У апошні час Барыс Кіт жыве ў нямецкім Франкфурце-на-Майне. Карэспандэнт “Народнай Волі” павіншаваў славутага земляка па тэлефоне і задаў яму некалькі пытанняў.

– Барыс Уладзіміравіч, як вы сябе пачуваеце? Як здароўе?

– Шчыра кажучы, не вельмі добра. Я ўжо вельмі стары. 103 гады – гэта не жарт! Хаджу толькі з палачкай альбо з возікам, слабы стаў.

– Што дапамагае вам падтрымліваць сілы?

– Харчаванне добрае, ужо практычна не працую.

– Але за падзеямі ў свеце, у Беларусі сочыце?

– Так, у мяне вельмі шмат сяброў у Беларусі. Тэлефаную ім, расказваюць, што адбываецца. Газеты чытаю, але пачынае слабець зрок. Ды і слых пагаршаецца.

– На Дзень нараджэння віншаваць вас, напэўна ж, будуць?

– Прыйдуць блізкія, але я зараз жыву ў доме састарэлых. З год, як сюды перабраўся. Цяжка ўжо было за сабой даглядаць. А тут ёсць тэлевізар, чытаю, гуляю, хоць не так шмат бываю на свежым паветры. Спецыяльны персанал мяне даглядае.

– Барыс Уладзіміравіч, уся рэдакцыя “Народнай Волі” таксама віншуе вас з чарговым Днём нараджэння. Няхай Бог дае вам яшчэ сілы!

– Дзякуй вялікі! Кожнае віншаванне сёння для мяне, як бальзам…