На прэс-канферэнцыі 14 лістапада амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка прасіў прабачэння ў беларусаў за тыя праблемы з электроннай рэгістрацыяй, якія ўзніклі дзякуючы беларускім хакерам. Як з імі можна справіцца, і ці дапамагаюць у гэтым беларускія спецыялісты з “Упраўлення”К”, Еўрарадыё распавядае кіраўнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у галіне высокіх тэхналогій МУС Ігар Чарненка.

Еўрарадыё: Амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка вінаваціць у праблемах з электроннай рэгістрацыяй візавых анкет нейкі таемны “скрыпт”. Ён сапраўды такі страшны?

Ігар Чарненка: Я магу сказаць адно: мы зацікаўленыя не менш за польскі бок у навядзенні парадку. Мы зацікаўленыя, каб нашы грамадзяне без праблем маглі атрымліваць візы і ездзіць туды, куды ім трэба. І ў той жа час, мы займаемся высвятленнем асоб, якія такім вось чынам займаюцца гэтым “бязмежжам”. Там, дзе будзе склад злачынства — будзе склад злачынства. І гэта не абавязкова павінен быць склад злачынства супраць інфармацыйнай бяспекі. Але людзі павінны ведаць: тыя, хто аказвае гэтыя так званыя паслугі, не з’яўляючыся індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і якія не маюць адпаведных дамоў з турыстычнымі фірмамі, а калі, груба кажучы, знайшоў у інтэрнэце гэты скрыпт, запусціў і здзірае па 400 долараў, то пры выяўленні ён будзе прыцягнуты да адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць! А гэта — таксама не слаба.

Еўрарадыё: Вы займаецеся гэтай праблемай па ўласнай ініцыятыве?

Ігар Чарненка: Мы пачалі гэтым займацца па сваёй ініцыятыве. З траўня, як толькі пайшла гэтая інфармацыя. Выходзілі на польскую амбасаду — нам была прадстаўленая пэўная інфармацыя. І цяпер мы ўзаемадзейнічаем з польскімі праваахоўнымі органамі па атрыманні той інфармацыі, якая можа прывесці да выяўлення зламыснікаў.

Еўрарадыё: Пад які артыкул трапляюць такія “жартачкі” з электроннай рэгістрацыяй?

Ігар Чарненка: У тым выпадку, калі чалавек атрымлівае грошы за гэтыя дзеянні ад іншага чалавека, гэта становіцца яго дзейнасцю, і ён не плаціць падаткі, не з’яўляючыся прадпрымальнікам — у гэтым выпадку ёсць склад злачынства — незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць. Гэта не трапляе пад прыкметы злачынства супраць інфармацыйнай бяспекі.

Еўрарадыё: Такім чынам, вы сур’ёзна займаецеся “польскімі праблемамі”?

Ігар Чарненка: Так! І тымі, хто на гэтым незаконна нажываецца!.. На жаль, польскі бок не можа нам дакладна сказаць, каму і колькі яны далі магчымасцяў, да прыкладу — турыстычным фірмам, у суткі рэгістраваць свае заяўкі. Гэты “скрыпт” дазваляе ў аўтаматычным рэжыме, пакуль вы будзеце ўручную запаўняць анкету, забіць усе клеткі, груба кажучы, у анкеце, дадзенай на польскім сайце. Тут нічога, нібыта, супрацьзаконнага няма: сайт не ўзламаны, ніхто ад гэтага ніякай шкоды не займеў. Акрамя нашых грамадзян, якія вымушаныя пераплачваць. Я не кажу, што ў масавым парадку — сітуацыя змяняецца, палякі ўнеслі нейкія змены ў сваё праграмнае забеспячэнне. Ну, і з нашага боку прымаюцца пэўныя захады.

Еўрарадыё: І калі гэты бардак закончыцца?

Ігар Чарненка: Калі польскі бок адкажа на той запыт, які мы ім даслалі. Мы накіравалі ім пэўны шэраг пытанняў, на якія хацелася б атрымаць адказы. І нашы тэхнічныя спецыялісты далі ім свае рэкамендацыі: што трэба з тэхнічнага боку для таго, каб абмежаваць гэтую плынь. Калі нам інфармацыю польскі бок дасць, то мы выйдзем на зламыснікаў. Калі не, то тады мы, выбачайце, нічога зрабіць не зможам.

Еўрарадыё: У выпадку адказу — яны не выдадуць нейкія дыпламатычныя таямніцы?

Ігар Чарненка: Якія таямніцы! Там — чыста тэхнічная інфармацыя, што не мае пад сабойніякіх палітычных ці якіх іншых аспектаў. Гэта інфармацыя — тэхнічны складнік, які дапаможа нам выйсці на людзей, якія такім незаконным чынам атрымліваюць грошы з нашых грамадзян, а самі багацеюць.

Еўрарадыё: Якім чынам гэтыя “хакеры” потым прадаюць скрадзеныя анкеты..?

Ігар Чарненка: Яны загадзя атрымліваюць інфармацыю пра людзей, якім гэта трэба — вывешваюць адпаведныя аб’явы. У тым ліку —каля самой амбасады. Маўляў, мы аформім вам візу, атрымліваюць ад іх пашпартныя дадзеныя і грошы атрымліваюць. І гэтыя пашпартныя дадзеныя скрыпт уносіць у базу дадзеных польскай амбасады — вось і ўсё!
Вы занадта шмат хочаце ад мяне даведацца! Мы займаемся гэтай праблемай разам з праваахоўнымі органамі з польскага боку. Сваіх грамадзян мы ў бядзе не кідаем!

Еўрарадыё: Ну, хоць аднаго “скрыптэра” ўзялі, якога можна было б публічна пакараць?

Ігар Чарненка: А што вы яму можаце прад’явіць? Тое, што ён скрыпт выкарыстоўваў? Ну, і што? А што прадаваў… Вы яшчэ дакажыце, што ён незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць ажыццяўляў! Гэта не так усё хутка робіцца. Што б там не казалі, але дзяржава ў нас — прававая і прававых працэдур мы прытрымліваемся вельмі строга.

Поделиться ссылкой: