Рабаўнікі праз акно залезлі ў дом і адтуль праз дзверы вынеслі два халадзільнікі, пыласос, сокавыціскалку, газавыя балоны, пішучую машынку і іншыя рэчы. Хату злодзеі ачысцілі поўнасцю. Як паведаміла жонка паэта Марыя Іванаўна, цяпер яны жывуць у Мінску, бо Мікола сёлета цяжка захварэў і стаў інвалідаў першай групы. “Я даглядаю Міколу, бо аднаго яго пакінуць немагчыма. У Вецявічах мы пражылі больш за дваццаць гадоў. Жылі ў хаце маіх бацькоў. А ў старэнькай хаце цёткі Міколы, яна побач з нашай, быў яго рабочы кабінет. Там ёсць бібліятэка, стол, дзе ён пісаў. Дык на днях злодзеі залезлі і ў гэту хату. Раскідалі ўсю бібліятэку, бруднымі нагамі проста тапталі кнігі, але іх не бралі. Магчыма злодзеі нешта шукалі. Я патэлефанавала старшыні мясцовага сельскага Савета, але ён сказаў, што трэба было вясковыя хаты аддаць пад сігналізацыю. І ўсё на гэтым. Міліцыя не шукала і не шукае рабаўнікоў, — сказала з горыччу Марыя Арочка.

Лёс не па добрай волі загнаў Міколу Арочку ў родную вёску. На мясцовым пагосце пахаваны два яго сыны, таму Арочкі вярнуліся да сыноў, да землякоў, на Бацькаўшчыну. Там і жылі, трымалі курэй, свіней, коз. Займаліся гаспадаркай, а ў вольны час Мікола Арочка пісаў.

Я там часта бываў, размаўляў з гэтым мудрым, таленавітым і цікавым чалавекам. Працаваў ён спачатку ў часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі», у газеце «Літаратура і мастацтва». З 1966 года быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі. Напісаў і выдаў дзесяткі кніг паэзіі і прозы, літаратуразнаўчых даследаванняў, крытыкі, перакладаў. Важкім дасягненнем беларускай літаратуры сталі яго драматызаваныя гістарычныя паэмы “Судны дзень Скарыны”, “Крэва”, “Курганне”, “Каранацыя Мендаўга”.

Поделиться ссылкой: