Чаму бацькі адмаўляюцца ад так званага арганізаванага вольнага часу сваіх дзяцей? Адкуль увогуле бярэ пачатак “адпачынак пад прымусам”?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні спрабаваў знасці карэспандэнт сеткавай газеты “Тут і цяпер”.

Кожны раз напярэдадні чарговых канікул настаўнікі паведамляюць вучням пра неабходнасць абавязковага запісу ў школьны лагер. У некаторых школах жадаючыя знаходзяцца, прычым у патрэбнай колькасці. Аднак ёсць і такія ўстановы адукацыі, дзе з году ў год адзначаецца недахоп дзяцей, якія не супраць наведваць школу нават у канікулярны час. І тут узнікае няўвязка: дзяржава грошы на ўтрыманне школьнікаў ужо выдаткавала, прадукты на тыя грошы будуць абавязкова набыты, заробак кухарам — налічаны, а вось тых, каго трэба ўтрымліваць, няма. Да таго ж яшчэ неабходна сабраць патрэбную суму (хоць і невялікую), каб даплаціць за “дарэмную” пуцёўку.

Вось і пачынаюць школы выкручвацца як могуць. Напрыклад, некалькі гадоў назад бацькам вучняў прапаноўвалася дзяліць патрэбную суму на клас: грошы збіраліся, аддаваліся класнаму кіраўніку, а ўжо куды потым яны ішлі, нікога асабліва не цікавіла. Пры гэтым дзеці маглі і не наведваць школьны лагер — ніхто не пераймаўся на гэты конт.

А сёння патрэбны ўжо “жывыя” душы школьнікаў, бо калі раптам прыедзе якая праверка, бяды не абярэшся. Вось і страхуюцца педагогі, выдумляючы ўсё новыя і новыя падыходы для заманьвання сваіх падапечных у школу на канікулах. Няхай не ўвесь клас, няхай вучні па чарзе ходзяць, але хто-небудзь павінен быць абавязкова.

Дарэчы, для рэгіёнаў краіны гэтае пытанне наогул неактуальнае, паколькі сельскія школы і ўстановы адукацыі райцэнтраў часта сапраўды выступаюць у якасці адпачынкавых цэнтраў. Дзятва імкнецца туды, нават і ў час канікул, толькі па адной простай прычыне — малым цікава. І менавіта пра НЕЦІКАВАСЦЬ гавораць многія мінскія школьнікі, абгрунтоўваючы сваё нежаданне наведваць прышкольныя лагеры на канікулах.

Між тым самі педагогі не называюць свае дзеянні прымусам. Паводле іх слоў, яны спрабуюць дамовіцца: спачатку з дзецьмі, а потым — з бацькамі, пры гэтым часта выкарыстоўваючы такі недарэчны ментарскі тон і забываючыся, што ў выпадку з апошнімі маюць справу з дарослымі людзьмі, у кожнага з якіх — сваё меркаванне па многіх пытаннях. Калі дзеці адмаўляюцца, а бацькі не вядуцца на прывабнае “дзеці ж у лагеры змогуць паесці тры разы ў дзень, прычым зусім нядорага”, настаўнікі звяртаюцца да апошняга аргумента, які, на іх думку, павінен спрацаваць на ўсе сто. “Ёсць такое слова — “трэба”! — грозна вымаўляюць яны і чакаюць адпаведнай рэакцыі.

Бацькі ж у сваю чаргу спрабуюць высвятляць у класных кіраўнікоў, хто дае такую ўстаноўку — “усе ў лагер!”? Педагогі ківаюць на адміністрацыю, тая спасылаецца на адпаведныя інструкцыі, што “спускаюцца” з раённых упраўленняў адукацыі; ну а ўжо работнікі гэтых устаноў прыкрываюцца, як коўдрай, рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі. А яно, як заўсёды, “нічога такога не ведае”.

Напрыклад, яшчэ ў мінулым навучальным годзе ў “Рэкамендацыях па арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў перыяд асенніх канікул”, што змяшчаюцца на сайце беларускага Мінадукацыі, распавядалася аб тым, што “сущностью досуга учащихся в каникулярное время является их творческое поведение в свободной для выбора рода занятий и степени активности среде, обусловленное потребностями и интересами, направляемое, но не навязываемое педагогами и родителями”. Акрамя таго, агаворвалася:

“… Досуг учащихся в каникулярное время должен быть многообразным, включать различные формы образовательной, творческой, спортивной, трудовой деятельности, удовлетворяющей самые разные потребности и интересы детей…

…Принцип интереса и занимательности — важнейший принцип организации досуга на каникулах. Отсутствие эмоциональной привлекательности способно обречь на неудачу любые формы и методы работы педагогов…”.

І адзначалася: “…Планируя работу с учащимися и их родителями на каникулах, чрезвычайно важно учесть их пожелания и запросы…”.

У адпаведных рэкамендацыях 2012 года гэтая “лірыка” адсутнічае, але ў адным з варыянтаў інструкцый па арганізацыі адпачынку дзяцей у час асенніх канікул, што таксама змешчаны на згаданым вышэй сайце, ёсць такія прыгожыя радкі: “Для каждого ребенка каникулы являются удивительной и долгожданной порой года. И главная причина этого ожидания заключается в чувстве свободы, т.е. в осознании того факта, что свое личное время ребенок самостоятельно наполнит важными для него делами, открытиями, встречами, впечатлениями”.

Педагогам краіны таксама рэкамендуецца зарганізаваць усіх “несовершеннолетних, состоящих на учете в инспекции по делам несовершеннолетних, находящихся в социально опасном положении”, ладзіць для дзяцей экскурсіі, паходы ў музеі, наведванне выстаў і г д. Нязменнай застаецца і парада аб надзвычайнай важнасці ўліку пажаданняў і запытаў вучняў і іх бацькоў. А вось пра абавязковае наведванне прышкольнага лагера ўсімі дзецьмі не сказана ані слова.

Патрэба, не патрэба, а рабі, бо ТРЭБА!

Пасля азнаямлення з міністэрскімі рэкамендацыямі асабіста я зрабіла вельмі простую выснову: ёсць патрэба ў лагеры — лагеру быць, няма патрэбы — няма і праблемы. Але ж гэта логіка такая. А вось рэчаіснасць, у якой жывуць сталічныя педагогі, здаецца, з логікай ніяк не судакранаецца. Інакш якім чынам можна патлумачыць нядаўні выпадак, пра які расказала мне мая сяброўка Ірына, маці пяцікласніка.

— Я толькі што вярнулася з бацькоўскага сходу, — пачала яна, патэлефанаваўшы. — Не паверыш, але сёння ўпершыню адчула сябе нейкім ізгоем у асяроддзі аднадумцаў — бацькоў аднакласнікаў майго сына. У нейкі момант мне нават падалося, што яшчэ крыху — і мяне пачнуць лінчаваць… І ўсё толькі таму, што на пытанне настаўніцы, чаму мой сын не запісаўся ў школьны лагер, я адказала: “Ён проста не хоча яго наведваць. Яму там нецікава”. Што тут пачалося! Твар настаўніцы адразу набыў чырвоны колер, шчырае здзіўленне ў яе вачах праз пару секунд змянілася гнеўным позіркам.

“Як гэта — не хоча?! Тут не можа быць ніякага “хачу — не хачу”, у гэтай сітуацыі ёсць толькі слова “трэба”! Та-а-ак, я разумею, гэта пазіцыя не дзіцяці, а сям’і…  Вы не разумееце: лагер на канікулах дзеці павінны будуць наведваць з 5 па 9 клас. Гэта абавязкова. Гэта неабходнасць такая. Так трэба!”

“Каму трэба?” — запыталася я, але адказу не пачула.

“У школе ёсць пэўныя правілы, якіх трэба прытрымлівацца ўсім,” — не супакойвалася педагог. — Дзеці павінны не спазняцца на ўрокі, а ваш сын хіба не спазняецца? А на ўроках ён заўсёды правільна сябе паводзіць? Значыць, калі ён хоча смяяцца і перашкаджаць весці заняткі, то яму гэта павінна дазваляцца?! Калі вы хочаце рабіць тое, што хочаце, то, магчыма, варта пашукаць іншую навучальную ўстанову, прыватную, дзе вы будзеце плаціць грошы і рабіць усё, што захочаце!..”.

Тут на дапамогу настаўніцы прыйшлі астатнія бацькі, якія — я так яскрава гэта адчувала — ужо занеслі свой вялізны “групавы” кулак над маёй галавой і толькі чакалі зручнага моманту, каб апусціць яго.

“Не слухайце яе, Мар’я Іванаўна, гэта пазіцыя аднаго чалавека. Запісвайце маю Наташу (Лену, Сашу), яны сходзяць і два дні запар, не пераламаюцца. Абыдземся і без Лёшы (майго сына)”.

Справа ў тым, што з кожнага класа, па словах настаўніцы, неабходна “забяспечыць” яўку ў лагер 20 чалавек. Каб не “абцяжарваць” дзяцей, наша класная прапанавала такі варыянт: няхай штодзень на канікулах у школу прыходзяць па чатыры чалавекі. Грошы на лагер будуць узяты з касы бацькоўскага камітэта. Хітрасць заключаецца ў тым, што адно дзіця наведае лагер толькі адзін дзень.

Прызнаюся, мой сын на працягу трох з паловай гадоў (1—4 класы) мужна спрабаваў наведваць лагер на канікулах. Папярэдняя настаўніца таксама заманьвала абяцаннем цікавых мерапрыемстваў і гульняў з сябрамі. Аднак то сябры не прыходзілі, то мерапрыемствы “не спяшаліся ладзіцца”, а ў першым класе ўвогуле ацяпленне адключалі, калі дзеці знаходзіліся ў школе — эканомілі. І ў выніку Лёша катэгарычна адмовіўся так “адпачываць”. Пра гэта ён прама сказаў у мінулым годзе настаўніцы, а тая прыгразіла: “Тады летам цэлы месяц хадзіць будзеш!”

Я і да новай класнай спрабавала данесці, што маё дзіця хадзіла б з радасцю, калі б яму было цікава. А адказ пачула неверагодны:

“Яму нецікава?! А калі і так, то мы, настаўнікі, хіба павінны вашых дзяцей яшчэ і забаўляць? У нас ведаеце, колькі работы, акрамя гэтага лагера? Калі вам трэба, звяртайцеся ў забаўляльныя агенцтвы і наймайце клоўнаў!..”.

А я лічу, што адзінаццацігадовае дзіця мае права само вырашаць, наведваць яму прышкольны лагер ці не. Хто сказаў, што яму няма чым будзе займацца дома?! Чаму лічыцца, што ўсе дзеці сядзяць на канікулах каля тэлевізара і за камп’ютарам? Можа, у тых, хто зрабіў такія высновы, сапраўды праблемныя дзеці, дык хай яны іх і афармляюць у прышкольныя лагеры. А вольны час майго дзіцяці не застаецца без кантролю. Больш за тое, сын займаецца спортам, і трэніроўкі ў яго працягваюцца і на канікулах. Дый паспаць раніцай лішнюю гадзінку ён таксама мае права. Паесці я яму прыгатую, старэйшы брат таксама дома, тата наш часта на абед дамоў зязджае. І бабуля побач жыве. Справімся як-небудзь… Гэта маё дзіця, мая адказнасць, і я ні на каго яе не перакладаю.

Цікава яшчэ вось што: калі я праз 15 хвілін настаўніцкага спічу запыталася, што было б, калі б мы з’ехалі з горада на час канікул, то пачула ўздых палёгкі: “Тады іншая справа”. Вось як, аказваецца! Можна проста схлусіць, і ніхто не будзе правяраць, з’ехала дзіця з горада ці не. А скажаш праўду — нажывеш праблем сабе і дзіцяці…

Напрыканцы сходу я яшчэ больш здзівілася, пачуўшы ад настаўніцы наступнае: “Вы ж зразумейце, — сказала яна. — Ваш сын адмовіўся, а іншыя дзеці, гледзячы на яго, таксама захочуць адмовіцца. І што мне тады рабіць? Чаму вашаму можна, а ім нельга? Няхай тады ўжо кажа ўсім, што ён спартыўны лагер наведвае…

Ведаеш, так мне крыўдна стала… Адчувала сябе нейкай школьніцай, якая не разумее сваёй віны, а яе ўшчуваюць за нешта незразумелае. Хіба жаданні дзяцей сёння прыраўноўваюцца да злачынстваў? Чаму ніхто не пытаецца ў дзяцей пасля тых жа летніх канікул, як яны іх правялі? І мала хто з настаўнікаў ведае прыхільнасці сваіх вучняў па-за сценамі школы, акрамя тых, што пазначаюць бацькі ў нейкіх афіцыйных школьных анкетах. Дык хто ім даў права наракаць на ўсіх дзяцей, што акрамя тэлевізара і камп’ютара тыя нічым не займаюцца? У класе майго дзіцяці няма ні адной сям’і, якая б знаходзілася ў сацыяльна небяспечным становішчы, а сітуацыя падаецца так, нібыта ўсе — нядобранадзейныя. І дзецям нашым патрэбен асаблівы кантроль… Тэатр абсурду нейкі…”.

У “тэатры абсурду” аншлаг

Яшчэ адна мая знаёмая таксама ў свой час сутыкнулася з такой жа праблемай. Але класны кіраўнік яе дзіцяці спрабавала адстойваць інтарэсы сваіх вучняў — усяляк тлумачыла адміністрацыі навучальнай установы, што дзецям неабходна адпачываць дома, а не ў школе. Адміністрацыя не пагадзілася з такім меркаваннем, і праз год настаўніца мусіла звольніцца. І горш ёй, заўважу, не стала. Гэта школа страціла добрага педагога, а вучні — выдатнага класнага кіраўніка. Праблема ж засталася. І яшчэ не раз бацькі вучняў той школы спрачаліся з педагогамі наконт сваёй патрэбы ў арганізацыі прышкольнага лагера для дзяцей…

Асабіста я, калі мой сын-шасцікласнік запытаўся, навошта яму наведваць школьны лагер, калі ён не хоча, надоўга задумалася. Сапраўды, навошта? Ён хлопчык адказны, самастойны, можа цалкам спланаваць свой дзень. Хоча застацца дома — калі ласка, я не бачу ніякіх перашкод. Аднак класны кіраўнік разважала інакш. Яна таксама гаварыла мне пра неабходнасць рабіць тое, што “ТРЭБА”. А яшчэ распавядала пра танную ежу, якой дзіця больш нідзе і ніколі не паспытае, і аб прэміях настаўнікаў, якіх яны пазбавяцца ў выпадку няяўкі дзяцей у школьным лагеры… І тут я зрабіла адкрыццё: вось той аргумент, які ўсё апраўдае — прэмія! Адзіны правільны аргумент на карысць наведвання лагера — каб не напаткала настаўнікаў пакаранне ў выглядзе вымовы і пазбаўлення прэміі.

Значыць, не клопат пра адпачынак дзяцей рухае ўсім гэтым працэсам, а пошукі літасці з боку вучняў і іх бацькоў? Толькі шкадаванне могуць выклікаць такія паводзіны. І настаўнікаў, такіх бездапаможных, на самай справе шкада, бо далёка не кожны дырэктар школы адважыцца адстойваць іх інтарэсы перад вышэйшым кіраўніцтвам. Ды і кіраўнікі ўпраўленняў (аддзелаў) адукацыі асабліва не імкнуцца абараняць пазіцыю школьных педагогаў, толькі ўмеюць пагражаць вымовамі і пакараннямі. А больш за іншых у гэтым плане “шчыруюць” міністэрскія работнікі, якія апошнім часам так любяць паразважаць аб прэстыжы педагагічнай прафесіі. Прабачце, адкуль ён возьмецца, той прэстыж, калі вы самі, шаноўныя, штогод ставіце настаўнікаў у такое смешнае становішча, што нават дзеці з іх смяюцца. Чаго толькі вартыя ўказанні пісаць “навучэнец”, а не “вучань”; альбо замена абрэвіятуры “ВНУ” на “УСА”; альбо напісанне нумара школы ці толькі арабскімілічбамі, ці толькі рымскімі. І няхай толькі хто-небудзь з вучняў — ох, навучэнцаў — паспрабуе дапусціць такую сур’ёзную памылку! Настаўнік будзе абавязкова пакараны… Смех дый годзе!

Між тым пытанне мэтазгоднасці функцыянавання лагераў на базе некаторых школ застаецца адкрытым. Перш за ўсё таму, напэўна, што вывучэннем патрэбы ў іх на месцах ніхто насамрэч не займаецца. Хаця здзіўляцца няма чаму: у нашых людзей рэдка пытаюцца пра іх сапраўдныя патрэбы, тым больш калі размова заходзіць пра адукацыйныя паслугі для дзяцей. Хіба не так? Вось у каго запыталіся пра неабходнасць адмены профільнага навучання некалькі гадоў назад? У настаўнікаў? У бацькоў? У вучняў? Не, проста так НЕХТА вырашыў. А хто з бацькоў (дзяцей, педагогаў) паскардзіўся на недахоп заняткаў фізічнай культурай у школах у той час, калі медыкі даўно выказваюць занепакоенасць перагрузкай і станам здароўя школьнікаў? І, пэўна, ужо закідалі лістамі Міністэрства адукацыі педагогі (вучні, бацькі) з просьбай скараціць працягласць летніх канікул у наступныя гады, бо нешта зусім мала часу праводзяць нашы малыя ў школе? Або зноў так трэба?..


Поделиться ссылкой: