Так атрымалася, што карэспандэнт “Народнай Волі” адным з першых апынуўся на месцы злачынства.

Едучы на Случчыну — маю малую радзіму, звычайна прыпыняюся ў прыдарожнай шышчыцкай кавярні: кубачак духмянай кавы — што лепш у дарозе ды яшчэ пад сакавіцкі марозік з сонейкам! Так было і гэтым разам, калі на радзіму паклікаў чытацкі ліст. Але з адной папраўкай: за пару кіламетраў ад Шышчыц згледжваю на абочыне некалькі легкавікоў, мікрааўтобус і міні-грузавічок, побач — некалькі мужчын… Але ці мала што: паломка якая, ці “стрэлку” хто забіў. Канечне, на хуткасці і праскочыў.

Ужо ў кавярні памяць пакадрава пракруціла эпізод: мікрааўтобус з сінімі нумарамі, яшчэ людзі ў камуфляжы, вытаптаная па снежным цаліку сцяжына ў напрамку балоцістага падлеску. Не, штосьці там не так… Каб не вярэдзіць “мазгавеньку”, кідаюся ў драндулет і паварочваю “аўтааглоблі” ў зваротны бок. Вось і на месцы. Падыходжу да кампаніі, перад тым заўважаючы, што тут і міліцэйскія, і егеры, і нават людзі са Следчага камітэта… Значыцца, нешта сур’ёзнае.

Звяртаюся да аднаго з мужыкоў: маўляў, нішто сабе кампанія — ці не аблаву на каго ўчынілі? Маўляў, магу падмагчы, калі што…

А той і кажа:

— Якая цяпер аблава?! Іх след прастыў… Шасейка за два крокі, ствалы ў багажнік, самі па газах — і іхняе нам “з люцікамі”…

Нічога дакладна не ведаючы, сяку напрамкі: каго ж завалілі тыя нехрысці — лася ці ласіху?

— У тым і жах, — кажа, — што ласіху ды яшчэ з маленькім ласяняткам… Паскуды!

Толькі дзяцюк гэтак выдыхнуў, смачна сплюнуўшы на гразкую абочыну, як падскоквае да мяне міліцыянт і адразу так па-начальніцку:

— Вы кто такой? Нечего вам здесь делать. Ехали бы себе дальше…

Прыйшлося прадставіцца: маўляў, журналіст я, магу паказаць пасведчанне, маўляў, калі ёсць факт браканьерства, дык хачу неяк засведчыць, хаця б з вашых вуснаў, ды паведаміць чытачам — ім жа цікава… Але афіцэр і слухаць не хоча — не паложана, бачыш…

Пытаюся ў “служакі”, хто тут галоўны, хто можа пракаментаваць ці адказаць на пару маіх пытанняў.

— Вунь той, што ў чорнай куртцы”, — паказвае ў бок больш маладжавага, на спіне якога трафарэцік “Следчы камітэт”.

Іду ўслед за ім па добра ўжо вытаптаным снезе… За якія семдзесят крокаў, сярод хмызу і лазняку — карціна, вартая пэндзля Тулуза Латрэка: на бялюткім снезе туша велізарнай ласіхі з задранымі ў неба капытамі, вакол маўклівыя егеры, пару міліцыянтаў… Адзін з мужыкоў ужо садраў частку кудлата-бурай шкуры, успароў жываціну — на паверхню вылез пухір велічынёю з вялізны гарбуз… У марознае паветра ўздымалася вантробная пара. І тая пара разам са спецыфічным пахам свежай дзічыны сведчылі, што ласіха сканала зусім нядаўна.

Дык хто ж яны — злыдні, што паквапіліся на жыццё прадаўжальніцы ласінага роду?!

Вылучыўшы момант, спрабую загаварыць са следчым. Зноў яму пра свой інтарэс. Нават пра тое згадаў, што некалі рэдагаваў часопіс “Охота и рыбалка», што зацікаўлены не толькі асабіста я, што народ павінен ведаць пра такія жудасныя факты, ну, і ўсё астатняе… Але следчы перабіў: ніякіх каментарыяў, ніякай інфармацыі… Канечне, зразумець яго можна — як-ніяк, а расследаванне па гарачых, крывавых, можна сказаць, слядах… А з другога боку: няўжо складана выціснуць з сябе — для прадстаўніка прэсы, значыцца, і для грамадзян Беларусі — хоць колькі слоў пра здарэнне?.. Не, хутчэй за ўсё, нашых “пінкертонаў” вучаць прафесійнай справе па вельмі скарочаным курсе, апусціўшы з яго раздзельчык пра ўзаемаадносіны з прадстаўнікамі прэсы. Інакш бы паводзілі сябе ў адпаведнасці з Законам аб друку і ўвогуле стандартамі ўсяго цывілізаванага свету. Зразумеўшы, што ад “камуфляжнікаў” ніякага толку, закідваю апошнюю “нажыўку”: прашу хоць сфатаграфаваць лася — хай хоць такі “трафей”, чым з садранай шкурай… Дзе там!.. Не далі.

Перад тым як зноўку выправіцца на Слуцк, загаманіў з першым суразмоўцам на абочыне… Егер, калі меркаваць па ўніформе, паведаміў напаўшэпт, што стралялі з гладкаствольнай зброі, што ніякіх слядоў, ніякіх гільзаў няма… І гэта ўскладніць расследаванне, паколькі бандзюганы-браканьеры ўсё разлічылі: калі б грохнулі з наразной стрэльбы, з карабіна, то дастаткова было кулі, гільзы, каб вылічыць тых прайдзісветаў. А так — шукай ветру ў полі…

Напаследак пытаюся: якога чорта было валіць ласіху (туша, па-мойму, цягне на ўсе 450 кіло), кінуўшы яе потым сярод заснежанага хмызу? Браканьернічаюць з-за трафея, з-за ласіных рог, з-за мяса… А тут — забойства дзеля забойства? Ці іх нехта напужаў, збіў з тропу?..

— Складана ўсё гэта, — з неахвотай кранае балючае вусаты дзяцюк, — следства нешта высветліць. Тут увогуле такая рэч: па той бок шашы — угоддзі Слуцкага дзяржаўнага лясгаса, а па гэты — дзе ўсё здарылася — прыватная паляўнічая гаспадарка. Ёю кіруе дырэктар саўгаса “Слуцк” Васіль Васільевіч Ачапоўскі. Чалавек ён вельмі паважаны ў раёне, выдатны гаспадарнік. Але самае галоўнае — гарачы прыхільнік і абаронца прыроды. На дух не выносіць браканьераў: паляванне ў ягоных угоддзях — строга ліцэнзійнае, бывае, і замежнікі прыязджаюць. То, можа, усё гэта і стала ўпоперак горла мясцовым аматарам пажывіцца на дармаўшчынку, хто ж яго ведае… Магчыма, вырашылі правучыць Васіля Васільевіча, насаліць яму неяк, — заключае суразмоўца, — але гэта толькі версія, меркаванне… Усё павінна высветліць следства.

…Ужо вяртаючыся ў сталіцу, не вытрываў — прыпыніўся ля месца здарэння. Цяпер ужо нікога не відаць. Там, дзе ляжала ласіха, — адно крывавы след ды парэшткі вантробаў, якія мясцоваму мясакамбінату — ні да якой патрэбы… Ці прывядзе гэты след нашых “пінкертонаў” да зламыснікаў? Пакуль пытанне адкрытае…

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»