Ці лёгка атрымаць работу ў краінах Шэнгенскай зоны, дзе і без таго бракуе працоўных месцаў у крызісны час? Як мясцовы люд ставіцца да таго, што іх гарады акупіруюць прыезджыя, якія за сваю працу просяць меней?

Каб высветліць гэтыя пытанні, карэспандэнт “Народнай Волі” накіраваўся ў суседнюю Польшчу.

…Мой шлях ляжаў ад Мінска да самага паўночнага горада, які знаходзіцца на беразе Балтыйскага мора, — Гданьска. Да месца, так бы мовіць, вялікага перасялення, перакрыжавання мігранцкіх шляхоў.

Сённяшні Гданьск — гэта хутчэй за ўсё спалучэнне трох гарадоў: Гданьска, Сопата, Гдыні. Самі палякі называюць гэты агламерат Тшымясто. Гарады нават візуальна немагчыма аддзяліць адзін ад аднаго. Яны расцягнуліся на 30 кіламетраў уздоўж Гданьскага заліва Балтыйскага мора. Палякі, калі даюць свае вызначэнні гэтым гарадам, кажуць, што Сопат — гэта горад забаў, сімвал марнатраўства. Гдыня — доказ гаспадарчага духу палякаў, якія пасля 150 гадоў няволі атрымалі незалежнасць у 1918 годзе і менш як за 10 гадоў пабудавалі адзін з буйнейшых партоў на Балтыйскім моры. Ну а Гданьск — гэта горад з 1000-гадовай легендай.

Як пачувае горад ва ўмовах эканамічнага крызісу? Геаграфічнае становішча Гданьска дазваляе яму атрымліваць рабочыя рукі перш за ўсё з Расіі і Літвы. Але ці задаволены гэтым самі палякі? Мы ж не вельмі вітаем той факт, што ў Беларусь пачалі звозіць в’етнамцаў, кітайцаў, таджыкаў, якія збіваюць заробкі мясцовым жыхарам.

Каб высветліць, ці хапае работы самім палякам і якія ў іх праблемы, я вырашыла наведаць прафсаюз.

Па праўдзе, калі я яшчэ з цягніка ўбачыла вялізны надпіс “САЛІДАРНАСЦЬ”, то падумала, што там хутчэй за ўсё знаходзіцца нешта кшталту музея рэвалюцыі. Бо менавіта з “Салідарнасці”, як вядома, і пачыналіся змены ў Польшчы. Мае ілюзіі падмацаваў бронетранспарцёр з надпісам “Міліцыя”, невялікая стэла з шыльдачкамі, якая паведамляла аб тым, што тут у свой час месціўся прафсаюз і адбываліся тыя падзеі, пра якія ведае ўвесь свет. Ну, і яшчэ адзін сімвалічны помнік: намаляваныя сляды на дарозе з надпісам, што гэта крокі да свабоды.

Але заходжу ў будынак і адразу трапляю ў прыёмную. Сакратарка, даведаўшыся, хто я і адкуль, звязваецца з кіраўніцтвам і праз пару хвілін мяне гасцінна прымае намеснік прэзідэнта “Салідарнасці” Богдан Бісь. Ён ахвотна распавёў пра сённяшні дзень арганізацыі і галоўныя накірункі яе дзейнасці.

— “Салідарнасць” сёння рэалізуе тыя пастулаты 1980-х, якія так і не былі рэалізаваныя. Я вызначыў бы тры галоўныя накірункі: першы — павышэнне мінімальнага заробку. Асабліва гэта тычыцца маладых людзей, якія прыходзяць на рынак працы. Другі —  пазбаўленне ганебных умоў. Мы так называем тыя ўмовы працы, якія ставяць у горшую сітуацыю маладых людзей з часовай работай. Такія маладыя людзі не могуць у поўнай меры карыстацца сацыяльным пакетам, яны нават не могуць атрымаць банкаўскі крэдыт. Трэці — мы змагаемся за рэформу пенсійнай сістэмы. Павышэнне пенсійнага ўзросту жанчын і мужчын да 67 гадоў, як прапануе ўрад, праблему не вырашыць. Да таго ж раней было ўзаконена, што за 4 гады да пенсіі працадаўца не мог звальняць чалавека. Цяпер жа хочуць наступіць і на гэтае права… Таму без працы мы не засталіся, хаця Польшча ўжо не тая, як у часы, калі “Салідарнасць” пачыналася. Увогуле, у цяперашніх умовах працадаўцы іншы раз паводзяць сябе яшчэ горш, чым у тыя часы. Напрыклад, фірмы бяруць на працу маладых людзей на тых самых ганебных умовах, а праз 18 месяцаў пераводзяць іх у іншую фірму. Бо паводле закона праз 18 месяцаў яны павінны заключыць з работнікам сталы кантракт з усімі наступствамі і гарантыямі. Каб гэтага не рабіць, ідуць на самыя розныя хітрыкі. Так што абарона правоў рабочых сёння, як ніколі, стаіць на першым месцы.

Я сам, перад тым як прыйсці на гэтую пасаду, 20 гадоў адпрацаваў у шахце. Калі сваім дзецям распавядаю пра тое, як мы жылі за савецкім часам, то яны не могуць паверыць у тое, што быў дэфіцыт тавараў, што мы стаялі ў чэргах за прадуктамі, што не кожная сям’я магла набыць тэлевізар (пра аўтамабіль я ўжо і не кажу)… Але новыя ўмовы ставяць перад намі новыя задачы. У нашым Паморскім ваяводстве шэраг праблем і адна з галоўных — гэта дэфіцыт рабочых рук.

Але вы ж кажаце, што бракуе працоўных месцаў…

— Так, але бракуе нармальных працоўных месцаў. Нашы будаўнікі з’язджаюць працаваць у Нарвегію, Вялікабрытанію, Швецыю. Шукаюць лепшых заробкаў. А да нас прыязджаюць украінцы, беларусы ды іншыя. Для вашых людзей тут заробкі значна лепшыя, чым дома.

Атрымліваецца, што і палякі, і беларусы едуць у пошуках лепшага жыцця на захад. Толькі ў кожнага свой захад…

Каб даведацца, колькі ж іншаземцаў працуе сёння ў Гданьску, пайшла ва ўправу Паморскага ваяводства па справах мігрантаў. Там загадчыца аддзела (які вырашае, даць ці не даць таму ці іншаму замежніку дазвол на сталае знаходжанне на тэрыторыі Польшчы) Магдалена Памерска нават прадэманстравала спецыяльную памятку. Яна надрукавана на некалькіх мовах, у тым ліку — па-беларуску. Падрабязна патлумачана: на якой юрыдычнай падставе мігранты могуць заставацца на тэрыторыі краіны, як падоўжыць тэрмін нацыянальнай ці шэнгенскай візы, якія ўстановы разглядаюць пытанні дазволу на часовае пражыванне, як атрымаць дазвол на доўгатэрміновае знаходжанне, як атрымаць від на жыхарства і г.д. Магдалена Памерска паведаміла, што ў аддзел звяртаецца штогод каля дзвюх тысяч  чалавек. Сярод іх шмат студэнтаў, якія вучацца ў Гданьскім універсітэце і Політэхнічнай акадэміі.

Зараз я не магу вам сказаць, колькі дакладна іншаземных студэнтаў вучыцца ў Гданьску, але не сумнявайцеся, што сярод іх у асноўным грамадзяне Беларусі, літоўцы і расіяне з Калінінграда.

На гэтай жа вуліцы месціцца яшчэ адна ўправа, якая выдае іншаземцам дазволы на працу ў Польшчы. Тут загадчыца аддзела Крысціна Збароўская паведаміла, што для працаўладкавання няма ніякіх асаблівых цяжкасцяў. Асабліва гэта тычыцца тых выпадкаў, калі працадаўца заяўляе, што хоча ўзяць на працу таго ці іншага работніка.

— Бывае, што нехта адпрацаваў паўгода і мусіць з’ехаць, але прыходзіць працадаўца і кажа, што мае патрэбу менавіта ў гэтым спецыялісце. Тады мы даём яму дазвол на легальнае знаходжанне на тэрыторыі краіны. Хаця паводле закона, паўгода можа ў нас працаваць, але потым абавязаны з’ехаць дадому. Дарэчы, праз паўгода зноў можна вярнуцца. І многія вяртаюцца.

Зараз у асноўным патрабуюцца рабочыя на будаўніцтве і ў прамысловасці. Крыху менш — у сельскай гаспадарцы. Яшчэ менш — гэта праца сядзелак. Большасць іншаземцаў, якія працуюць у Польшчы, — мужчыны. Хаця ў сельскай гаспадарцы і на работах па розных відах хатняга догляду працуюць у асноўным жанчыны. Вось у мяне ёсць статыстычныя даныя па апошнім паўгоддзі. Большасць тых, хто звяртаўся за дазволам на працу, гэта ўкраінцы — 2100 чалавек. На другім месцы грамадзяне Малдовы — 162, на трэцім — вашы землякі, грамадзяне Беларусі. Іх 134. Потым са значным адрывам ідуць расіяне, усяго 31 чалавек, за імі грузіны — 19… Асноўны ўзрост тых, хто да нас звяртаецца, вагаецца ад 26 да 40 гадоў.

 

Каля кабінета спадарыні Збароўскай з запоўненымі анкетамі тоўпяцца тыя, хто прыехаў у Польшчу ў пошуках лепшага заробку. Падыходжу да маладога мужчыны, які прадставіўся Васілём Пыцько. Разгаварыліся, высветлілася, што яму яшчэ няма трыццаці.

Я прыехаў сюды з Украіны, з Львоўскай вобласці. Раней тут ужо працаваў мой сябра. Ён і параіў ехаць. У нас дома работы няма, дый я пакуль халасты, хачу свет паглядзець, грошай зарабіць.

Чаму менавіта ў Гданьск?

—  Тут ужо шмат маіх сяброў і добрых знаёмцаў. Усе працуюць на будоўлі, здымаюць кватэры. Так што ўмовы добрыя. Па сутнасці, у мяне не тая сітуацыя, што трэба сям’ю карміць, грошы дасылаць на дзяцей. Ну, падарункі, канешне, прывязу… Але я мару зарабіць на машыну.

Леанід Гучко, які прыехаў з-пад Адэсы, расказаў, што мае дыплом інжынера-будаўніка, валодае некалькімі будаўнічымі спецыяльнасцямі.

— У прынцыпе, я ўсім задаволены. Цяпер хачу і жонку тут уладкаваць. Яна па спецыяльнасці педагог музычнай школы. Можаце ўявіць, які мізэрны заробак! А тут можна ўладкавацца на працу, звязаную з доглядам за дзіцем.

Размаўляю са сваёй суайчынніцай Марыяй Свянціцкай. Яна выхоўвае дачку чатырох з паловай гадоў і працуе ў гандлёвай фірме.

— Мой заробак у месяц складае каля 4000 польскіх злотых. Гэта тысяча еўра.  Я ведаю некалькіх чалавек з Беларусі, якія ўладкаваліся на такія фірмы. Туды беларусам патрапіць нават лягчэй, чым палякам, бо яны добра ведаюць рускую мову. У асноўным гэта фірмы, якія займаюцца пастаўкамі тавараў у Беларусь і Расію.

Запытваю ў беларуса Мацвея Чысціка, які некалькі гадоў працуе ў Польшчы на розных часовых работах. Мацвей ахвотна падзяліўся інфармацыяй:

— Я працаваў ахоўнікам на матчах. Гэта зусім не цяжкая работа. Праўда, і плацяць не шмат — 5–6 злотых за гадзіну. Гэта як падпрацоўка…

Калі ёсць ліцэнзія, то на матчах можна зарабіць і 2000 злотых. На будаўніцтве плацяць болей, але і там ёсць праблемы. Ведаю нашых хлопцаў, якіх “кінулі”. Бралі іх на работу, а праз два месяцы звольнілі і грошай не заплацілі. Тут, у Польшчы, як і ў Расіі, можна “нарвацца” на розных прайдзісветаў. Але, калі маеш працу, то ўжо з голаду не памрэш. Людзі зарабляюць і вязуць дадому розную бытавую тэхніку, якую можна набыць на распрадажах. І гэта будзе танней, чым дома. Шмат цяпер на будаўніцтва нашых прыязджае. У некаторых атрымліваецца ў месяц па 2500 тысячы долараў.  Калі працаваць, эканоміць на ежы і на самым неабходным, то можна, канешне, і машыну набыць. Не новы “Лексус”, натуральна, але “бэушную” ў больш-менш добрым стане можна. Канешне, у Вялікабрытаніі і Нарвегіі будаўнікам значна больш плацяць, таму палякі самі едуць туды…

Сапраўды, калі праехаць па вуліцах Гданьска, то адразу бачна, што будаўніцтва ідзе поўным ходам. Пры гэтым горад і знакаміты гістарычны цэнтр, у якім знаходзіцца самы вялікі ў свеце цагляны касцёл Святой Ганны, выглядае як добра захаваны старажытны горад. Але пасля вайны Гданьск быў у такім жа стане, што і Мінск — авіябомбы знішчылі амаль 80% будынкаў. Руіны і цэгла… Як палякам удаецца спалучаць сучаснае і мінулае такім чынам, што кожны бачыць горад з 1000-гадовай гісторыяй, са старажытнымі крэпасцямі, варотамі, млынамі? Як можна аднавіць і захаваць архітэктурнае аблічча?  Пра гэта — у наступным нумары “Народнай Волі”.


Поделиться ссылкой: