Абвяшчэнне шасці кніг-прэтэндэнтаў на прэмію, якія былі выбраны сябрамі журы з 12 шляхам галасавання, прайшло ціха і мірна. Але затым пацягнуўся шлейф  каментатарыяў, з’явіліся зайздроснікі, зласліўцы і проста “тыя, хто жадае разабрацца”.

Яшчэ летась, пад час першага ўручэння прэміі, дзясяткі блогераў з’едліва каментавалі  тое, што Гедройца атрымаў Павел  Касцюкевіч, муж сакратаркі журы Марыйкі Мартысевіч. Яшчэ адным скандалам быў канфлікт Віктара Карамазава, які абвінаваціў Людмілу Рублеўскую, эксперта ўласнай кнігі-прэтэндэнта, у прадузятасці.

Сёлета здавалася, што  ўсё будзе інакш.

На прэмію былі пададзены  больш за сорак кніг-заявак. Шмат хто з выдаўцоў у шпаркіх тэмпах працаваў і выдаваў кнігу для  таго, каб паспець падаць заяўку. Так, прынамсі, адбылося з кнігамі  Сяргея Балахонава, Уладзіміра Някляева, Юры Станкевіча, Алеся Пашкевіча, Людмілы Рублеўскай. Яны пабачылі свет у апошнія тыдні 2012 года, а ў першыя тыдні 2013-га ўжо трапілі ў лонг-ліст прэміі з 12 пазіцый. Нягледзячы на гэта, грамадскасць была залагоджана тым, што ў доўгім спісе апынуліся і кнігі, якія выходзілі на працягу года і ні ў якія апошнія вагончыкі не заскоквалі: “Ланцуг” Андрэя Федарэнкі, “Рай даўно перанаселены” Алены Брава, “Адна капейка” Уладзіміра Сцяпана, “Матылі” Паліны Качатковай і інш. Такім чынам, інтрыга захоўвалася. Было зразумела, што ад меркавання экспертаў мала што залежыць, хоць крыўдаў на іх хапала – чаго толькі вартая адмоўная рэцэнзія Андрэя Адамовіча “Сказ пра Фядуту Скуратава” (пра раман Алеся Пашкевіча).

Да абвяшчэння шорт-ліста  з 6 пазіцый было незразумела, якую гульню павядзе журы. Ці будзе яно захоўваць  нейтралітэт і парытэт сіл  альбо стане глядзець на персаналіі. Усім было зразумела, што Някляеў  трапіў у лонг-ліст таму, што ён Някляеў  – былы літаратурны начальнік, а  цяпер заўважная фігура ў палітыцы. Зразумела, што былы старшыня Саюза  беларускіх пісьменнікаў таксама не мог не трапіць у лонг-ліст, бо ў журы знаходзіўся сённяшні старшыня СБП. Спісы сімпатый і антыпатый  можна было б доўжыць і далей. Але бясспрэчным выглядала тое, што ў лонг-лісце застаюцца аўтары-“адзінцы”, якія ні да якіх груповак ці кланаў не належаць: Сяргей Балахонаў, Алена Брава, Юры Станкевіч, Паліна Качаткова, Уладзімір Сцяпан, Андрэй Федарэнка. Адбывалася відавочная барацьба персаналій і літаратуры. Лагічным завяршэннем гэтай барацьбы і было абвяшчэнне кароткага спісу прэміі Гедройца.

Ад самага пачатку было ясна, што Уладзімір Някляеў пройдзе  ў кароткі спіс. Наогул, пасля  таго, як ён паспеў падаць заяўку, шмат хто з аматараў прыгожага пісьменства  перастаў сачыць за прэміяй, бо “ўсё роўна  Пракопавіч возьме першае месца”. Разгон прэзентацыі рамана “Аўтамат з газроўкай з сіропам і без” толькі дадаў аматарам перакананасці.

Чаканым было і далейшае прасоўванне па лесвіцы Альгерда Бахарэвіча з яго “Гамбургскім рахункам”. Нягледзячы на тое, што скандальны “падручнік па беларускай літаратуры” не з’яўляецца празаічнай кнігай, перавага была аддадзена менавіта яму, а не раману “Шабаны”, які таксама выйшаў у 2012 годзе. Па-першае, гэта выданне “Радыё Свабода”, па-другое тэксты кнігі справакавалі цэлую дыскусію пра Каяна Лупаку і савецкую літаратуру. Адпаведна, і кніга эсэ стала больш заўважнай і засланіла раман.

Пэўна, што праходзіла далей  і кніга Людмілы Рублеўскай, члена  журы мінулагодняй прэміі Гедройца.

Другую палову шорт-ліста  якраз і павінны былі скласці  аўтары-“адзінцы”. Было няясна толькі, якія менавіта. Літаратурная і калялітаратурная грамадскасць досыць упэўнена ставіла  на кнігі Андрэя Федарэнкі і Алены  Брава ― бясспрэчныя “залатыя кнігі 2012 года”. Творы для іх пісаліся ледзь не дзесяць гадоў, доўга праходзілі праз рэшата выдавецкіх планаў і сталі сапраўдным падарункам для аматараў беларускай прозы. Нямала было прыхільнікаў і ў апавяданняў Паліны Качатковай і Уладзіміра Сцяпана. Апошнія аўтары таксама доўга чакалі сваіх кніг, і адабралі ў іх лепшае.

Таго, што ўсе чацвёра  не пройдуць, ніхто не чакаў. Праўда, ходзяць чуткі, што некаторыя з іх самі адклікалі свае кандыдатуры (хоць застаецца незразумелым, чаму яны не адклікалі іх на стадыі лонг-ліста).

У выніку працягваюць барацьбу намінанты-адзінцы Адам Глобус, Юры Станкевіч і Сяргей Балахонаў. Ні ў кога няма сумневаў, што першыя два будуць адсеяны сябрамі журы, бо маюць задужа скандальную рэпутацыю. Станкевіч да таго ж недвухсэнсоўна выказваецца ў праварадыкальным ключы і жорстка крытыкуе еўрапейскіх лібералаў за мультыкультуралізм і падтрымку сексуальных меншасцей. Таму самое з’яўленне яго ў кароткім спісе намінантаў еўрапейскай прэміі выглядае скандальным.

Значна большыя шанцы  мае Сяргей Балахонаў. Па-першае, кніга  яго выдадзена найбольш уплывовым  незалежным выдавецтвам ― “Логвінаў”. Па-другое, падтрымка гомельскага  настаўніка была б сапраўды прыгожым жэстам. Адно, што проза яго выглядае смелым эксперыментам: кніга “Зямля пад крыламі Фенікса” з’яўляецца зборам містыфікацый на тле беларускай гісторыі і культуры. Напісаныя ў жанры навуковага артыкула, ягоныя апавяданні ствараюць альтэрнатыву звычайнай белетрыстыцы.

Але гэта ж можна сказаць  і пра тройку аўтараў-зуброў. Бадай, класічнай белетрысткай можна назваць толькі Людмілу Рублеўскую з ейным гістарычным раманам пра XVIII стагоддзе. Раман Уладзіміра Някляева ― класічная проза паэта, па сутнасці вялікая паэма ў прозе, з усімі характэрнымі рыфмамі, рытмамі і музычнымі (“джазавымі”?) варыяцыямі. Зборнік мастацкай эсэістыкі Альгерда Бахарэвіча “Гамбургскі рахунак” таксама да прозы мае толькі ўскоснае дачыненне.

Карацей, проза адсеялася  ― застаўся складаны суплёт эксперыментатараў  і ўзаемаўплываў. Адно што можна сказаць з пэўнасцю ― прэмія захавала яркасць. Мора эмоцый гарантавана ўсім зацікаўленым і 1 сакавіка, калі будзе абвешчаны пераможца.

Ён атрымае ўсё.