На словах прадстаўнікі беларускай апазіцыі вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў не прызнаюць і гавораць пра вялікую колькасць парушэнняў. “Народная Воля” працягвае вывучаць, якую ацэнку выбарам далі прадстаўнікі апазіцыйных партый, якія ўсё ж такі трапілі ў склад выбарчых камісій.

Сябра АГП Аляксандр Валчанін быў сябрам выбарчай камісіі па 64-й Жодзінскай выбарчай акрузе. Як высветлілася, ён таксама падпісаў выніковы пратакол і ўпэўнена заявіў, што пры гэтым яму не давялося ісці на кампраміс са сваім сумленнем.

Аляксандр Валчанін даводзіць:

— Спачатку па нашай акрузе ішлі сем кандыдатаў, потым іх стала пяць, потым тры, а ў выніку засталося двое — кандыдат ад праўладнай камуністычнай партыі Сяргей Васілеўскі і намеснік дырэктара прадпрыемства “БелАЗ” Дзмітрый Харытончык. Абодва з’яўляюцца дэпутатамі гарадскога савета, і абодва мясцовыя. Мне самому спадабалася кандыдатура Дзмітрыя Харытончыка. Яго яшчэ не закранула іржа бюракратызму, ён поўны энергіі. Мы з ім дамовіліся аб стварэнні назіральнага савета пры дэпутаце Палаты прадстаўнікоў, каб вырашаць больш праблем жыхароў Жодзіна, а таксама Барысаўскага і Смалявіцкага раёнаў.

Ну а што тычыцца выбараў… Літаральна праз 40 хвілін пасля заканчэння галасавання да нас сталі прыязджаць старшыні ўчастковых выбарчых камісій са звесткамі з участкаў. Так што вынікі галасавання былі агучаны даволі хутка.

Незалежныя назіральнікі прысутнічалі на 11 участках з 41. Іх лічбы практычна не адрозніваліся ад тых, што агучвалі выбарчыя камісіі. Хаця па сельскай мясцовасці была зафіксавана большая яўка, чым у горадзе. І гэта кідаецца ў вочы. Але, з іншага боку, ясна, што старых падвозілі на аўтобусах у цэнтральныя вёскі. Таму няма чаго такой яўцы дзівіцца. А вось па Жодзіне яўка была не нашмат большай за 50% і меншай, чым сярэднія лічбы па краіне. Кажуць, у Мінску адбыўся байкот, у іншых буйных гарадах. Не ведаю. Але на ўсіх выбарах яўка ў Жодзіне была значна вышэйшая, чым у сталіцы і абласных цэнтрах. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што ў нас толькі два буйныя прадпрыемствы і два інстытуты.

Хаця не было і такога, каб некага прымушалі ісці на выбары. Па крайняй меры, мы не атрымалі ніводнай скаргі. Магчыма, такая сітуацыя ў Жодзіне была выклікана тым, што не балатаваліся кандыдаты ад апазіцыі. А значыць, не было канкурэнцыі, не было інтрыгі. Усё прайшло ціха і спакойна. Натуральна, жыхары горада выбралі прадстаўніка БелАЗа, бо на гэтым прадпрыемстве працуе амаль 10.000 чалавек. Тут няма чаму дзівіцца.

Ніякіх сур’ёзных парушэнняў не зафіксавана, ніхто ні на што не скардзіўся. Ну, і чаму я не павінен быў той пратакол падпісваць? Падпісаў з чыстым сумленнем.

Я ведаю, што адбывалася на некаторых мінскіх участках, дзе нават раздавалі бясплатныя пакункі з прадуктамі і талончыкі на піва. Тут такога не назіралася. Як я мог не падпісаць пратакол, калі не было ніякіх парушэнняў?

Ад рэдакцыі

Так, кандыдатаў апазіцыі па Жодзінскай выбарчай акрузе на гэтых выбарах не было. Але, з іншага боку, кандыдаты апазіцыйных партый здымаліся з гэтых выбараў на знак пратэсту не толькі супроць таго, што адбываецца на іх канкрэтнай акрузе, а супроць існуючага выбарчага заканадаўства, якое не дае кандыдатам роўных умоў, супроць таго, што ў турмах застаюцца палітвязні… Як у такой сітуацыі павінны былі паводзіць сябе партыйцы — члены выбарчых камісій? Ці дастаткова было ацэньваць толькі тыя пратаколы, якія трапілі ім на разгляд?..

Пытанне дыскусійнае. Але ў выніку атрымалася, што не толькі ў Магілёве, але і ў Жодзіне прадстаўнік апазіцыі засведчыў: выбары прайшлі свабодна, дэмакратычна, па законе.

“Народная Воля” працягвае вывучэнне гэтай тэмы.

Поделиться ссылкой: