Жыхары мікрараёна абураліся, што вялікі будынак на фоне трох-чатырохпавярховых унясе дысананс у агульную карціну. На думку выступоўцаў, вялікі гатэль з казіно і рэстаранам пагоршыць і без таго складаную сітуацыю на вуліцах, прылеглых да будынка. Штодня нават не ў гадзіну пік на вуліцах Раманаўская Слабада, Гарадскі вал, Інтэрнацыянальная і Валадарскага час ад часу ўтвараюцца пробкі.

Дырэктар архітэктурнай майстроўні, сп.Цэйтлін выслухаў шмат крытыкі ў свой адрас. Архітэктар аргументаваў сваю пазіцыю: “Колькі разоў можна слухаць: “Паглядзіце як у Варшаве ставяцца да гістарычнай спыдчыны”? Мы ж прапануем гатэль, а не жылы дом. Калі б мы будавалі жылы дом, то спатрэбілася б дадатковая тэрыторыя, трэба дадатковыя парковачныя месцы. А тут усяго гатэль 16-павярховы на 520 нумароў”. Усе аргументы сп.Цэйтліна прысутныя сустракалі воклічамі абурэння.

Старшыня дабраахвотнага таварыства захавання гістарычнай спадчыны Антон Астаповіч назваў праект будаўніцтва гатэля незаконным і запатрабаваў, каб выканкам адрэагаваў на яго словы. Апроч таго, Астаповіч заявіў, што таварыства будзе звяртацца ў пракуратуру, каб не дапусціць яшчэ большага разбурэння гістарычнага вобліку сталіцы.

Інвестар Філіп Ісаеў два гады таму прыехаў у Беларусь з Турцыі.

“Мне прапанавалі толькі гэтае месца. Я не ведаў, што гэта гістарычны цэнтр. Але якая розніца? Ён шмат месца не будзе займаць. Іншага месца ўсё роўна няма. Калі я спытаў, то мне сказалі, што іншыя кавалкі зямлі ўжо занятыя іншымі інвестарамі. Усё раздалі і засталося толькі гэта. Праўда, мне прапанавалі яшчэ ўнесці інвестыцыі ў будаўніцтва прамысловых аб’ектаў, напрыклад, у мясаперапрацоўчы камбінат, але я хачу менавіта гатэль і ў цэнтры”, — патлумачыў Філіп Ісаеў “Народнай Волі”.

У адміністрацыі Маскоўскага раёна запэўнілі, што ўсе меркаванні грамадскасці перададуць, адпаведна заканадаўству, у вышэйшыя інстанцыі. Не выключана, што гэтым разам жыхарам удасца “адваяваць” тэрыторыю, на якой раней была жаночая гімназія (там, дарэчы, вучылася Стэфанія Станюта). Ніхто з запрошаных на сход чыноўнікаў не змог адказаць на пытанне: “Чаму нельга пабудаваць будынак па старых фатаграфіях, але з сучаснай “начынкай” унутры, каб захаваць для нашчадкаў гістарычны цэнтр сталіцы?”

Поделиться ссылкой: