Напачатку многія лічылі, што гэтая справа вакол часопіса «Arche» — чыста эканамічнага характару, і выдаўцам выставяць абвінавачанне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Былы галоўны рэдактар Валер Булгакаў, бухгалтар Алена Казлова, цяперашні выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара Алесь Пашкевіч неаднаразова выклікаліся ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Пачаліся нават праверкі на шклоўскай папяровай фабрыцы, дзе часопіс купляў паперу. Але пасля сюжэту па БТ стала зразумела, што справа носіць палітычны характар.

Заснавальнік выдання Андрэй Дынько: «Гаворка ідзе пра спробу разгрому выдання, разгрому інтэлектуальнага асяродку „Arche“. Шукаецца толькі спосаб, якім чынам гэта зрабіць. Гэты рэпартаж дае падставы меркаваць, што за гэтай атакай на „Arche“ стаіць палітычнае рашэнне, і што ўсім гэтым справам папярэднічаў палітычны заказ».

Выдаўцы прынеслі на сустрэчу нумары часопісаў, якія былі паказаныя ў кадры і якія, на думку аўтара сюжэту Аляксандра Вярбіцкага, носяць экстрэмісцкі характар, у якіх прапаганда нацызму і фашызму.

Алесь Пашкевіч: «Нібыта праводзіць пранацысцкую, фашысцкую прапаганду „Кніга магістрата месца Полацка“ 1727 году. Гэта проста публікацыя гістарычнай крыніцы, якая захоўваецца ў Беларускім гістарычным архіве. Нібыта гэтая кніга нясе экстрэмісцкі зьмест. Ці кніга Яна Станкевіча „Язык і языкаведа“. Ці вось кніга вядомага беларускага гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага „Ад гоманаўцаў да гайсакоў“ з падзагалоўкам „Чыннасьць беларускіх моладзевых арганізацый у другой палове 19 стагодзьдзя — першай палове 20 стагодзьдзя“ — да 1939 году. Па самой храналёгіі відаць, што пра фашысцкую акупацыю ніякай тут ня можа ісьці гаворкі».

Дарэчы, абураны паказам сваёй кнігі па БТ у такім кантэксце гісторык Уладзімер Ляхоўскі напісаў афіцыйны ліст на тэлебачанне.

 А тэматычны часопіс «Беларусь пад фашысцкай акупацыяй» выйшаў у 2008 годзе. Усе тэксты, акрамя аднаго, належаць замежным аўтарам — з Ізраілю, Германіі, ЗША, Швецыі. Прычым усе матэрыялы — проста перадрукі ў перакладзе на беларускую мову з замежных акадэмічных выданняў, падкрэслілі выдаўцы.

Пасля рэпартажу ў выдаўца «Аrche» Андрэя Дынько склалася ўражанне, як ён выказаўся, што не ў палітыку стралялі: «Пагром інтэлектуальнага асяродку, закрыццё выдання нанясе непапраўную шкоду беларускай інтэлектуалістыцы. Сёньня „Arche“, заўтра па той жа схеме — літаратурны часопіс, незалежны штотыднёвік, інтэрнэт-партал… Патрэбна ў гэтай сытуацыі салідарнасьць усіх інтэлектуалаў і ўсіх журналістаў. Прыйдзецца звяртацца да міжнародных інтэлектуалаў аб падтрымцы і прынамсі аб розгаласе пра гэтую справу».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна яшчэ раз звярнула ўвагу на ролю БТ: маўляў, калі зъяўляецца сюжэт на першым канале — гэта сапраўды заказны матэрыял, скіраваны на дыскрэдытацыю і на падрыхтоўку грамадзкай думкі. Гэта, на думку Літвіной, кепскі знак:
«Сапраўды патрэбнае адзінства вакол гэтай праблемы. Бо часопіс, я лічу, выбітны ў нашай інфармацыйнай прасторы, часопіс вельмі сур’ёзны, інтэлектуальны, страціць мы яго ня можам. Часопіс фармуе грамадзянскую сьвядомасьць, і таму ён перашкаджае ў той генеральнай лініі дзяржаўнай ідэалогіі».

Тым ня менш, хоць справа яшчэ не заведзеная, ідуць праверкі і экспэртызы, дзейнасьць часопіса на няпэўны час прыпыненая.

Алесь Пашкевіч: «Фактычна дзейнасць часопіса на сённяшні дзень заблакаваная разам з арыштам рахунку. Два новыя нумары падрыхтаваныя, фактычна ўжо ёсць у друкарні. Аднак аплаціць друк з-за арышту рахункаў мы ня можам. Пытанне з рахункам мы спрабавалі вырашыць, пакуль закрыты ён па надуманых прычынах: Дэпартамэнт фінансавых расследаванняў прадпісвае, што (чытаю на мове арыгіналу) „на основании отказа в предоставлении для проведения проверочных мероприятий документов бухгалтерского, налогового учёта и иных документов и сведений“. Гэта няпраўда, усе дакументы мы ім прадставілі. Натуральна, мы падавалі пратэсты. Два тыдні таму накіравалі ім паперу, але рэакцыі на яе няма».

Ні супрацоўнікі ўпраўлення Дэпартаменту фінансавых расследаванняў па Минскай вобласці, якія вывучаюць матэрыялы, ні прэсавая служба Камітэту дзяржкантролю ніякіх камэнтароў і тлумачэнняў па справе «Arche» не даюць.

Поделиться ссылкой: