Што меў на ўвазе кіраўнік дзяржавы?

Справа ў тым, што 2-я Клінічная бальніца Мінска толькі ў лютым гэтага года справіла наваселле: клініка цяпер суседнічае з Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтрам Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, па-народнаму — лечкамісіяй. Прычым размясцілася гарадская бальніца ў карпусах, якія першапачаткова планаваліся як два новыя карпусы прэзідэнцкага медцэнтра. Але ў 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў, што чыноўнікам «такая вялікая бальніца не патрэбна, і таму аддадзім яе гораду”. У выніку два карпусы лечкамісіі, будаўніцтва якіх толькі пачалося, перадалі на сталічны баланс, і сюды ў гэтым годзе пераехала 2-я Клінічная бальніца Мінска, якая раней размяшчалася ў старым будынку на рагу вуліц Багдановіча і Купалы.

Пасля пераезду 2-я мінская клініка займела новыя аддзяленні, чатыры сучасныя аперацыйныя, новае абсталяванне. На яе базе адкрыўся Мінскі гарадскі кардыялагічны цэнтр.

Праўда, вуліца Энгельса стала шумнай і шматлюднай, з бясконцым патокам машын, якія іншым разам не могуць размінуцца на вузкай дарозе і ствараюць пробкі. І ўсё гэта адбываецца літаральна ў двух кроках ад Адміністрацыі прэзідэнта. На вуліцы Энгельса нямала грамадскіх будынкаў — тут і Тэатр юнага гледача, і кінатэатр “Піянер”, і прэзідэнцкая паліклініка, хутка адкрыецца пасля рэканструкцыі былая гасцініца “Кастрычніцкая”, зараз — “Прэзідэнт-гатэль”. Але “пярэпалах” на вуліцы ўсё ж такі ў асноўным ствараецца з-за наведвальнікаў 2-га шпіталя: ну што зробіш, людзі едуць на кансультацыі, наведваюць хворых і г.д. Таму словы Аляксандра Лукашэнкі, што 2-ю клініку плануецца выселіць за горад, а тут “зрабіць рэканструкцыю з дапамогай замежнага інвестара” і “стварыць прэзідэнцкую бальніцу”, хоць і выклікалі непаразуменне (будынкі ж новыя), але не сталі нечаканасцю.

Праўда, галоўны ўрач 2-й Клінічнай бальніцы Мінска Сяргей Прусевіч упэўнены: гарадская клініка з вуліцы Энгельса нікуды не пераедзе. Мы змаглі датэлефанавацца да галоўнага ўрача:

— Сяргей Мікалаевіч, што меў на ўвазе Аляксандр Лукашэнка, калі ўзгадваў вашу бальніцу на прэс-канферэнцыі? Вы зноў пераязджаеце, гэтым разам за межы горада?

— Вы пераблыталі.

— Я альбо прэзідэнт?

— Вы, напэўна.

— Значыць, гаворкі пра пераезд вашай медустановы не ідзе?

— У мяне няма інфармацыі пра тое, што мы пераязджаем з гэтага месца. Няма і ніколі не было. Працуем у звычным рэжыме.

— А як вы лічыце: пераезд вашай бальніцы рэальны? 2-я клініка нядаўна змяніла прапіску, вы заехалі ў новыя карпусы, працуеце на сучасным абсталяванні…

— Думаю, не рэальны. Як працавалі, так і будзем працаваць. Магчыма, іншае можа быць: пераезд лечкамісіі ў другое месца, за горад.

Куды канкрэтна можа пераехаць прэзідэнцкая бальніца, Сяргей Прусевіч не адказаў. Не даюць ніякіх каментарыяў на гэты конт і ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

— Наўрад ці Ірына Сцяпанаўна Абельская будзе вам каментаваць гэтую сітуацыю, — адказалі нам у прыёмнай галоўнага ўрача прэзідэнцкага медцэнтра. — Мы пра пераезд нічога не чулі.

Трэба адзначыць, што сакратар спрабавала нас звязаць па тэлефоне з галоўным урачом цэнтра, але Ірына Абельская па нейкай прычыне трубку не здымала. Магчыма, была занятая.


Поделиться ссылкой: