Як высвятляецца, гаспадары рэстарана добра ведалі, якое месца для забаў яны выбралі. І добра разумелі, які рэзананс іхняя задума будзе мець.

 

Каля двух месяцаў таму да навуковага кіраўніка мемарыяльнай зоны «Курапаты» і дачкі рэпрэсаванага паэта Маі Кляшторнай завіталі госці, якія прывялі прадстаўніка інвестара рэстараннага комплексу.

 

— Маладзёны хацелі, каб я паставіла свой подпіс на іх праекце — дала згоду на будаўніцтва іх аб’екту ў ахоўнай зоне, — расказала Мая Кляшторная газете “Новы час”. — Зразумела, я нічога не падпісала. А вось Міністэрства культуры ім дало дазвол. Паўтаралі мне ўсё: «А хто зараз ведае пра вашыя Курапаты? Мы пыталіся ў суседзяў, сяброў — ніхто нічога не ведае!»

Калі на наступны дзень я даведалася, які ж аб’ект дакладна яны збіраюцца адчыняць каля месца масавых расстрэлаў і пахаванняў, то захварэла — у мяне адняліся ногі, — расказала жанчына праз слёзы. — Калі мы жывы, і на нашых вачах такое робіцца — жах… Толькі нядаўна здолела ўстаць з ложку, зараз ужо па хаце хаджу, дабралася і да Екацярынінскай царквы.

Па словах Маі Кляшторнай, ахоўная зона вакол урочышча складае 300 метраў. Гэтую лічбу потым праігнаравала, не зацвердзіўшы праект, Міністэрства культуры падчас спробы будаўніцтва катэджнага мястэчка «Сонечны».

    Паводле папераў Мінкульта, гэтая зона зараз — 100 метраў, скарацілі ў тры разы, падсунулі сваю, не распрацаваную спецыялістамі, схемку, — адзначае Мая Тодараўна. — З кім яна ўзгаднялася і хто канкрэтна даваў дазвол, спытайцеся ў Мінкульце, у Чарняўскага. Але адлегласць паміж лесам і краем «Бульбаш Хола» зараз менш і за тое. Ахоўная зона Курапатаў — самае цяжкое і балючае для мяне пытанне. І Мінкульт, і Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкаму даюць дазвол на будаўніцтва ў ахоўнай зоне. Са мной, як з навуковым кіраўніком, ніхто гэтае пытанне не ўзгадняў.

 

Нагадаем, што сама Мая Кляшторная – дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага, якога ў свой час называлі “беларускім Ясеніным”. Ён быў расстраляны ў тую самую “чорную ноч” беларускай культуры – ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года – калі больш за 100 выбітных прадстаўнікоў беларускай культуры і інтэлігенцыі былі знішчаны сталінскім рэжымам. Праз 75 гадоў у Беларусі спрабаюць танчыць нават на памяці гэтых безвінна забітых людзей. 

Поделиться ссылкой: