Прапаноўваецца павялічыць штрафы за кіраванне ў нецвярозым стане больш, чым у тры разы. Як вядома, зараз, калі кіроўца папаўся п’яным за рулём, яго пазбаўляюць вадзіцельскага пасведчання на 3 гады і караюць штрафам ад 15 да 30 базавых велічынь. Прапаноўваецца штраф павялічыць да 50–100 базавых велічынь, пасведчанне забіраць на 3 гады, а машыну часова канфіскоўваць: адганяць на штрафстаянку, і пакуль парушальнік штраф не выплаціць, аўта яму не вяртаць.

Калі цягам года аматара выпіць затрымаюць паўторна, то тут пакаранне прадугледжваецца сур’ёзнае.

Зараз максімальна, што можа атрымаць такі кіроўца – пазбаўленне волі на 2 гады. Прапаноўваецца павялічыць гэты тэрмін да 3 гадоў з канфіскацыяй аўтамабіля, незалежна ад таго, каму ён належыць.

– Таксама мы прапануем дапоўніць адпаведны крымінальны артыкул 4-й і 5-й часткамі, – патлумачыў прадстаўнік Генпракуратуры, – у якіх будзе прадугледжана адказнасць за парушэнні ПДР, якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць людзей, учыненыя ў стане алкагольнага ап’янення: максімум 4–7 гадоў пазбаўлення волі за аварыю, у якой цяжка пацярпелі людзі ці загінуў адзін чалавек, максімум 5–10 гадоў пазбаўлення волі за дзве і больш ахвяры. Абедзве гэтыя часткі будуць прадугледжваць абавязковую канфіскацыю аўтамабіляў, на якіх было здзейснена злачынства.

Дарэчы, ніякіх зменаў наконт дапушчальнай колькасці выпітага алкаголю ў законапраекце няма – застаюцца тыя ж самыя 0,3 праміле.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»