Гісторык быў звольнены з працы з гродзенскага купалаўскага ўніверсітэта афіцыйна нібыта за парушэнні па працы, але фактычна за суаўтарства ў падручніку “Гродназнаўства”, які ўлады палічылі “крамольным”. Некалькі тыдняў таму гродзенская інтэлігенцыя заснавала прэмію Ядкоўскага, каб адзначаць тых асобаў, якія, між іншым, зрабілі значны ўнёсак у вывучэнне мінулага Гродна. Андрэй Чарнякевіч просіць яму гэтую прэмію не ўручаць.

– У гэтай сітуацыі я вельмі хацеў, каб такая добрая і фантастычная ідэя з самага пачатку не была палітызаваная. А ў маім выпадку я ўпэўнены, што так і адбылося. І давалі б прэмію не за дасягненні, а за нейкі вынік таго, што зараз якраз толькі прагучала. Вось каб гэта трошкі развесці, нейкія канкрэтныя справы, менавіта гісторыю Гродна. І з улікам той сітуацыі, якая склалася вакол падручніка «Гродназнаўства», я папрасіў, каб мая кандыдатура ў гэтым годзе не разглядалася. Для мяне гэта было вельмі важна.

Андрэй Чарнякевіч спадзяецца, што ягоная пазіцыя знайшла разуменне сярод калегаў:

– Я вельмі ўдзячны калегам, бо, наколькі я разумею, яны прыслухаліся да мяне. Гэта было няпростае рашэнне, і я таксама сумняваўся. Але я ўпэўнены, што такім чынам атрымаецца пераканаць, што гісторыя Гродна, яе прасоўванне, папулярызацыя – гэта справа грамадская, і яна не залежыць ад палітычных прыярытэтаў.

Уручэнне прэміі Юзафа Ядкоўскага запланавана на трэцяга лістапада, падчас адзначэння ў Гродне Дзён Святога Губерта – патрона горада.

Поделиться ссылкой: