Менавіта з-за таго, што ён адмаўляецца даваць следчым паказанні і нейкім іншым чынам супрацоўнічаць са следствам, следчыя таксама не даюць ніякай інфармацыі аб хадзе справы. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае карэспандэнт “Газэты Выборчай” Андрэй Пачобут:

“Мяне ўвогуле не інфармуюць, што там працягнута ці не працягнута следства — ніякай інфармацыі пра тое, што адбываецца па следстве я не маю. Ведаю, што была прызначаная экспертыза кампутараў маіх, якія былі падчас ператрусу забраныя з хаты. Гэта тыя ж самыя кампутары, экспертызу якіх яны ўжо адзін раз рабілі. Таму я не думаю, што тут нейкія складанасці будуць для экспертаў”.

Нагадаем, Андрэя Пачобута, які жыве ў Гродне, арыштоўвалі ў чэрвені 2012-га, але пасля выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Падставамі для абвінавачвання сталі яго артыкулы на сайтах “Хартыя’97” і “Беларускі партызан”. Пачобуту пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленне волі на такі самы час.

21 кастрычніка тэрмін расследавання крымінальнай справы Андрэя Пачобута скончыўся і яго працягнулі яшчэ на месяц.

Па словах журналіста, кожны панядзелак ён вымушаны хадзіць у міліцыю і адзначацца, што знаходзіцца на месцы. Даволі часта да яго ў кватэру прыходзяць міліцыянты, якія правяраюць яго месцазнаходжанне. Ніякіх дадатковых абмежаванняў з-за працягнення следства па справе Пачобут не займеў.

Поделиться ссылкой: