Частка беларускага грамадства адзначае гэтую дату як Дзень Герояў, а некаторыя гісторыкі лічаць, што падзея 1920 года павінна адзначацца на дзяржаўным узроўні.

«Народная Воля» пацікавілася, што ведаюць беларусы пра гэты дзень.

Ганна СЕВЯРЫНЕЦ, выкладчык Iнстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва:

— Слуцкае паўстанне — гэта напамін пра тое, што беларусы не заўсёды былі тым маўклівым і засмучаным статкам, якім яны падчас падаюцца сёння. І адначасова — папярэджанне: мы — цярплівыя, але не бясконца. У кожным беларусе чакае свайго часу слуцкі Герой — і крый Божа нам забіць яго ў сабе.

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта на выбарах 2010 года, вядомы паэт:

— У маім разуменні гэтая падзея хутчэй духоўнага кшталту, чым гістарычнага. Канешне, гістарычны факт быў, але ён якраз выявіў моц і сілу духу беларусаў у іх памкненні здабыць тое, што ёсць воля, што ёсць свабода. Бо вельмі шмат народаў, як з Поўдня, так і з Захаду і Усходу, даводзілі, што беларусы наогул такога памкнення не маюць па той прычыне, што не з’яўляюцца народам, нацыяй. Аднак Слуцкае паўстанне паказала адваротнае, і для мяне асабіста ў гэтым яго найпершая вартасць.

Ігар ІЛЬЯШ, журналіст газеты “Белорусы и рынок”:

— Слуцкае паўстанне — важны прыклад нацыянальнай самаарганізацыі беларусаў. Прыклад, якім мы можам і павінны ганарыцца. Перафразуючы Буніна, можна сказаць: што гэта было б, куды б мы вочы дзявалі, калі б не было ў нашай гісторыі “слуцкіх паўстанняў”? Аднак мы не павінны перабольшваць агульнагістарычнай значнасці гэтай падзеі. Па маштабах, размаху, працягласці і рэзанансе Слуцкае паўстанне ніяк не можа параўнацца з Тамбоўскім паўстаннем у Расіі ды і многімі іншымі паўстаннямі, якія разгортваліся ў тыя гады на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Слуцкае паўстанне — гэта важная дата менавіта для нас, у кантэксце развіцця менавіта беларускай нацыі, яе самасвядомасці і гісторыі. У агульнагістарычным жа маштабе гэтая падзея ўяўляецца далёка не такой значнай, гэта трэба разумець, каб залішне не міфалагізаваць гэтую дату.

Паліна РЭСПУБЛІКА, спявачка:

— Я лічу Слуцкае паўстанне адной з найяскравейшых падзей ХХ стагоддзя ў гісторыі Беларусі. Менавіта таму, што тады вельмі моцна праявіліся беларуская духоўнасць, нацыянальны дух. Канешне, гэтая дата павінна адзначацца на высокім ўзроўні. На жаль, цяперашняй уладзе нявыгадна папулярызаваць і падтрымліваць такія падзеі.

Сяргей СЕМЯНЮК, актывіст Партыі БНФ:

— Слуцкі збройны чын займае вялікае месца ў беларускай гісторыі, таму што гэтае паўстанне было дзеля таго, каб зрабіць Беларусь сапраўды беларускай, са сваёй беларускай уладай. У гэтым сэнсе Слуцкі збройны чын яшчэ не скончыўся, зараз назіраецца больш спакойная ягоная фаза, таму што змаганне за незалежнасць, за беларускую ўладу не скончана. Але ўсяму свой час.

Улада ў Беларусі зацікаўлена ў тым, каб заціраць такія важныя даты ў беларускай гісторыі. Таму наша задача як незалежнага грамадства, як тых, хто падзяляе ідэалы Слуцкага збройнага чыну, — расказваць насельніцтву, якое не ведае аб ім, як пачыналася паўстанне, якія мэты ставіліся і чым усё скончылася.

Віктар ЮРАНАЎ, праграміст:

— Не ведаю аб гэтым паўстанні. Гісторыяй ніколі не цікавіўся, таму не адкажу на пытанне.

Алеся ТАРАНДА, майстар па манікюры:

— Не ведаю нічога пра гэтую дату, я ў школе гісторыю не вельмі любіла.

Аляксей ХУРС, кіроўца:

— Гэта адна з самых значных падзей у мадэрновай гісторыі Беларусі. Падзея, якая з’яўляецца неад’емнай часткай працэсу — станаўлення беларускай нацыі. Менавіта Слуцкае паўстанне было адзінай падзеяй пачатку ХХ стагоддзя, калі воля народа да дзяржаўнага будаўніцтва, да незалежнасці рэалізавалася ў канкрэтных вайсковых дзеяннях. Гэтая дата павінна заняць сваё месца ў дзяржаўным пантэоне значных падзей. Тыя людзі варты, безумоўна, ушанавання і ўганаравання. На жаль, Слуцкае паўстанне сёння забыта, схавана і для большасці людзей не вядома. 

Зінаіда ЦІМОШАК, грамадская актывістка:

— Слуцкае паўстанне павінна займаць вартае месца ў гісторыі Беларусі, а не тое, што займае зараз.Такіх прыкладаў, калі людзі змагаліся за сваё жыццё, маёмасць, за будучыню краіны, у нас няшмат. Слуцкае паўстанне — спроба не дапусціць тых жахлівых перыядаў гісторыі, якія наступілі потым. На жаль, спроба не ўдалася. Акрамя гэтага, Слуцкае паўстанне — адзін з момантаў, на якiм можна выхоўваць моладзь, гэта значны прыклад мужнасці. Трэба распаўсюджваць інфармацыю аб гэтай падзеі сярод насельніцтва.

Юрась ГУБАРЭВІЧ, намеснік старшыні руху “За Свабоду”:

— Я лічу гэтую падзею адной з важнейшых у гісторыі Беларусі таму, што на этапе станаўлення беларускай дзяржавы паўстанне было одной з праяў таго, што беларусы мелі волю да нацыянальнай барацьбы, да таго, каб мець уласную дзяржаву. Яны былі гатовы абараняць здабыткі, у тым ліку і ўзброеным чынам. Таму, калі ў нас будуць нармальная ўлада і дзяржава, якая шануе свае нацыянальныя падзеі і вядзе гісторыю не з 1941 года, то Слуцкі збройны чын зойме адно з належных месцаў у нашай гісторыі.

Павел ВІНАГРАДАЎ, актывіст грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”:

— У кожнай паважаючай сябе краіны, у краіны з гісторыяй ёсць і, напэўна, павінны быць святы, якія паказваюць, што можа войска краiны. Але я лічу, што любыя ўзброеныя канфлікты — гэта зло. Пры такіх канфліктах гінуць жаўнеры і людзі, якія ні ў чым не вінаватыя, якім няма выгады ад вайны. Слуцкі ўзброены чын — свята беларускай зброі.

Іншая справа, што Беларусь можа згубіць сваю дзяржаўнасць і адпаведна сваю гісторыю. У беларусаў слаба развіта самасвядомасць, у адрозненне, напрыклад, ад палякаў ці ўкраінцаў. Я спадзяюся, што дрэннага не адбудзецца і беларусы пачнуць усведамляць сябе беларусамі, а не часткай Расіі ці Польшчы. Бо з-за адсутнасці ведаў па гісторыі і самасвядомасці насельніцтва мала што ведае аб Слуцкім паўстанні…

Валянціна ЛЕБЕДЗЕВА, гісторык:

— Слуцкае паўстанне — важны прыклад барацьбы за незалежнасць. У рэйтынгу змагання гэтая падзея на першых пазіцыях. На жаль, гістарычная памяць беларусаў вельмі слабая, і гэта агульнавядомы факт. Тэма Слуцкага паўстання ў школьных падручніках і медыйнай прасторы фактычна не згадваецца, таму беларусы мала ведаюць аб ім (а некаторыя ўвогуле не ведаюць). Таксама ў сённяшнім грамадстве няма паняцця ведаў, а ёсць паняцце інфармацыі. Сённяшнія людзі наогул мала чаго ведаюць…



 

Поделиться ссылкой: