах, і да цяперашняга часу гэтая камісія не працуе…

Канечне, зала адразу прачнулася, загула, нібы пчаліны рой. Яшчэ больш “пацяплела”, як стала выступаць начальнік землеўпарадкавальнай службы Юлія Гайкевіч, бо ўжо ж па справе: людзі прыйшлі не справаздачы слухаць, а зямельнае пытанне вырашаць… І ім паведамілі ўвесь расклад: сельвыканкамам вызначаны максімальны памер зямельнага ўчастка — 40 сотак на гаспадарчы двор. Мнагадзетным даюцца ўчасткі на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў: у каго да пяці дзетак — па 5 сотак на кожнага; у якіх пяць і болей — па 10 сотак. Надзелы даюцца ў часовае карыстанне да пяці гадоў і перамяшчаюцца ў палях севазвароту. Таму штогадова праводзіцца іх частковая замена. Але з гэтым цяпер узнікаюць праблемы: участак спачатку трэба вызваліць ад парніка, а яго гаспадар не спяшаецца гэта рабіць, а часам і не лічыць патрэбным. Маўляў, карыстаўся ўчасткам раней і далей буду.
Так, у 2011 годзе ва ўрочышчы Рублёўскае ў сувязі з рамонтам нафтаправода  землі, што ўваходзілі ў ахоўную зону, былі часткова заменены, але сёлета пачаўся самавольны захоп зямлі пад парнікі. І цяпер гэта — сапраўдная праблема…

Тут і пачалося: народ скеміў, што “вольніца” скончылася, што ўлада будзе надалей рабіць так, як лічыць патрэбным, значыцца, па існуючым заканадаўстве і ў адпаведнасці са сваімі рашэннямі. Ніхто не збіраецца павялічваць надзелы за кошт зямель СВК. Ну і няхай сабе жыве і цвіце той сельгаскааператыў (яго і па сёння завуць калгасам, бо ад змены шыльды нічога ж не памянялася), але што рабіць  астатнім людзям?.. Як толькі старшыня райвыканкама выказаўся ў абарону грамадскага сектара, маўляў, нікому не будзе дазволена “ўшчамляць” інтарэсы СВК, то народ загуў яшчэ болей. І тут падымаецца Анатоль Флар’яновіч ды на гуллівай хвалі грамады звяртаецца да старшыні:

“Вось вы стаіце на абароне грамадскага сектара, а я вам задаю прамое пытанне: ці ведаеце вы, колькі працаздольнага насельніцтва ў нашым Вялікім Малешаве? 970 чалавек… А колькі працуе ў СВК? Усяго толькі 200, і вакансій — ніякіх… Адкажыце: куды падзецца 670 працаздольным мужчынам і жанчынам? Як ім жыць, з чаго?..”

Ну, пасля гэтага пайшло і паехала: хтосьці ўнёс прапанову ўсе землі падзяліць, СВК расфарміраваць, на кожнага чалавека выдзеліць па 20 сотак… Але і “вертыкаль” не лыкам шытая, на ўсё ў яе адказ і сустрэчныя прапановы. “Так, — пагаджаецца старшыня Рыгор Пратасавіцкі, — вакансій ў грамадскім сектары не хапае, тады давайце думаць разам, як выходзіць са становішча. Давайце пабудуем яшчэ адну малочна-таварную ферму — ужо будзе 50 рабочых месцаў, ды механізаваны атрад — яшчэ 20…” Але такія захады-прапановы нікога не суцешылі. Яно і вядома: 70 рабочых месцаў — не робяць вясны… Значыцца, усё застанецца па-ранейшаму, хіба што парадак навядуць па-райвыканкамаўску: захопленыя кавалкі зямлі адбяруць, цяпліцы, што на месцы будучых пабудоў, пазносяць… Словам, выжывайце як можаце…

Сход нічога істотнага ў плане “зямельнага пытання” так і не вырашыў: ніякага падзелу зямлі (па едаках-душах) не дапушчана. Некалі бальшавікі абяцалі селяніну зямлю — абдурылі, стварылі калгасы, дзе і па сёння — усё наўкол калгаснае, усё наўкол маё… З тае пары так і павялося: калгаснае — значыцца, нічыё, безгаспадарскае, малаэфектыўнае. Толькі на сваёй зямлі селянін-вясковец — сапраўдны гаспадар! Але не чуюць Канстанціна Міхайлавіча, не чуюць:

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы,

Зямля дзяцей тваіх не кіне,

Зямля — аснова ўсёй Айчыне…

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»