Толькі ў Мінску чарга людзей, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых ўмоў, складае больш за 268 тысяч чалавек. Пасля карэкціроўкі яна паменшылася на 12 тысяч. У Мінгарвыканкаме арыфметыку выключэння тлумачаць проста:

“Нічога страшнага няма. Людзі становяцца ў чаргу, калі ў іх ёсць падставы, а калі падставы знікаюць, яны выключаюцца з ільготнай чаргі”.

У чарзе стаяць па… сорак гадоў!

“У нас ёсць людзі — і з 71-гя года лічацца. Ім ўжо сто раз прапаноўвалі будавацца — і яны па розных прычынах не хочуць, і мы не маглі выкінуць з гэтай чаргі. А цяпер ёсць усе падставы. Адмаўляешся — і ўсе…”

І ўсё, давай, да пабачэння. Менавіта так сказалі Аляксандру, які 24 гады стаяў у чарзе на паляпшэнне ўмоў.

“Я прыехаў у Мінск на вучобу у 1980 годзе. Вучыўся і ажаніўся, жыў у інтэрнаце і там быў прапісаны”.

Жонку-мінчанку ў інтэрнат не прапісалі — маўляў, мінчанка. У інтэрнаце нарадзілася трое дзяцей Аляксандра. Але іх таксама туды не прапісалі.

“Нам сказалі — прапісвайце па месцы прапіскі бацькоў. І давялося прапісваць да дзядулі і бабулі”.

Праз колькі год Аляксандр разышоўся з жонкай і дзеці па рашэнні суда засталіся з бацькам.

“Нас прапісалі ў тэхнічным пакоі. Прапіска ёсць, але жыць павінны былі на здымным жыллі”.

Праз колькі часу Аляксандр зноў ажаніўся з жанчынай, якая мела дзіця, і сям’я магла памяняць статус у чарзе са звычайнай — на шматдзетную. Жонка выпісалася са сваёй чаргі, як маці-адзіночка. Але ў чаргу Аляксандра яе таксама не прапісалі, бо “нормы прапіскі сталі больш жорсткімі”.

“А шматдзетны статус мы страцілі, бо сыну споўнілася 18 гадоў. Да ўсяго, мне сказалі, што калі вы не жывяце, дзе прапісаныя, дык мы вас выключым з чаргі”.

Калі б Аляксандр заставаўся у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, ён мог разлічваць на больш нізкі працэнт па крэдыце. Але нізкі — гэта мякка сказана, бо у “Беларусбанку” такім прапануюць грошы на 20 гадоў пад 20%:

“Сума крэдыту разлічваецца сыходзячы з вашай плацяжаздольнасці, але не больш за 75% ад кошту кватэры”.

Калі даход будзе складаць 7 мільёнаў рублёў, банк дасць крэдыт на 170 мільёнаў з штомесячнымі выплатамі па займе ў 3,5 мільёна. 170 мільёнаў у сталіцы хопіць на цэлы пакой.

Затое свае метры, свае суседзі па камуналцы…

Фота: aif.by

Поделиться ссылкой: