У нямецкім парламенце лічаць, што ў Германіі павінны ведаць аб праблеме будаўніцтва беларускай атамнай станцыі і абмяркоўваць іх з Беларуссю, паколькі ў выпадку аварыі на гэтым аб’екце Германія можа пацярпець.

Як паведаміла БелаПАН Марылуіза Бек, дэпутат бундэстага ад нямецкай Партыі зялёных, яна рыхтуе афіцыйны запыт да беларускага ўрада з нагоды шэрагу праблем, звязаных з бяспекай АЭС, а таксама міжнароднымі канвенцыямі. Гэты запыт будзе накіраваны на наступным тыдні.

Старшыня камітэта па экалогіі Эва Булінг-Шротэр мае намер звярнуцца таксама ў нямецкі ўрад з пытаннямі пра ўдзел у дыялогу з Беларуссю па будаўніцтве АЭС у межах канвенцыі Эспаа.

Дэпутаты бундэстага збіраюць не толькі афіцыйную інфармацыю пра будаўніцтва АЭС у Беларусі. Іх цікавіць меркаванне незалежных экспертаў і грамадскасці. Так, на мінулым тыдні яны арганізавалі сустрэчы ў бундэстагу, у Берліне, з каардынатарам беларускай антыядзернай кампаніі Таццянай Новікавай.

Як пракаментавала Новікава для БелаПАН: “Не толькі для Германіі важна ведаць, што адбываецца ў Беларусі з будаўніцтвам АЭС, але і для беларускага грамадства крытычна важная інфармацыя аб тым, як развіваецца энергетыка Германіі. А нямецкая энергетычная індустрыя сёння адыходзіць ад атамнай энергетыкі і рухаецца ў бок новых узнаўляльных тэхналогій — і гэта паказваюць лічбы”.

“Так за апошнія некалькі гадоў доля ўзнаўляльнай энергетыкі ў Германіі склала прыкладна 25%, што пераўзыходзіць долю энергіі ад АЭС. Хацелася б, каб Беларусь брала прыклад з Германіі”, — дадала Новікава.

Поделиться ссылкой: