Пра гэта паведаміў юрыст царквы Сяргей Луканін. «Сёння мы атрымалі позву, падпісаную судовым выканаўцам Шчарбовічам. Вышэйшы гаспадарчы суд плануе правесці прымусовае высяленне 5 снежня аб 11 гадзіне», – паінфармаваў ён.

Паводле юрыста, падставаю для высялення стала тое, што зямля быццам бы выкарыстоўваецца неадпаведна з мэтавым прызначэннем.

Цяпер кіраўніцтва супольнасці вырашае, як будзе дзеяць далей. «Мы да гэтага ставімся вельмі сур’ёзна. Найбліжэйшым часам збярэцца рада царквы і будзем вырашаць, што рабіць. Але адно можна сказаць дакладна: пакідаць будынак мы не збіраемся», – запэўніў Сяргей Луканін.

Нагадаем, царква «Новае жыццё» змагаецца за ўласнае памяшканне з 2005 года. Тады ўлады Беларусі заявілі, што царква не можа выкарыстоўваць зямельнага надзелу для культавых мэтаў. Вернікі прайшлі больш за 30 судовых працэсаў, і ў 2009 годзе Найвышэйшы гаспадарчы суд вынес канчатковую пастанову: царква мусіць вызваліць будынак. Датуль «Новаму жыццю» ўдавалася адстойваць памяшканне дзякуючы пастам-галадоўкам ды шырокаму розгаласу справы сярод беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці.

Поделиться ссылкой: