Арыштаваныя рахункі выдання і вырашаецца пытанне аб скасаванні ліцэнзіі, расказала БТ. Тэлебачанне паведаміла аб канфіскацыі літаратуры, цытуем: «у якой чытачам прапаноўваўся альтэрнатыўны погляд на гісторыю акупацыі Беларусі ў гады вайны.

Галоўны рэдактар прызнаецца, што кнігі ягоныя і што надрукаваныя яны былі ў Еўропе.

У кожнай з гэтых кніг, заключылі эксперты (экспертаў, вядома, не называюць — Рэд.), сумнеўная трактоўка гісторыі Беларусі ў гады фашысцкай акупацыі. Цынічнасць тэкстам дадаюць і ілюстрацыі.

Дрэнна пахнучая літаратура ўтрымлівае свастыку, а таксама карыкатуры, якія, па словах спецыялістаў, далёкія ад рэальнасці».

Са словаў следчых БТ паведаміла: «Галоўны фігурант справы, Булгакаў, пазней растлумачыў: кнігі былі вырабленыя ў Літве і Польшчы. Па папярэдніх дадзеных, менавіта адтуль і спансаравалася незаконнае рамяство.Уся прадукцыя, а гэта больш за 20 розных загалоўкаў, у бліжэйшым часе паступіць на паўторную экспертызу».

«Паўторную» — ці азначае гэта, што першыя эксперты аказаліся досыць сумленнымі, каб не ўзвесці паклёп на навуковыя кнігі, якія распаўсюджваў Валер Булгакаў?

Са словаў Валера Булгакава, у ліку сканфіскаваных кніг былі такія выданні пра «гісторыю акупацыі», як «Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі (1991–2006)», «Хрышчэнне нацыі: масавыя акцыі 1988–2009», «Жаўнеры БНР» Алега Латышонка, дыялекталагічныя слоўнікі, «Полацкая рэвізія 1552 года», «Кніга магістрата места Полацка1727 г.», «Грунвальдская бітва» і г.д.

Пра Другую сусветную вайну, удакладняе в.а. галоўнага рэдактара Arche Аляксандр Пашкевіч, пісаў «ваенны» нумар «ARCHE» (№ 5 за 2008 год) і кніжка нямецкага гісторыка Марка Бартушкі «Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941—1944 гг.” Гэтыя выданні, сапраўды, багата ілюстраваныя, дзе візуальны шэраг раскрывае прыёмы нацысцкай таталітарнай прапаганды і яе хлуслівасць.

Адносна «цынічнасці тэкстаў»: Пашкевіч кажа, што змешчаны ў тым нумары былі выключна навуковыя артыкулы аўтарства навукоўцаў з Беларусі, Польшчы, Германіі, Ізраіля, заснаваныя на крыніцах.

Вось назвы некаторых з іх: «Горад Мінск пад нямецкай акупацыяй (1941–1944)», «Праваслаўная царква ў Беларусі за нямецкай акупацыяй (1941–1944)», «Вялікая Айчынная вайна ў свядомасці беларусаў», «Удзел мясцовых калабарантаў у «канчатковым вырашэнні» яўрэйскага пытання ў акупаванай Беларусі» ды інш.

«Навошта шыць палітыку там, дзе ідзе гаворка пра выключна навуковыя выданні? — пытаецца Пашкевіч.— Дастаткова сказаць, што аўтарамі часткі з іх з’яўляюцца сучасныя яўрэйскія гісторыкі — даследчыкі Халакосту. Гэта, напрыклад, Леанід Рэйн, Леанід Смілавіцкі.Большасць тэкстаў перад гэтым друкаваліся на старонках акадэмічных заходніх выданняў — у тых краінах, дзе, як вядома, нацысцкая прапаганда забароненая законам».

Сюжэт прайшоў пад канец перадачы БТ, недзе між кантрабандай наркотыкаў і смяротнай аварыяй. Апроч голаса аўтара сюжэта, у кадры зацемнены твар і зменены голас супрацоўніка спецслужбаў, які расказвае пра «отработку сарая в Лагойском районе», дзе выявілі 5500 асобнікаў літаратуры. Яе цяпер і правяраюць на «экстрэмізм».

Хоць следчыя Дэпартамента фінансавых расследаванняў падаюць справу як «чыста эканамічную», за ёй праглядаецца выразны палітычны заказ на адзіны беларускамоўны інтэлектуальны штомесячнік.

Поделиться ссылкой: