На адным з апошніх пасяджэнняў прэзідыума Саўміна РБ гаварылі пра павышэнне надояў малака, пра эфектыўнасць малочных гаспадарак і пра навядзенне элементарнага парадку ў гэтай сферы. Прэм’ер Міхаіл Мясніковіч прапанаваў персаніфікаваць адказнасць за вытворчыя недахопы. “Калі ёсць факты па гаспадарцы, па раёне ці вобласці, — даводзіў ён, — то трэба пераводзіць у канкрэтныя імёны і прозвішчы і ставіць пытанне аб прыцягненні да адказнасці альбо мэтазгоднасці займаць адпаведную пасаду”. Карацей, прыйшлі да высновы, што эфектыўнасць малочнай галіны варта і трэба ўздымаць за кошт узмацнення асабістай адказнасці мясцовых начальнікаў. Але як таго дамагчыся, калі сталіца — далёка, а сваё балота — глыбока?..

У сувязі з гэтым прыгадваю публікацыю “Вертыкальныя” дзівосы…”, надрукаваную ў “Народнай Волі” 14 жніўня 2012 года. У артыкуле якраз і прыводзіліся факты грубага парушэння працоўнага заканадаўства і безгаспадарчасці, якія пышна зацвілі ў адной з сельскіх гаспадарак Талачынскага раёна. Не буду пераказваць змест артыкула, нагадаю толькі, чым ён заканчваецца. Дык вось, пракурор Талачынскага раёна Іван Антонавіч Едзіс паабяцаў (падчас нашай сустрэчы), што справа аб пакрыцці фінансавай страты, нанесенай ААТ “Звянячы” ў выніку незаконнай выплаты спадарыні Лукашэвіч 27 мільёнаў рублёў, будзе накіравана ў суд. А яшчэ пракурор удакладніў, што фінансавую шкоду кампенсуе не сама Лукашэвіч, а былы кіраўнік гаспадаркі, які, парушаючы ўсе законы, аформіў “незаменную” супрацоўніцу адразу на некалькі пасад. Усё было б шыта-крыта, ды ўзбунтаваліся мясцовыя праўдалюбы. Адзін з іх — механізатар Аляксей Міхайлавіч Казырэвіч — і звярнуўся са скаргай у пракуратуру. Тры месяцы чакаў адказу, але ўсё дарэмна. Спрабаваў было сустрэцца з ахоўнікамі дзяржзаконнасці, але зноў адлуп: памочніца пракурора Вольга Міхайлаўна Бабровiч усяляк адмаўлялася выслухаць механізатара. Зноўку прыйшлося ўмяшацца журналістам. І што ў сухім астатку? Высветлілася, што іск па вяртанні незаконна выплачаных грошай пракуратура не накіроўвала ў суд з прычыны заканчэння тэрміну. Самае цікавае, што спадарыня Лукашэвіч як займала некалькі пасад, так і займае… Яна і касір, і інспектар аддзела кадраў, і сакратар… Мясцовыя ўпэўнены, што якраз ёю аформлены на працу некалькі “мёртвых душ”, а гэта — зноў-такі фінансавыя страты, нанесеныя ААТ “Звянячы”.

Людзі расказваюць: маці эканаміста Вольгі Лапцінскай была аформлена тэхнічкай на поўную стаўку, хоць жыве і працуе ў іншым месцы. Заработную плату і адпускныя атрымлівала, канечне, дачка… Ці вось наступны факт: яшчэ пры старшыні Мікалаю Лісаве фіктыўна быў аформлены на працу нехта Віталь Сузін, які на самай справе працуе ў… Расіі. Не зразумела, хто атрымлівае зарплату, але стаж чалавеку ідзе.

Што ж адносна праўдалюба і змагара за справядлівасць Казырэвіча, то яму — вядомая справа — усяляк помсцяць. Напрыклад, механізатарам (на заробленыя грошы) выдаюць па 450 кілаграмаў збожжа. А вось Аляксею Міхайлавічу не выдалі, хоць у кантракце чорным па белым тое прадпісана. Чалавеку, якому заставаўся месяц да выхаду на пенсію, інспектар аддзела кадраў Лукашэвіч не прадаставіла (па запыце) копію працоўнай кніжкі і даведку пра зарплату. Карацей, каб ведаў сваё месца, каб не высоўваўся…

Ну, то, можа, “Звянячы” апярэдзілі ўсіх па надоях малака, ці там па энерганасычанай сельгастэхніцы вырваліся наперад? Ды не, тэхніка на прыколе, а па надоях — апошняе месца ў раёне. Рэдактар раённай газеты Віктар Бірукоў неяк наведаў гаспадарку і жахнуўся: толькі за 26 лістапада сельгаспрадпрыемства змінусавала на 2,67 кілаграма малака. І гэта пры тым, што з каровы там атрымліваюць 5 кілаграмаў малака, у той час як па раёне выходзіць крыху больш за 10 кілаграмаў. Толькі на адной ферме ў Малым Высокім за дзень недаатрымалі 200 літраў малака ў параўнанні з леташнімі паказчыкамі. Тутэйшыя людзі расказваюць, што неаднойчы з-за нядбалага захоўвання малакапрадукцыі яна папросту скісала. Тады яе — непрыгодную — спісвалі на кармленне цялятам, на самай жа справе вылівалі долу. Апошні выпадак надарыўся 25 кастрычніка 2012 года — дзве з паловай тоны было выліта на зямлю на ферме ў Ляўкова. Каб жа толькі гэта… У Малым Высокім з 90 кароў дояцца толькі 58. Бракаваных кароў ніхто і не думае выбракоўваць, мяняць на высакаўдойных, здаровых, элітных… На фермах велізарная цякучасць кадраў. А чаму? Умовы працы дапатопныя, заробкі мізэрныя. Адпаведна і адносіны да працы — абы дзень ды вечар… Да раздачы кармоў жывёлаводы прыступаюць толькі а палове восьмай раніцы. Раздатачнай тэхнікі (хоць якой) не хапае, таму апошняя карова атрымлівае сваю “пайку” пасля 11 гадзін. Пра якія надоі тут гаворка?! А тут яшчэ і дах падцякае, вада ў некаторыя паілкі ледзьве сочыцца — кароў пояць з вядзёр… У вёсцы Ляўкова яшчэ да пачатку верасня павінны былі здаць у эксплуатацыю сучасную ферму, як тое і прадугледжвала рэспубліканская праграма па мадэрнізацыі малочна-таварных фермаў. Але тэрміны ўводу ўвесь час адкладваюцца. Вокны на той ферме так і не зашклілі — замест шкла поліэтылен.

Пра ўсе гэтыя прарэхі ў ААТ “Звянячы” спадар Казырэвіч напісаў у Камітэт па сельскай гаспадарцы Віцебскага аблвыканкама. Тыя быццам бы прыслалі праверку, але… нічога не выявілі. Затое ўзяліся пужаць нашага праўдалюба. Вось вытрымка з ліста, дасланага чыноўнікамі Аляксею Міхайлавічу: «Факты, изложенные в вашем обращении, в ходе проверки не подтвердились. Обращаем ваше внимание, что пунктом 2 статьи 19 Закона «Об обращениях граждан определено, что расходы, понесенные организациями в связи с рассмотрением систематически направляемых необоснованных обращений в одну и ту же организацию, от одного и того же заявителя, а также обращений, содержащих заведомо ложные сведения, могут быть взысканы с заявителей в судебном порядке».

Больш за тое, Казырэвічу тая правяральшчыца (юрыст Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама) сказала наступнае: вы раззлаваны, мусіць, таму, што Лукашэвіч адмовіла вам у інтыме… Натуральна, механізатара — узорнага сем’яніна — такі пасаж, мякка кажучы, абурыў. Але не здзівіў, асабліва ўлічваючы тое, што разам з правяральшчыцай з Віцебска прыбыла — хто б, вы думалі? — галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Талачынскага райвыканкама Тамара Станчанка, родная сястра дырэктара ААТ “Звянячы” Міхаіла Станчанкі. Дык ці не кругавая парука?.. І ці варта тут здзіўляцца таму, што некалі моцнае сельгаспрадпрыемства на вачах хірэе і ператвараецца ў банкрута?


Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»