У адміністрацыях трох школ, якія знаходзяцца каля Камароўскага рынку, “Народнай Волі” патлумачылі, што СТОП-мэны, апранутыя ў камізэльку на ўзор ДАІ, за 45 хвілінаў да пачатку ўрокаў і на пераменах, калі дзеці малодшых класаў могуць накіравацца дахаты, знакам “СТОП” спыняюць аўтамабілі, каб дзеці маглі перайсці дарогу. РАНА Савецкага раёна выдала загад аб арганізацыі СТОП-мэнаў і правядзенні адпаведных дзяжурств.

У некаторых месцах выглядае гэта даволі спецыфічна. На вуліцы Кульман каля зебры, перад якой усталяваны “ляжычы паліцэйскі” і кіроўцы запавольваюць рух, двое СТОП-мэнаў (супрацоўнікі школы) спыняюць знакам практычна кожны аўтамабіль, калі бачаць, што нехта накіроўваецца да дарогі – пенсіянер, ці школьнік. Некаторыя кіроўцы не вытрымліваюць і даволі непрыязна рэагуюць на гэта. Таксіст, які назваўся Уладзімірам,  паказаў СТОП-мэнам на знак абмежавання хуткасці да 40 км і на “ляжычы паліцэйскі”. Ён сказаў “Народнай Волі”, што сітуацыя выглядае абсурднай, калі на маленькай вуліцы, перад абазначаным пераходам ды штучнай перашкодай  на шляху кіроўцы яшчэ дадаткова паказваюць знак. “Ніхто ж не будзе газаваць, калі ўбачыць пешахода. Я ехаў у двары дома каля 178 школы. Там школа таксама агароджана высокім плотам. І там таксама стаіць жанчына са знакам “СТОП”. Спытаў у яе які ў гэтым сэнс, а яна: “А ў нас загад па школе. Вось і стаім па чарзе”. Я разумею, што адбылася трагедыя, дык трэба неяк вырашаць сітуацыю з паркоўкамі і г.д. Але навошта даводзіць усё да маразма?!”.

У Савецкім раёне сталіцы тэрыторыі школ агароджаны плотам і таму СТОП-мэны дзяжураць далёка за яе межамі. Не кожны кіроўца можа зразумець, што недзе ў дварах месціцца навуковая ўстанова. СТОП-мэны (добраахвотныя памочнікі ДАІ) нядаўна з’явіліся на гарадскіх вуліцах. Пакуль вядома, што дзяжурствы будуць ладзіцца да канца месяца.  

Поделиться ссылкой: