Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак у Мінску за два гады правёў 150 аперацый перасадкі пячонкі. Акрамя таго, ў Беларусі зроблена 70 аперацый па перасадцы сэрца і 1500 — нырак.

Мінчанка Зоя Анікейчык зараз праходзіць рэабілітацыю пасля аперацыі па перасадцы пячонкі. Аперацыю зрабілі па-за чаргой і бясплатна. Але чакнне па-за чаргой заняло амаль два гады.

«Першага снежня 2010 году мяне паставілі ў чаргу ў спісах першасных людзей на аперацыю, — расказала жанчына Радыё “Свабода”. — Так, людзей на трансплантацыю шмат, але ёсць паказчыкі, калі гэта трэба рабіць у першую чаргу. І трапіла я на аперацыю ўжо з рэанімацыйнага аддзялення. Да мяне прыбегла кансультант і паведаміла такую навіну, што ёсць донар і праз дзве гадзіны па мяне прыязджае хуткая дапамога і мне будуць рабіць аперацыю. У 23:00 22 лютага мне пачалі рабіць апэрацыю і скончылі каля 10:00 раніцы 23 лютага. Калі б я не ведала, што мне зрабілі перасадку пячонкі, то я лічыла б сябе абсалютна здаровым чалавекам».

Як паведамілі ў РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак, калі ў мінулыя гады ў цэнтры праводзілася каля сарака аперацый перасадкі пячонкі, то сёлета плануецца каля пяцідзесяці. Аднак і гэтая лічба — мінімум ад патрэбы: штогод у краіне ад цырозу памірае каля 2,5 тысячы чалавек. Што да замежных грамадзян, то ім таксама праводзяць такія аперацыі, але ў выключных выпадках.

Кіраўнік цэнтру Алег Рума запэўнівае: «Існуе ліміт на выкананне аперацый замежным грамадзянам. Прыярытэт — грамадзянам сваёй краіны, як і ўва ўсіх цывілізаваных краінах. Больш за 90% апtрацый робіцца беларускім грамадзянам, а ў выключных выпадках — замежным грамадзянам».

Зразумела, што для дактароў усе пацыенты — проста пацыенты. Але тут кожны выпадак выключны, бо размова идзе пра жыццё альбо смерць чалавека. Таму галоўнае пытанне проста вісіць у паветры: калі не ўсе беларусы нават тэарэтычна могуць дажыць да “сваёй чаргі” на перасадку, то наколькі маральна аддаваць органы на трансплантацю замежнікам?

Поделиться ссылкой: