Намеснік прэс-сакратара Беларускага Экзархата Рускай праваслаўнай царквы, клірык храма Сафіі Слуцкай Дзмітрый Шыла не выключае магчымасці ўтварэння беларускай аўтакефальнай царквы.

Пра гэта ён заявіў адказваючы на пытанні наведвальнікаў сайта “БелГазеты”. 

Адно з пытанняў было такім: “Ёсць меркаванне, што па меры таго, як наша краіне пачне ўмацоўваць палітычную незалежнасць ад Расіі, Беларуская праваслаўная царква стане аўтакефаліяй. Што вы думаеце на гэты конт?”

Адказ: Такі сцэнар развіцця падзей быў ужо неаднарозова ў гісторыі Праваслаўных Цэркваў. Менавіта пасля ўзмацнення палітычнай самастойнасці Сербіі, Румыніі, Балгарыі даі самой Расіі Праваслаўныя Цэрквы гэтых краінаў атрымлівалі аўтакефалію. У будучым падобнае развіццё падзеяў цалкам магчымае і для Беларусі. Аднак трэба зазначыць, што акрамя палітычнага складніка пры рашэнні гэтага пытання большую значнасць мае ўзровень самастойнасці саміх праваслаўных у той ці іншай краіне. Аўтакефалія мае на ўвазе пэўную інтэнсіўнасць і развітасць рэлігійнага жыцця праваслаўных вернікаў. У гэтым плане нам яшчэ ёсць шмат над чым папрацаваць, перш чым пачынаць размову пра аўтакефалію.

Цікавы і адказ прадстаўніка Беларускага экзархату на пытанне, што б рабілі ў Мінску, кал б тут адбыўся перфоманс накшталт маскоўскай акцыі ў Храме Хрыста Збавіцеля.

Адказ: Калі, крый Божа, у нашай краіне здарыцца штосьці падобнае, мы будзем прытрымлівацца наступнага сцэнару дзеянняў: па магчымасці максімальна хутка выгнаць блюзнерцаў з храму і забыцца на іх існаванне. Калі гэта не атрымаецца з-за празмернага нахабства хуліганаў – звернемся па дапамогу ў міліцыю, а далей ўжо міліцыя будзе вырашаць, якое пакаранне будзе больш адпаведным. Біццё камянямі – не наш метад ужо гадоў дзве тысячы.

Дарэчы, Дзмітрый Шыла прынцыпова адказваў на беларускай мове нават на рускамоўныя пытанні. 

Поделиться ссылкой: