Вядомая справа: тыя прыдворныя і без “пенсіёну” маглі дажыць у сытасці, але які кароль — ды без падпор?!

І ўсё выглядала прыстойненька аж да пары, пакуль не сталі ўводзіць дзяржаўныя пенсіі для ўсіх работных і простых людзей. Камусьці недаплацілі, камусьці пераплацілі… І пачаліся спрэчкі, бунты, рознагалосіца… Доўжацца яны і абрастаюць — нібы снежны камяк у сырое надвор’е — “каростаю” законапалажэнняў, указаў і розных іншых дзяржаўных папер і па сёння. Робіцца ўсё, каб змікшыраваць незадаволенасць адных і напоўніцу задаволіць да ўлады набліжаных: абы чэрнь маўчала ды “падпорка” не скавытала. Ва ўсялякім разе з моманту, калі “жалезны канцлер” Бісмарк у 1889 годзе ўпершыню ўвёў дзяржаўныя пенсіі, у свеце мала што памянялася: улады ўвесь час спрабуюць “сэканоміць” на пенсіянерах, а пенсіянеры ламаюць галовы, як ім пры гэтым выжыць…

Бісмарк выплачваў “пенсіён” сваім падданым, калі тыя дажывалі да 70-ці, і гэта пры тым, што сярэдняя працягласць жыцця не перавышала… 45 год. Астатнія манархі (не столькі дынастычныя, колькі самапрызначаныя) былі і застаюцца яшчэ больш сквапнымі ў адносінах да простага люду. Набліжаным — па максімуме, басоце — абы ногі не працягнулі…

Карацей, у свеце не было і няма ідэальнай сістэмы пенсіённага забеспячэння. Так, прынамсі, лічаць і аўтарытэтныя ва ўсім свеце эксперты акадэміі Форэкс, біржавыя маклеры Masterforex-V. Больш за тое, яны ўпэўнены, што пенсіённая праблема настолькі “закіпела”, што пагражае стаць адной з самых вострых на планеце. І той “кіпень” можа выплюхнуцца на вуліцы: у Грэцыі і Іспаніі, “разагрэтай” эканамічным крызісам, тое і назіраем. Паводле думкі экспертаў Форэкса, улады і надалей будуць адсоўваць пенсіённы ўзрост, а народ — патрабаваць павышэння памеру пенсій. У краінах з развітай дэмакратыяй склалася правераная гадамі сістэма недзяржаўных пенсіённых фондаў, у якія людзі без вялікай рызыкі робяць свае штомесячныя адлічэнні. А вось у краінах СНД першыя такія фонды зрабіліся… фінансавымі пірамідамі. Народ аблапошылі. Цяпер невядома, калі вернецца — і ці ўвогуле вернецца — давер да тых фондаў. Песімісты сцвярджаюць: адзіны спосаб забяспечыць годную старасць — зарабляць і адкладваць грошы ўсё жыццё, не спадзеючыся ні на якую дзяржаву, ні на якія фонды… Але хто з цяперашніх улад спрабуе сэканоміць на пенсіянерах? Чаму такое адбываецца? З-за чаго пенсіённыя сістэмы даюць збой?.. І, нарэшце, як зарабіць паспалітаму чалавеку свой “пенсіён”, які б дазволіў годна пражыць астатак гадоў?..

“Салідарнасць” не ўратуе…

Новыя пакаленні ўжо фізічна не ў стане падтрымліваць “салідарнасць пакаленняў” і выплачваць пенсію сваім папярэднікам. Чаму? Галоўная прычына — рэзкае павелічэнне колькасці пенсіянераў пры адначасовым скарачэнні працаздольнага насельніцтва. Рост працягласці жыцця,  зніжэнне нараджальнасці — гэта якраз з той “оперы”, дадайце сюды спецыфіку асобных краін, такіх, да прыкладу, як Беларусь, дзе колькасць насельніцтва за два апошнія дзесяцігоддзі зменшылася прыкладна на 750 тысяч чалавек…

Увогуле колькасць пенсіянераў у развітых краінах даўно перавысіла колькасць дзяцей. Да 2050 года такія суадносіны чакаюць усю планету: прычыны ва ўсіх розныя, а вынік адзін, і ён непазбежна змушае ўсё большую частку валавога ўнутранага прадукту траціць на падтрымку пенсіянераў. У 1935 годзе (з моманту ўвядзення дзяржаўнай пенсіённай сістэмы ў ЗША) такая мера абыходзілася краіне ў 0,2% ВУП, а зараз, калі пенсіянеры складаюць 10% ад усяго насельніцтва, яна вылятае ў 6%. Італія аплачвае 14% ВУП, Турцыя — 7,8%… Карацей, праблема з кожным годам абвастраецца. Многія краіны ўвогуле дэманструюць не прырост, а скарачэнне колькасці працаздольных людзей, пераважна з-за мізэрнай нараджальнасці: Германія (-0,06%), Чэхія (-0,11%), Японія (- 0,24%), Расія (-0,47%), Украіна (-0,062%), Балгарыя (-0,77%) і г.д. Парадокс, але факт: дзякуючы высокаму ўзроўню жыцця еўрапейцы сталі жыць даўжэй, але пры гэтым няўхільна скарачаецца колькасць працуючых. У недалёкай перспектыве грамадства не здолее забяспечыць еўрапейскіх пенсіянераў звыклымі, дастаткова высокімі пенсіямі — для нас папросту завоблачнымі. Сёння, напрыклад, мінімальная пенсія датчаніна складае 600 еўра ў месяц, а фіна — амаль 800… Але гэта сёння, а як будзе заўтра — у іх і ў нас?..

Адны думаюць, другія дзейнічаюць…

Урады еўрапейскіх краін ушчыльную падышлі да рэфармавання пенсіённай сістэмы. Існуючая зараз у краінах ЕС сістэма пенсіённага забеспячэння прадугледжвае пенсіённыя выплаты праз розныя афіцыйныя  структуры, фонды якіх фарміруюцца на аснове абавязковых адлічэнняў працуючых і працадаўцаў. Калі ў Расійскай Думе толькі пачынаюць задумвацца пра пенсіённую рэформу, а ў Беларусі пытанне ўвогуле замарожана, то ў краінах Еўрасаюза ўжо мяняюць узрост выхаду на пенсію. І адным гэтым, зразумела, не абмяжоўваюцца… Напрыклад, у Італіі павялічваюць узрост працуючага да 65 гадоў, у Швецыі — да 70. У Фінляндыі для тых, каму больш за 55 і 65 гадоў, распрацаваны план поўнай занятасці. Цікава, што план прадугледжвае меры, якія гарантуюць грамадзянам гэтай узроставай катэгорыі рабочыя месцы на розных прадпрыемствах. Урад Германіі таксама лічыць, што варта больш актыўна скарыстоўваць вопыт пажылых людзей, у тым ліку і на рынку працы. І гэта натуральна, паколькі многія з пенсіянераў валодаюць спецыяльнымі ведамі і шматгадовым прафесійным вопытам. Ужо сёння ў Германіі працуе толькі 45% насельніцтва ва ўзросце 55–65 гадоў. У Даніі і Швецыі колькасць насельніцтва ў такім узросце, якое працуе ў розных сферах эканомікі, складае адпаведна 60 і 70 працэнтаў.

Пенсіённая сістэма ў краінах Еўрасаюза прадугледжвае і змену самой метадалогіі выплаты пенсій. Тым, хто працуе, апроч  традыцыйнай сістэмы “накаплення шляхам падзелу” прапаноўваецца ўносіць паі ў спецыяльныя фонды. У ЗША такія фонды існуюць здаўна, праўда, яны рызыкоўныя для пайшчыкаў, асабліва падчас фінансавых крызісаў. Таму, верагодна, амерыканцы асноўную стаўку робяць на дзяржаўныя пенсіі, якія фарміруюцца за кошт абавязковага падатку ў дзяржаўны пенсіённы фонд. Сярэдні амерыканец можа заўсёды разлічваць на дзяржаўную пенсію ў памеры 39% ад даходаў, якія былі да моманту выхаду на заслужаны адпачынак. Але калі прыплюсаваць накоплены пенсіённы ўклад  па месцы працы, індывідуальны пенсіённы ўклад у банку ці ў паявым фондзе, то гэтая лічба ўзрасце да 51%. У абсалютных лічбах мінімальны памер пенсіі для адзінокага амерыканца складае 900 долараў, і 1500 — для пенсіянера з жонкай…

З некалькіх частак складаецца і пенсіённая сістэма Вялікабрытаніі: базавая дзяржаўная пенсія, дадатковая пенсія і зберажэнні насельніцтва. Брытанскі грамадзянін штотыднёва плаціць пенсіённыя ўзносы з 16 (!) гадоў, а дзяржава гарантуе, што па дасягненні пенсіённага ўзросту ён атрымае пенсію, якая складзе 20% сярэдняга заробку. Атрымліваецца недзе 110–120 еўра на тыдзень, але сума пераглядаецца штогод з улікам інфляцыі. Тут паспяхова дзейнічаюць і прыватныя пенсіённыя фонды, іх паслугамі карыстаюцца блізу 5 мільёнаў англічан з 33 мільёнаў працаздольнага насельніцтва.

Увогуле ў свеце існуюць тры асноўныя віды пенсіённых сістэм:

— індывідуальна-накапляльная — калі пенсіённыя падаткі (узносы) выплачваюцца самімі работнікамі ці працадаўцамі;

размеркавальная на аснове пенсіённых падаткаў, арганізавана на прынцыпе “салідарнасці пакаленняў” — пенсіённыя падаткі не адкладваюцца, а выплачваюцца пенсіянерам;

размеркавальная на аснове агульных падатковых збораў, без спецыяльных пенсіённых падаткаў — звычайна выкарыстоўваецца для выплат малазабяспечаным, сацыяльна не абароненым, інвалідам і г.д.

У кожнай краіне выкарыстоўваецца камбінаваная сістэма, і яна ўключае дзве альбо нават усе тры віды пенсіённых сістэм. Але ў эканамічна развітых краінах (з-за кепскай дэмаграфічнай сітуацыі) размеркавальныя сістэмы прыйшлі ў заняпад  — усё меней выкарыстоўваюцца. Чаму? На кожнага пенсіянера прыпадае ўсё меней працуючых грамадзян… У 1950 годзе ў ЗША на аднаго пенсіянера прыпадала 8 працаздольных, а ў 1920 годзе такіх будзе ўдвая меней (1 да 4). Таму задоўга да часу “Х” амерыканцы пачалі ўкараняць накапляльныя фонды. Высокія пенсіі ў Даніі, Фінляндыі, Францыі, ЗША ды іншых высокаразвітых краінах сталіся такімі, дзякуючы якраз пенсіённым накапляльным сістэмам. Дарэчы, імі карыстаюцца ўжо каля 40% насельніцтва планеты. Прычым у ЗША і Еўропе гэты паказчык у два разы вышэй — каля 80%, а ў Азіі — у два разы ніжэй. Як фарміруюцца дзякуючы накапляльным сістэмам (ці іх адсутнасці) дзяржаўныя пенсіі ў розных краінах?..

ЗША. Звычайна пенсія складае ў сярэднім каля 1200 долараў (50% ад заробку). Наёмныя работнікі плацяць узносы ў пенсіённы фонд у памеры 7,5% (столькі ж даплачвае працадаўца). Ненаёмныя работнікі — бізнесмены, адвакаты ды іншыя — самі выплачваюць за сябе поўную суму –15%.

Японія. Пенсія складаецца з дзвюх частак — базавай (гарантавана выплачваецца ўсім па дасягненні пенсіённага ўзросту) і працоўнай (фарміруецца з узносаў, якія работнікі і працадаўцы ўносяць пароўну). Сярэдняя пенсія ў выніку дасягае 60% заробку.

Германія. Працадаўца і работнік пароўну адлічваюць узносы ў Пенсіённы фонд — усяго 20,3% ад заробку. Памер пенсіі дасягае 70% ад заработнай платы.

Францыя. Французы адлічваюць у Пенсіённы фонд 16,35% ад заробку (работнікі і працадаўцы — папалам, асобы свабодных прафесій — цалкам самастойна). Памер пенсіі — 50% ад сярэдняй заработнай платы за апошнія 11 гадоў працоўнай кар’еры.

Кітай. Паняцце “пенсія” (роўна як і самі пенсіі) толькі пачынае ўваходзіць у свядомасць жыхароў краіны, вяскоўцы наогул не могуць разлічваць на атрыманне дзяржаўнай пенсіі…

Україна. Пенсіённы “салідарны” цяжар ляжыць цалкам на дзяржбюджэце (каля 15% ад ВУП — больш, чым у любой іншай постсавецкай краіне). Па дзеючай сістэме ў Пенсіённы фонд выплачваецца 34% ад заробку (больш за ўсіх у свеце), пры гэтым 32% — працадаўцам і толькі 2% — самім работнікам. Недзяржаўныя пенсіённыя фонды пакуль не атрымалі шырокага распаўсюджвання. 

Пуцінская “загагуліна”…

У Расіі перспектыва выкарыстання недзяржаўных пенсіённых фондаў — на раздарожжы. Увогуле нашую суседку многія адносяць да самых нестабільных краін свету ў сферы пенсіённай сістэмы. Трэці раз за дзясятак гадоў там мяняюць “правілы гульні”, спрабуючы знайсці надзейную крыніцу для гарантаванай выплаты пенсій. Самае дзіўнае, што, нягледзячы на ўсю тамтэйшую пенсіённую каламуць, становішча расійскіх пенсіянераў з кожным годам… паляпшаецца. Тут і напраўду: што немцу дрэнь, рускаму ні хрэнь… Толькі за перадкрызісную пяцігодку народу паднялі выплаты практычна ўдвая. Выратоўвае — па ўсім — нафтагазавы бюджэт. Праўда, для тых, хто яшчэ працуе, пенсіённае будучае не выглядае ружовым. Хутчэй — незразумелым… З аднаго боку, заяўлена, што на працягу 2013 года пенсіі ў Расіі павысяцца ў сярэднім на 30%, а з другога — насоўваецца пенсіённая рэформа, якую “думцы” пакуль нават не абмяркоўвалі. Ды і тэрміны падрыхтоўкі рэформы пакуль не вызначаны. Пра неабходнасць жа перагледзець саму пенсіённую формулу гаварылі яшчэ ў 2010 годзе. І вось у кастрычніку Пуціну нарэшце паклалі на стол Стратэгію развіцця пенсіённай сістэмы да 2030 года. Той у сваю чаргу запатрабаваў ад міністраў да 15 снежня ўнесці ў Дзяржаўную Думу тэксты законапраектаў. І ўвогуле параіў сваім чыноўнікам не спяшацца з “важнейшым для народа” законапраектам: маўляў, трэба сем разоў падумаць перад тым, як адзін раз адрэзаць. А прэм’ер-міністр Дз.Мядзведзеў і ўвогуле зрабіў ураду контрпрапанову, заявіўшы, што гэты законапраект можна адкласці да красавіка 2013 года. Карацей, сышліся на тым, што работа “думцам” прадставіцца недзе ў сярэдзіне года. З таго вынікае хіба адно: у пенсіённых планах расійскага ўрада па-ранейшаму нічога пэўнага, а перадпенсіянеры ў роздуме: у якім узросце кожны з іх выйдзе на пенсію і якой будзе сума дзяржаўных выплат? На думку многіх незалежных назіральнікаў, увесь гэты бюракратычны “заварот” вакол пенсій — толькі частка куды больш важнай праблемы. І тая праблема — у недасканаласці, архаічнасці фінансавай сістэмы. За столькі гадоў рэформ (ці псеўдарэформ) так і не было створана па-сапраўднаму рэальных магчымасцяў для зберажэнняў і накапленняў. Верагодна, у цяперашніх расійскіх заканатворцаў і кіроўцаў пенсіённае пытанне — ніякая не праблема. Пакуль высокая цана на газ і нафту, можна пакінуць усё як ёсць, уключаючы салідарную пенсіённую сістэму, якая цалкам залежыць ад магчымасцяў Пенсіённага фонду і Дзяржаўнага бюджэту. І тут нічога дзіўнага ў тым, што ўрад РФ падвышае пенсіі ўсім пенсіянерам, незалежна ад стажу і статусу. Вось і сярэдні памер пенсій ужо “абскакаў” прыбалтыйскія сярэднія пенсіі. Але ці варта ўзрушацца, асабліва на фоне дэмаграфічнай праблемы, якая на вачах робіцца мінай запаволенага дзеяння?..

Беларускі варыянт

У беларускім пенсіённым балоце — і конь не валяўся… Калі што і абмяркоўваецца, то хіба адно — калі і на колькі гадоў павысяць пенсіённы ўзрост. Пра  нейкія паі, недзяржаўныя фонды, полісы накапляльнага страхавання — гэта ўсё капіталістычныя “штучкі-дручкі”, гэта не для нас. Затое з высокіх трыбун ледзь не плаксівыя заклінанні: дзяржава стараецца, робіць усё магчымае і ўсё такое, але ж Беларусь бедная, бо няма ў нас ні таго, ні гэтага — ні нафты, ні газу (пра велізарныя калійныя радовішчы не ўзгадваецца, як і пра нашы лясы, азёры, балоты)… А яшчэ, як бы спакваля, улада і апраўдваецца: бедных стала на 30% болей, таму нічога не застаецца, як падкарэкціраваць бюджэт пражытачнага мінімуму… І тут жа запэўнівае: маўляў, не варта хвалявацца за пенсіі. Калі і будуць нейкія змены ў пенсіённым заканадаўстве, то нічога кепскага не прагназуецца: пенсіённая ж сістэма — дзяржаўная…

Правільна — цалкам дзяржаўная, таму і не зацікаўлена ў розных там недзяржаўных пенсіённых фондах. Лепш ураўнілаўка, і каб лейцы толькі ў руках кіроўцы — так лацвей трымаць народ у залежнасці. Для нас усё яшчэ найлепшая — пенсіённая сістэма “жалезнага” Бісмарка…

Георгій ЧЫГІР.

Сярэднія пенсіі ў краінах  свету (на пачатак 2012 г.)

Краіны свету

Сярэднямесячная пенсія, дол. ЗША

Аўстрыя

2900

Фінляндыя

2800

Данія

2600

Германія

2500

Ізраіль

2500

Іспанія

2200

ЗША

2000

Польшча

1050

Эстонія

750

Латвія

550

Расійская Федэрацыя

330

Казахстан

260

Азербайджан

200

Украіна

150

Беларусь

130

Кыргызстан

80

Таджыкістан

40

Поделиться ссылкой: