Як паведаміла БелаПАН намеснік старшыні “Маладога фронту”, нявеста Дашкевіча Анастасія Палажанка, суд запланаваны на другую палову дня.

Каментуючы выстаўленыя Дашкевічу абвінавачанні, яна адзначыла, што ён фактычна ніяк не мог стаць злосным парушальнікам рэжыму, паколькі адразу пасля прыбыцця ў мазырскую калонію быў змешчаны ў штрафны ізалятар, а затым — у памяшканне камернага тыпу. Палажанка мяркуе, што па выніках суда Дашкевіча, хутчэй за ўсё, чакае “яшчэ адзін пакутлівы этап”. “Я думаю, яго перавядуць або ў турму ў Жодзіна, або ў Гродна”, — дадала Анастасія.

Дзмітрый Дашкевіч і актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў былі затрыманыя напярэдадні апошніх выбараў прэзідэнта, 18 снежня 2010 года, паводле абвінавачання ў збіванні двух мужчын. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі іх арышт як прэвентыўную меру па “зачыстцы” грамадства перад выбарамі. У сакавіку 2011 года суд прыгаварыў Дашкевіча да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Дзмітрыя Дашкевіча палітычным зняволеным.

З самага пачатку Дашкевіч адбываў пакаранне ў Горках (Магілёўская вобласць), затым яго перавялі ў Глыбокае (Віцебская вобласць). 28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэнні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі ПК і прыгаварыў яго да года пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключаныя чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі па першай крымінальнай справе.

У мазырскую калонію палітзняволены паступіў 19 верасня, а 21-га — абвясціў галадоўку ў сувязі з “нечалавечымі паводзінамі адміністрацыі калоніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага”. Пасля пераводу 4 кастрычніка ў памяшканне камернага тыпу Дашкевіч спыніў галадоўку, растлумачыўшы гэта тым, што стаўленне адміністрацыі калоніі да яго “кардынальна змянілася ў лепшы бок”.

Поделиться ссылкой: