Уладзімір Антонавіч кажа, што ён сам “ужо практычна на іх пахаваны”. На надмагільнай пліце яго прозвішча стаіць побач з жончыным, застаецца адкрытай толькі дата смерці…

Акрамя жонкі тут пахаваны таксама іншыя яго сваякі. У тым ліку раскулачаныя ў 1930-х гадах дзед з бабай. Да ўсіх іх 84-гадовы Уладзімір Антонавіч вельмі часта наведваецца, дабіраючыся сюды амаль праз увесь горад з вуліцы Сурганава.

Нягледзячы на свой пачэсны ўзрост, калі чалавек ужо заслужыў права на адпачынак ад актыўнай дзейнасці, апошнія гады Уладзімір Антонавіч прысвяціў барацьбе з гарадскімі ўладамі, адказнымі за добраўпарадкаванне могілак. Дакладней, барацьбой гэта лічаць самі ўлады, тады як спадар Мурашка ўпэўнены, што добраахвотна дапамагае выконваць іх працу.

Без яго ўвагі не заставалася ніводная дробязь. І часткова абрушаны плот, і адсутнасць кантэйнераў для смецця і г.д. Многае дагэтуль не выпраўлена, але апошнім часам спіс праблем яшчэ і папоўніўся — з-за пабудовы аўтасервіса  ЗАТ “Скімен” аказаўся перакрытым уваход на старую частку могілак.

Гэты ўваход стаў галоўным прадметам клопату Уладзіміра Антонавіча. Справа ў тым, што новая частка могілак (дзе, дарэчы, пахаваны Уладзь Каткоўскі — адзін з пачынальнікаў беларускамоўнага інтэрнэту, яго актыўны і вядомы дзеяч, які памёр у 2007 годзе) знаходзіцца ў нізіне, туды вядзе асфальтавая дарога, а старая — на ўзгорку. Раней сюды спакойна можна было патрапіць без альпінісцкіх практыкаванняў. Цяпер будынак аўтасервіса  стаіць упрытык да плота, літаральна за палову локця ад яго. У сувязі з чым уваход папросту заварылі. Пакінь будаўнікі некалькі дадатковых метраў — праблемы не паўстала б. Але ж нехта на тыя метры паквапіўся…

Такім чынам, Уладзіміру Антонавічу, як і іншым наведвальнікам могілак, у асноўным пажылым людзям, даводзіцца спачатку спусціцца ўніз, а потым караскацца на ўзгорак па вузенькай і пакручастай сцяжынцы. Па словах спадара Мурашкі, пры ім тут ужо двойчы пенсіянеркі ламалі сабе ногі.

Гэта калі пад’язджаць да могілак на транспарце па вуліцы Сямашкі. Мы з Уладзімірам Антонавічам рабілі менавіта так. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што існуе іншы ўваход — з боку нядаўна адкрытай станцыі метро “Пятроўшчына”. Аднак падысці да яго можна, толькі пераадолеўшы крутую і слізкую ад бруду горку.

У спадара Мурашкі назапасіўся ўжо цэлы стос адказаў з розных інстанцый. Сам ён называе іх проста адпіскамі. Улады адгаворваюцца і абяцаюць, што ў самым хуткім часе ўсё будзе зроблена найлепшым чынам. І так два гады.

Магчыма, калі-небудзь новая брамка на ўваходзе на могілкі сапраўды з’явіцца. Тым не менш застанецца адкрытым пытанне: а ці будзе калі-небудзь сорамна тым, хто ва ўгоду часовай камерцыйнай выгадзе пакрыўдзіў жывых і мёртвых?

Ва ўгоду камерcантам пакрыўдзілі жывых і мёртвых

Ва ўгоду камерcантам пакрыўдзілі жывых і мёртвых

Ва ўгоду камерcантам пакрыўдзілі жывых і мёртвых

Ва ўгоду камерcантам пакрыўдзілі жывых і мёртвых

Ва ўгоду камерcантам пакрыўдзілі жывых і мёртвых

Ва ўгоду камерcантам пакрыўдзілі жывых і мёртвых

Фота аўтара


Поделиться ссылкой: