Зразумела, вельмі хацелася б, каб гэтае відэа паглядзела як мага болей людзей. Каб не прайшлі паўз нас тыя пакуты, якія перажылі гэтыя жанчыны ды іх дзеці. Каб час ад часу ўзгадвалася пра тое, што не ўва ўсіх маці вытрымала сэрца ад таго, што здарылася з іхнімі хлопчыкамі. У нашым фільме распавядаецца, што маці двух палітвязняў памерлі. Вось такімі гісторыямі можна пабудзіць свой народ, а не нейкімі палітычнымі лозунгамі…Трэба гаварыць пра чалавечыя рэчы і такім чынам прабівацца да іншых. Бо кожны з нас можа апынуцца на месцы гераінь гэтага фільма.

Свабода: Фільм зняты мабільным тэлефонам з убудаванай відэакамерай. Гэта звычайныя чалавечыя размовы пра тое, што ў жыцці далёкіх калісці ад палітыкі жанчын змянілася пасля падзей 19 снежня. Падставай для праекту стала сустрэча ў вас дома з вашымі сяброўкамі — мастацтвазнаўцай, журналісткамі. Размова ішла пра тое (гэта ваша тэма), што гісторыя народу, краіны жыве ў кожным маленькім чалавеку, што гэта трэба фіксаваць на любы даступны носьбіт. І тады адна з іх — мастацтвазнаўца Тацяна Цюрына — сказала: «Ага, у мяне ёсць мабільнік…»

Алексіевіч: Так, мы гаварылі пра тое, што кожны чалавек носіць гісторыю ў сябе ды зносіць, сыходзячы, з сабой. Толькі ў аднаго гэта дзьве старонкі, а ў другога — дзесяць, і г.д… Літаратура ўжо не паспявае адлюстраваць усё гэта. Пісьменнік спрабуе шукаць нейкія новыя словы, аднак энэргія з іх сышла. Каму давярае цяпер наш сучаснік? Гэта, зразумела, сведкі, сведчанні… І гэтыя сведчанні важна сёння захаваць на любым носьбіце — дыктафоне, камеры, тэлефоне…Не важна як. Галоўнае — убачыць, пачуць. І зафіксаваць. Зафіксаваць гэты момант можа мастак, журналіст… У гэтым праекце такое ўдалося. Мы, дарэчы, хочам зрабіць і працяг, які будзе называцца «Плошча. Мужчыны». Будуць два такія погляды… Мне самой цікава, што з гэтага выйдзе.

Свабода: «Плошча. Жанчыны», «Плошча. Мужчыны». У гэтых назвах акцэнт робіцца на падзеі амаль двухгадовай даўніны. Хоць у тым жа відэафільме пра падзеі 19 снежня гаворыцца не так ужо і шмат…

Алексіевіч: Лічу, што Плошча, тыя падзеі, якія адбыліся 19 снежня 2010 года, — вельмі знакавыя. Гэта яшчэ раз пацвярджае здагадку, што мы, з аднаго боку, ператварыліся ў гета, дзе наверсе жыццё робіцца, гэтак мовіць, «па паняццях», аднак усярэдзіне адбываюцца нейкія нязвыклыя і цікавыя працэсы, якія сёння не кожны разумее ды ўсведамляе…

Мы ўбачылі, што народ — гэта зусім не тое, што пра яго прынята думаць: што гэта людзі, якіх апанаваў страх, рабы. Так, гэта прысутнічае, аднак, тым не менш, пры гэтым наверх могуць выйсці зусім іншыя сілы… Як адбываецца часта ў экстрэмальных умовах, у тым ліку на вайне (гэта і мая тэма таксама) — кажуць пра пакуты герояў, аднак ніхто не кажа пра пакуты жанчын. У нашым такім крыху патрыярхальным грамадзтве традыцыйна лічылася і лічыцца, што жанчына нібыта звонку, а жыццё — як старое, так і сучаснае — робяць мужчыны. Насамрэч вядомыя падзеі паказалі зусім іншае.

Я лічу, што калі абставіны зменяцца, а яны зменяцца, у палітыку ды грамадзкае жыццё прыйдзе шмат жанчын. Бо яны ёсць, і іх рост як асобаў вельмі адчувальны. Яны растуць на тле гэтых падзеяў, на тле страху, нават асабістых стратаў, на той знявазе, якую мы перажываем як нацыя. Жанчыны «праб’юцца». Бо трымаць іх далей на другасных ролях проста немагчыма. Пра гэта наш расказ… Для мяне вельмі важная канцоўка фільма, калі на сустрэчы блізкіх сваякоў палітвязняў старэйшая жанчына, у сям’і якой ніхто не пацярпеў, ніхто не сядзеў, кажа: «Я пражыла ўсё жыццё ў СССР, а прыходжу сюды, каб адчуваць сябе свабоднай».

Поделиться ссылкой: