Фотаздымак кароў, якія знаходзяцца па вымя ў гноі на малочна-таварнай ферме ў вёсцы Валькі Віцебскага раёна шакаваў байнэт.

Галоўны заатэхнік бруднай фермы Андрэй Барысавіч Дудараў пацвердзіў Еўрарадыё, што лайно не прыбіралі прыкладна тыдзень:

“Не каровы, а маладыя цёлкі. Было чыста два тыдні таму, нармальна. З палівам было тугавата, трохі запусцілі, не было магчымасці вычысціць. З фінансамі туга і з палівам туга. Гаручае давалі, але на больш важныя патрэбы — на перавозку кармоў, тое-сёе”.

Галоўны заатэхнік супакойвае Еўрарадыё, што да вечара пасцеляць салому:

“Цяпер усё вычышчаем. Вось я тут акурат знаходжуся, тэхніка працуе. Усё нармальна. Адзін бок ужо вычышчаны, салому пасцелім, да вечара будзе чыста”. 

У гаспадарцы працуе каля 200 чалавек, а людзей не хапае. Нават жыллё нікому не патрэбнае. Сярэдні заробак даяркі — 2,5 мільёны рублёў, а для тых, хто добра працуе — і пад тры!

“Доктар толькі нядаўна з’явіўся. Жывёлавод патрэбны, чатыры даяркі, пастухі. Трактары ёсць свабодныя — не хапае механізатараў. Вы скажыце, хто цяпер хоча ісці ў сельскую гаспадарку? Хто, вы скажыце? Хто?! Мы давалі аб’яву. Сям’я прыехала, але ўжо тыдзень прайшоў, а на працу яны не з’яўляліся”.

Фота: Алены Барысенкавай з сацыяльнай сеткі ў кантакце

Поделиться ссылкой: