Адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў сёння на прэс-канферэнцыі заявіў, што мэта акцыі — прымусіць Мінаблвыканкам, які выдзеліў месца пад забаўляльны комплекс, даць яго ўладальніку — кампаніі «Наша рэстаранная група» — новае месца для будоўлі, а таксама кампенсаваць выдаткі на яе.

НРГ, у сваю чаргу, па словах Дзмітрыева, замоўчвае гэтую праблему. «Мы ведаем, што за імі стаяць расійскія грошы, — сказаў Дзмітрыеў. — Калі НРГ і далей будзе маўчаць, мы гатовыя распачаць кампанію байкоту ўсіх аб’ектаў НРГ не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі».

Дзмітрыеў таксама паведаміў, што ў межах ініцыятывы будзе створаная інфармацыйная група, якая зладзіць інфармацыйную кампанію пра тое, што такое Курапаты, а таксама будзе ажыццяўляць ціск на ўладныя структуры, каб Курапаты сапраўды сталі мемарыялам.

Таксама будзе створана грамадская рада, у якую ўжо пагадзіўся ўвайсці пісменнік Уладзімір Арлоў. Юры Меляшкевіч з руху «За свабоду» заявіў, што гэтая ініцыятыва — не месца для канкурэнцыі палітычных сілаў. «Курапаты — гэта тое, што баліць усім», — кажа Юры Меляшкевіч.

Поделиться ссылкой: