У закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” рыхтуюцца змены. У распараджэнні журналістаў аказалася копія адпаведнага законапраекта, распрацаванага Нацыянальным цэнтрам заканаўства і прававых даследаванняў РБ. Заяўляецца, што яго мэта – “забеспячэнне інфармацыйнай адкрытасці дзяржаўных органаў”.

1 лістапада праект закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон РБ “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” паступіў у Палату прадстаўнікоў з Савета міністраў і цяпер рыхтуецца да разгляду ў першым чытанні.

Некаторыя пункты дакумента выглядаюць даволі прагрэсіўнымі.

Напрыклад, у праекце закона гаворыцца, што існуючы на сёння парадак аднясення інфармацыі да “службовай абмежаванага распаўсюду” з’яўляецца “фактычным абмежаваннем канстытуцыйнага права на атрыманне інфармацыі”.

Асобны раздзел прысвечаны ўдасканаленню спосабаў распаўсюду і прадастаўлення агульнадаступнай інфармацыі. Напрыклад, абумоўлены такі спосаб распаўсюду інфармацыі сярод грамадзян, як іх “прысутнасць на паседжаннях дзяржаўных органаў і ў адкрытых судовых паседжаннях”. Гэтая норма распаўсюджваецца на рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, падпарадкаваныя ўраду (паседжанні калегій гэтых органаў), і мясцовыя заканадаўчыя і распарадчыя органы (паседжанні выканкамаў), “паколькі менавіта на іх паседжаннях разглядаюцца найбольш злабадзённыя пытанні, што непасрэдна закранаюць правы грамадзян”.

Ці сапраўды новы дакумент можа прынцыпова памяняць сітуацыю з доступам да інфармацыі?

Ці азначае, што любы грамадзянін, у тым ліку журналіст, зможа прыйсці на паседжанні выканкама любога ўзроўню?

Прэс-служба ГА “БАЖ” звярнулася да юрыстаў з просьбай прааналізаваць дакумент і ацаніць перспектывы павышэння празрыстасці ў дзейнасці дзяржаўных органаў.

“Я б разбіў гэты законапраект на два сэнсавыя блокі, – кажа юрыст Аляксандр Журба. – Першы з іх тычыцца доступу да службовай інфармацыі з абмежаваным колам распаўсюду, а другі вызначае магчымасць доступу грамадзян на пасяджэнні органаў улады выканаўчай і судовай галіны. (Пра заканадаўчую ўладу гаворка ў законапраекце не ідзе.)

Калі браць першы аспект, то доступ да інфармацыі ў хуткім часе будзе цалкам залежаць ад новай пастановы Савета міністраў, дзе будзе рамачны пералік закрытай інфармацыі. Канкрэтны пералік па-ранейшаму будуць вызначаць самі дзяржаўныя органы, якія непасрэдна працуюць з інфармацыяй.

Савету Міністраў прадпісана на працягу трох месяцаў распрацаваць такі пералік. Калі закон уступае ў сілу праз тры месяцы пасля апублікавання, то Саўмін мае паўгода на распрацоўку пераліку. За гэты час, думаю, можна будзе ў Савет міністраў звяртацца са сваімі прапановамі і заўвагамі…”

Што да адкрытасці паседжанняў дзяржаўных органаў, юрыст не раіць журналістам асабліва радавацца.

“Гаворка ў новым законе ідзе пра шараговых грамадзян, а не пра прадстаўнікоў СМІ. Усе ранейшыя патрабаванні да журналістаў, выкладзеныя ў законе “Аб СМІ”, застаюцца актуальнымі. Таму можа атрымацца, што журналістам зноў укажуць на іх спецыяльны нарматыўна-прававы акт, а новае заканадаўства на іх распаўсюджвацца не будзе. Магчыма, журналісту прасцей будзе назвацца шараговым грамадзянінам, чым прадстаўніком СМІ. (Хоць не выключана, што ўлады ў адказ на гэта таксама што-небудзь прыдумаюць…)

Вельмі добра, што на адкрытыя пасяджэнні прадугледжваецца пакідаць як мінімум пяць вольных месцаў для наведвальнікаў. Станоўчым выглядае і ўвядзенне папярэдняга запісу на паседжанне. Але, на жаль, нідзе не прапісаныя крытэры, паводле якіх доступ людзей на пасяджэнне спыняецца. Напрыклад, было аб’яўлена пасяджэнне, папярэдне ніхто не запісаўся, але на яго прыйшоў натоўп людзей. Чым кіравацца ў такім выпадку? Простым людзям, хутчэй за ўсё скажуць, што няма месцаў. Але як можна будзе гэта праверыць? Абсалютна магчымым выяўляецца варыянт, калі супрацоўнікі органаў у цывільным зноў могуць заняць усе месцы і нікога на пасяджэнне не пусціць.

Карацей, важна, якой будзе практыка прымянення закона. Напрыклад, у нас усе судовыя пасяджэнні апрыёры адкрытыя. Аднак канкрэтнае пасяджэнне, як і раней, можа быць прызнана закрытым — і туды не пусцяць нікога…”

“Дзеянне закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” не распаўсюджваецца на сферу СМІ. Але, калі наогул доступ да інфармацыі хоць крыху спросціцца для звычайных грамадзян, гэта будзе пазітыўным зрухам, – кажа намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. – У той жа час, мы бачым тут пэўны парадокс: заканадаўства аб СМІ абумоўлівае акрэдытацыю ці ўзгадненне працы журналістаў з дзяржаўнымі ўстановамі, а просты грамадзянін зможа знаходзіцца на нарадах без усялякай акрэдытацыі?.. Гэты факт падкрэслівае, наколькі перакручана ў нас норма аб акрэдытацыі на афіцыйныя мерапрыемствы – замест спрыяння працы журналістаў яна служыць абмежаванню доступу журналістаў да інфармацыі”.

Поделиться ссылкой: