Канферэнцыя мае адбыцца ў Гродне 3–4 лістапада ў рамках «Дзён Губерта».

Кіраўнік канфэрэнцыі «Гарадзенскі палімпсэст: людзі даўняй Горадні» доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук зазначае, што некалькі навукоўцаў з суседняй Польшчы ўпершыню не змогуць удзельнічаць у гродзенскай канферэнцыі:

«Пяцём даследчыкам з Польшчы не далі беларускіх візаў. Даследчыкам, якія ехалі менавіта на нашу канферэнцыю. У пашпарт проста ставілі штампік „Адмоўлена ў візе“. Не ведаю, у якой ступені гэта законна ці не, але выглядае абуральна. Навукоўцам, даследчыкам, якія едуць на навуковую канферэнцыю, адмаўляюць у візе. І толькі аднаму з іх — здаецца, прафесару Тэнгоўскаму ў Беластоку — нешта паведамілі, заявілі, што вы едзеце не на канфэрэнцыю, а займацца нейкімі палітычнымі справамі. У нашай краіне, дзе ўсё кантралюецца, нават уласныя меркаванні выглядаюць як палітыка. Што ўжо казаць пра гістарычную канферэнцыю, якая не санкцыянаваная гродзенскім аблвыканкамам».

Тэма планаванага выступу прафэсара Тэнгоўскага — «Эвалюцыя становішча Гародні ў складзе Вялікага Княства Літоўскага ў XIV–XV стст».

Алесь Смалянчук кажа, што для атрыманьня беларускай візы яны даслалі польскім удзельнікам афіцыйны ліст ад Таварыства беларускай школы. Але гэта адыграла адмоўную ролю. Выступіць на канферэнцыі «Гарадзенскі палімпэст» змогуць толькі тыя даследчыкі з Польшчы, хто ўжо меў у пашпарце беларускую візу, кажа спадар Смалянчук. У прыватнасці, гэта — Алег Латышонак.

«Сярод тых рэфэратаў, якія напэўна зацікавяць гарадзенцаў, вядома, будзе даклад знанага беларускага гісторыка з Беластоку Алега Латышонка, дзе ён так правакацыйна ставіць пад сумнеў, што Горадня — горад святога Губэрта, і спрабуе выказаць гіпотэзу, што тут больш Амерык Вэнгерскі мае дачыненьне да аленя, які пераскоквае цераз агароджу».
А пачынаюцца «Дні Губэрта» сёньня ўвечары — мастацкімі выставамі. Першая з іх адкрываецца ў мастацкай галерэі «Крыга», свае працы пакажуць вядомыя мастакі горада. Асобна свае карціны пакажа моладзь.

Поделиться ссылкой: