Такія краіны як Грузія, Малдова і Украіна вядуць дыялог па ўвядзенні бязвізавага рэжыму з ЕС, а Азербайджан і Арменія пачалі перамовы па заключэнню пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму. У выпадку прамаруджвання дзейнасці ў гэтым напрамку Беларусь рызыкуе стаць безнадзейным аўтсайдарам сярод краін Усходняга партнерства і Расіі ў сферы візавых адносін з Еўрапейскім саюзам.

Грамадзяне  даўно чакаюць свабоднага перамяшчэння ў еўрапейскія краіны, але аналітыкі BISS прыйшлі да несуцяшальных высноваў, бо спрашчэнне візавага рэжыму з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку ў плане скарачэння альбо адмены візавых збораў, у аднабаковым парадку з боку ЕС не рэалістычнае па шэрагу прававых і палітычных прычынаў. У сувязі з гэтым лабісцкія намаганні грамадзянскай супольнасці павінны быць пераарыентаваныя на працу з беларускімі ўладамі, ад палітычнай волі якіх залежыць актывізацыя работы па спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС.

Спрашчэнні  ў выглядзе выключэнняў з палажэнняў Візавага кодэкса ЕС для шырокай  катэгорыі грамадзян магчымыя толькі ў выпадку заключэння Пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме з ЕС і пагадненняў аб малым памежным руху з суседнімі краінамі ЕС (толькі для жыхароў памежжа). Тым часам Беларусь зацягвае пачатак перамоваў па першым і не запускае Пагаднення аб МПР з Польшчай і Літвой па палітычных прычынах.

Палажэнні Пагаднення аб спрошчаным візавым рэжыме, акрамя памяншэння візавага збору, толькі ў нязначнай ступені палягчаюць візавыя працэдуры. Асноўнае значэнне гэтага Пагаднення палягае ў прававой магчымасці пачаць дыялог па пытанні ўвядзення бязвізавага рэжыму з ЕС.

З высновамі  даследчыкаў можна азнаёміцца на сайце BISS www.belinstitute.eu.

Поделиться ссылкой: