Вёска Уза – населены пункт у пяці кіламетрах ад Гомеля. Блізкае знаходжанне ад буйнога абласнога цэнтра і чыстая ад радыяцыі зона як бы павінныя прадвызначаць асаблівую папулярнасць гэтых мясцінаў сярод гамельчукоў. Па ідэі, многія з гараджанаў мусілі б марыць пра тое, як набыць традыцыйную драўляную хатку непадалёку ад горада, каб адпачыць ад гарадской мітусні і шума. Усё б нічога, але жыхары Узы вось ужо пятае дзесяцігоддзе назіраюць з вокнаў сваіх дамоў гіганцкі гарадскі сметнік.

Людзі на сметніку

Старажылы вёскі Уза яшчэ памятаюць першыя самазвалы са смеццем у далёкім 1967 годзе. Баба Таня ў маладосці працавала на “Гомельскім заводзе пускавых рухавікоў імя Панцеляймона Панамарэнкі”. Многія вяскоўцы, як згадвае жанчына, не цураліся рабіць рэйды па сметніку. Шукалі ўсё, што можа спатрэбіцца для гаспадаркі, а таксама цукеркі і нават хлеб. Так непрыемнае суседства са звалкай стала для многіх звыклай справай, як наяўнасць лесу альбо ракі.

З цягам часу гара адкідаў вырасла да памераў хмарачоса дзесьці 35-метровай вышыні. Але гіганцкі сметнік – не адзіная славутасць вёскі. Зусім побач з палігонам побытавых адкідаў узведзеная сістэма ачышчальных пабудоў “Гомельводаканала”. Сюды сцякае вадкасць з каналізацыйных трубаў усяго паўмільённага горада. Улетку, як зазначае жыхарка Узы Кацярына, мясцовыя жыхары з-за смуроду нават не адчыняюць вокнаў хат.

Людзі на сметніку

“У нас ачышчальныя збудаванні тут знаходзяцца, хаця ў радыюсе кіламетра жывуць людзі. Калі яны робяць скіды, асабліва ўлетку, тады можна задыхнуцца. Быў такі выпадак: аднойчы сярод ночы прачнулася ўся сям’я са страшэнным галаўным болем. Гэта ж не можа быць выпадковасцю, так? Апроч гэтага, каля Узы знаходзіцца сметнік. Раней ён перыядычна ўзгараўся, была задымленая ўся вёска. Цяпер сметнік абсыпалі, але, выбачайце, з пад звалкі сочыцца чорная вада колеру “Кока-Колы”. Калі стаіць спякота гэтая вадкасць выпараецца, і дзесьці ў выглядзе асадкаў выпадае. І ў грунтовыя воды трапляюць розныя шкодныя рэчывы”, — дзеліцца набалелым Кацярына.

Кацярына саматугам спрабавала звярнуць увагу ўладаў на бядотную сітуацыю вяскоўцаў. Для гэтага яна нават званіла ў рэдакцыю “Белорусского времечка”, але дзяржаўныя журналісты параілі звярнуцца да чыноўнікаў.

“Чыноўнікі ў нас нядаўна пафарбавалі ў вясёлыя колеры ўсе калодзежы ўздоўж цэнтральнай вуліцы, якая вядзе на Бабовічы. Выглядае прыгожа, але піць тую ваду немагчыма: яна з нейкім зялёным адценнем, масляністая. Ды і ў некаторых калонках вада не лепшай якасці, з нейкім жаўтаватым асадкам”, — распавядае іншая жыхарка вёскі Уза.

Людзі на сметніку

Дырэктар гомельскага прадпрыемства “Спецкамунтранс” Валерый Ткачоў падчас тэлефоннай размовы адмовіўся каментаваць экалагічную сітуацыю. Ён спаслаўся на тое, што аніякіх пахаў у ваколіцах вёскі Уза няма. А раз пахаў няма, то і праблемы няма. Валерый Ткачоў сказаў, што скаргі ўзенцаў на смурод са сметніка – гэта “нейкія палітычныя гульні”.

Поделиться ссылкой: