Дзіва дзіўнае! У тым, што ў краіне, асабліва ў гарадах, амаль не засталося беларускіх школ, аказваецца, вінаваты толькі бацькі нашых школьнікаў, бо яны, бачыш ты, не пасылаюць сваіх дзяцей вучыцца ў беларускамоўныя класы. Вінаваты нават бацька адзінай вучаніцы адзінага беларускамоўнага класа Магілёва спадар Салаўёў, бо “аўтарытэт яго асобы ў грамадскім жыцці рэгіёна не выходзіць за межы яго ўласнай сям’і”…

Аксціцеся, даражэнькія! Калі вы развучыліся лагічна мысліць, дык не абвінавачвайце ў гэтым наш памяркоўны народ!

Навошта вам, паважаны Алег Трусаў, ехаць у Магілёў, каб адкрыць там у рэшце рэшт хоць адзін на ўвесь горад беларускамоўны клас? Не вы гэта павінны рабіць! Сядзіце сабе спакойна ў Мінску і пішыце свае звароты ў дзяржаўныя ўстановы ці “Правілы мовы ад Алега Трусава” (“Наша слова” за 7 сакавіка 2012 года).

І не вы, паважаны Мікалай Чаргінец, павінны хадзіць па дзіцячых садках, праводзіць конкурсы на лепшага знаўцу беларускай мовы дзіцячасадкоўскага маштабу і дарыць дзеткам-пераможцам танныя кніжачкі. Тым больш што і сам, як прызнаяцеся, па-беларуску размаўляеце з цяжкасцю (“Няма практыкі, няма з кім гутарыць па-беларуску”).

І не Уладзімір Някляеў і яго паплечнікі, якія гавораць горкую праўду ў бессаромныя ўладныя вочы, павінны адкрываць беларускамоўныя класы і школы…

Агітаваць за беларускую мову і адкрываць беларускамоўныя класы і школы павінны тыя, хто, на вашу думку, так “спрыяльна ставіцца да беларускамоўных класаў у горадзе і краіне”. Так-так! Менавіта гарадскія ўлады горада Магілёва! А бяры і вышэй — і Міністэрства адукацыі, і ўрад, і прэзідэнт! Як-ніяк, а беларуская мова, згодна з Канстытуцыяй, гарантам якой яны з’яўляюцца, у нас не вясковая, а ўсё ж такі дзяржаўная, і менавіта дзяржава павінна клапаціцца аб тым, каб яна мела аднолькавы статус з рускай, як гэтага дамагаліся яны, чыноўнікі ўсіх рангаў, на ўсім нам вядомым рэферэндуме.

Звярніце ўвагу, што на вёсцы няма ніякіх спрэчак наконт таго, ці пускаць сваіх дзяцей у школу з беларускай мовай навучання, бо яны там здаўна беларускамоўныя. Гэта ўзаконена было яшчэ пры таварышу Сталіне! А беларус здаўна паважае закон, якім бы ён дрэнным ні быў, бо разумее, што беззаконне вядзе да крывавых войнаў ці да барацьбы за ўладу паміж моцнымі свету існага, але ў гэтых бойках сплывае крывёю самы безабаронны — просты народ.

Дык чаму ж з вясковай не зрабіць нашу беларускую мову агульнадзяржаўнай? А для гэтага трэба проста ўзаконіць абавязковае валоданне беларускай мовай кожным дзяржаўным служачым! Гэтага ж, між іншым, патрабуе і Канстытуцыя!

Дзяржаўная мова таму і называецца дзяржаўнай, што з’яўляецца прыналежнасцю не вёскі, не сям’і Салаўёвых з Магілёва, а нашай агульнай з вамі дзяржавы! А дзяржава — гэта ў першую чаргу наш прэзідэнт, яго вертыкаль улады, урад і ўсе ўрадоўцы ад міністра да самага дробнага чыноўніка. А таксама ўсе работнікі пракуратуры, судоў, міліцыі, арміі… Адным словам, дзяржава — гэта ўсе дзяржаўныя служачыя. І ён, яго вялікасць дзяржаўны служачы, калі ўжо згадзіўся стаць на пачэсную дарогу дзяржаўнай службы і добраахвотна вырашыў цягнуць нялёгкую лямку служэння беларускаму народу, не мае права выбару мовы. Таго права, якое мае любы іншы просты грамадзянін. Дзяржслужачы абавязаны ў сваёй дзейнасці карыстацца дзвюма мовамі  — і рускай, і беларускай, прычым на аднолькавым узроўні.

І тады не трэба будзе трактарыста ці сантэхніка агітаваць за тое, каб ён аддаў сваё дзіця ў беларускамоўны клас. Дзеці самі туды пабягуць і пацягнуць за рукаў сваіх жа бацькоў, калі даведаюцца, што без ведання беларускай мовы ім будзе “не праханжэ” па лесвіцы дзяржаўнай улады. Ды так ва ўсім свеце: не ведаеш дзяржаўную мову — не маеш ніякага права займаць дзяржаўную пасаду. Навошта трымаць ва ўладзе напаўадукаваных людзей ці гультаёў, якія жывуць у краіне ўсё жыццё, а мову гэтай краіны вывучыць так і не здолелі?

А права выбару мовы, калі разважаць лагічна, маюць толькі людзі, якія на дзяржаўныя пасады не прэтэндуюць. Як і на выбарныя!

А цяпер скажу некалькі слоў пра дзяленне школ на рускамоўныя і беларускамоўныя. Пра такое нават і гаворка павінна лічыцца зняважлівай да той ці іншай нацыянальнасці. У дзяржаве павінна існаваць адзіная агульнаадукацыйная (як сярэдняя, так і вышэйшая) школа, якая б давала добрыя веды па ўсіх без выключэння прадметах як на рускай, так і на беларускай мовах адначасова. І ў рэшце рэшт яе выпускнікі валодалі б абедзвюма дзяржаўнымі мовамі і адной-дзвюма іншаземнымі. А як гэта зрабіць, хай падумаюць тыя, хто ўводзіў у Беларусі закон палажэнне аб дзяржаўным двухмоўі.

Што тычыцца выбару мовы, яшчэ раз падкрэсліваю, і гаворкі не павінна быць.

Па-першае, слова “выбар” азначае дзеянне, пры якім з двух або некалькіх прадметаў ці асоб мы пры параўнанні аддаем перавагу аднаму з іх — лепшаму. У моўным кантэксце такім выбарам мы зневажаем, можа, і не жадаючы, пачуцці прадстаўнікоў аднаго з народаў.

Па-другое, так званы “выбар мовы” дае магчымасць меншасць (а ёй у наш час з’яўляюцца прыхільнікі беларушчыны) у вачах не зусім адукаваных і тактоўных людзей зрабіць “белымі варонамі” і абазваць патрыётаў “нацыяналістамі”.

Па-трэцяе, пра які ж аднолькавы статус можа весціся гаворка, калі мы дзелім пры выбары на лепшую і горшую дзве раўнапраўныя мовы?

Па-чацвёртае, права выбару дало магчымасць бюракратычнаму апарату нашай дзяржавы ператварыцца ў нейкую надканстытуцыйную касту і паставіць сябе над Законам. А можа, і па-за Законам?

Па-пятае, хто мяне пераканае, што намі з цягам часу, карыстаючыся правам выбару мовы, не стануць кіраваць заезджыя ворагі, якім да фені наша гісторыя, нашы нацыянальныя каштоўнасці ды і мы з вамі, нашы дзеці і ўнукі, будучыня нашай роднай Беларусі?

І не Уладзімір Някляеў і яго паплечнікі вінаватыя ў тым, што ўлада глухая і не чуе праўды, сказанай проста ў вочы. Бацькі нашых школьнікаў даўно ўжо ачомаліся, задумаліся і дадумаліся, адкуль дзме вецер, а супраць ветру ім проста не хочацца… пляваць. Бо разумеюць, што вецер абавязкова направіць той плявок ім у твар.

Вінавата наша з вамі баязлівасць і прыніжанасць, даўняя звычка згінацца перад кожным панком і падпанкам і лісліва прасіць выканання імі ж самімі ўзятых на сябе абавязкаў. У тым ліку — і Асноўнага Закона Рэспублікі Беларусь. Гэта мы далі ім магчымасць уявіць сябе князькамі і царкамі ў сваіх уладаннях і нават “памазанікамі Божымі”, якім усё дазволена, якія ўсё могуць, нават парушаць запаведзі Божыя.

Адно толькі зразумела, што гэтая непагадзь будзе працягвацца да таго часу, пакуль мы не адчуем сябе сапраўднымі грамадзянамі сваёй Бацькаўшчыны і не пачнём настойліва і штодзённа патрабаваць выканання асноўных палажэнняў Канстытуцыі. Ці заканадаўцы тыя законы пішуць толькі для простага народа, для “шушары”, як кажа мая суседка?..

Крупскі раён

Подпіс пад фота: Так сусветнавядомыя фірмы рэкламуюць беларускую мову: акцыя Samsung.

Поделиться ссылкой: