— Мне падаецца, што вучонага не паставяць, — выказвае сваё меркаванне былы кіраўнік Акадэміі навук, акадэмік Аляксандр Вайтовіч. — Прызначаць чыноўніка.

— Але ж Анатолій Русецкі, які некаторы час быў старшынёй прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, вучоны, доктар навук…

— Ён працаваў у навукова-вытворчым аб’яднанні “Планар” Міністэрства электроннай прамысловасці СССР, там абараніў доктарскую дысертацыю. Але потым пакінуў навукова-інжынерную дзейнасць і стаў чыноўнікам: намеснікам міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь, потым — міністрам. Усё ж такі Анатолій Максімавіч больш чыноўнік, хаця і чалавек ад навукі, сапраўдны доктар навук. Але, сышоўшы з навукі на 15 гадоў, складана поўнавартасна вярнуцца назад.

— Але ж ці гэта галоўнае для кіраўніка Акадэміі? Магчыма, для такой пасады патрэбны больш якасці менеджарскія, арганізатарскія. Русецкі, на ваш погляд, спраўляўся з абавязкамі, якія на яго былі ўскладзены?

— Русецкі — стаўленік сістэмы, і ў гэтай сістэме ён працаваў. А яна, на мой погляд, прыносіць навуцы больш шкоды, чым карысці, не звяртае ўвагі на праблемы навукі. Ну прагучала на пачатку года з высокіх трыбун, што Акадэмію навук трэба рэфармаваць. Чым усё скончылася? З вялікага грому не было ніякага дажджу. Грымела, грымела, а гарод застаўся не паліты.

Беларускай навуцы, на мой погляд, сапраўды неабходны неадкладныя рэформы. Але, каб знайсці правільны шлях, трэба праблему абмяркоўваць, уключаць у дыскусію навуковую грамадскасць. Аднак гэтага не толькі не адбываецца, назіраюцца з’явы, якія скіраваны на тое, каб такой дыскусіі не дапусціць.

У 2001 годзе, калі Лукашэнка прызначаў кіраваць Акадэміяй Мясніковіча, ён заяўляў, што нарэшце прывёў чалавека, які зможа навуку рэфармаваць. Аднак у 2009 годзе выйшаў указ прэзідэнта, якім была зацверджана Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, што ўтрымлівала раздзел пра навуку. І там было прама сказана, што стан навукі дрэнны. Усе тыя недахопы, якія мелі месца раней, за 9 гадоў кіравання Мясніковіча не выправіліся. Прызналі, што навукаёмкасць валавага ўнутранага прадукту ніжэй за крытычны ўзровень, інавацыйная актыўнасць нізкая, неспрыяльная ўзроставая структура і г.д. І зноў пачаліся размовы пра рэфармаванне. І, магчыма, паставілі Русецкага, каб нарэшце пайшоў нейкі рух. Але ж ён не ў стане быў гэта зрабіць, бо не змог выйсці за рамкі беларускай сістэмы…

Дарэчы, я вельмі добра стаўлюся да Анатолія Русецкага. Добра яго ведаю, ён пачынаў сваю навуковую дзейнасць у нашым інстытуце. Вельмі прыстойны чалавек, разумны, таленавіты. Але ён, на жаль, чалавек сістэмы. І што самае прыкрае, яго пераемнік таксама будзе працаваць у такіх жа ўмовах і нічога не зможа зрабіць.

— На ваш погляд, колькі часу Акадэмія можа быць без кіраўніка?

— Думаю, нядоўга. У свой час, калі ў снежні 2009 года мяне з пасады прэзідэнта Акадэміі навук прызначылі старшынёй Савета Рэспублікі, месца заставалася вакантным амаль 9 месяцаў. Было гэта звязана з тым, што мянялася працэдура прызначэння кіраўніка акадэміі. Раней ён выбіраўся на агульным сходзе, галасавалі акадэмікі, члены-карэспандэнты, дырэктары акадэмічных інстытутаў. Прэзідэнт акадэміі быў выключна з навуковай эліты — акадэмікаў. А ў кастрычніку 2001 года ўжо не стала такой пасады, як прэзідэнт Акадэміі навук, яе замянілі на старшыню прэзідыума, і Міхаіл Мясніковіч быў прызначаны ўказам Аляксандра Лукашэнкі.

Але калі сыходзіў Мясніковіч, то замену яму знайшлі хутка, працэдура не доўжылася месяцамі.

— Апошняе пытанне: якія сёння заробкі ў Акадэміі навук?

— За першае паўгоддзе сярэдняя зарплата навуковых супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук складала 3,4 мільёна рублёў. Нязначна яна змянілася і зараз. Сёння тарыфны аклад старэйшага навуковага супрацоўніка з даплатамі за стаж, ступень кандыдата навук — 3,2 мільёна рублёў. У Расійскай Федэрацыі такі супрацоўнік атрымлівае амаль у 3 разы больш — 28 тысяч расійскіх рублёў.

Кадры — гэта галоўнае. Пакуль не будзе прэстыжу навуковой працы, не будзе кадраў, ніякія рэформы нічога не зробяць. Усё вырашаюць людзі!


Поделиться ссылкой: