Журналісцкая супольнасць вырашыла падтрымаць калегу, якому пагражае турэмнае зняволенне, і адзначыць яркага публіцыста, які працягваў займацца прафесіяй насуперак ціску.

Сярод сродкаў масавай інфармацыі па рэкамендацыі ГА “БАЖ” звярнуліся рэгіянальны рэсурс ex-press.by і рэдакцыя газеты “Витебский курьер”. Абедзьве рэдакцыі арганізацыя таксама вырашыла рэкамендаваць на атрыманне прэміі, але накіравала арганізатарам удакладняльны запыт наконт “Витебского курьера”: выданне зарэгістравана ў Расіі, і БАЖ хоча ўпэўніцца, што мае права вылучыць яго.

Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец заявіў: “У Беларусі сёння на стадыі расследавання знаходзяцца тры крымінальныя справы супраць журналістаў: акрамя Пачобута, гэта справы Антона Сурапіна і Мікалая Петрушэнкі. Але справа Пачобута – самая складаная сярод іх. Сітуацыя можа разгортвацца ў найгоршым накірунку, бо мінулы прысуд журналісту – гэта тры гады турэмнага зняволення з адтэрміноўкай – можа цяпер стаць цалкам рэальным. Гэта без уліку тэрміну, які яму пагражае па новай справе…”

Юрыст лічыць, што справа Пачобута для ўладаў прынцыповая. Напрыклад, у нядаўнім законе “Аб амністыі” гаварылася, што ён не распаўсюджваецца на арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). “Пачобут – гэта адзіны чалавек, які сёння пераследуецца паводле гэтага артыкулу. Выглядае на тое, што ў законе спецыяльна прадугледзелі яго выпадак”, – падкрэслівае А. Бастунец.

Сайт БАЖ нагадвае, што Фонд «ЦАЙТ» (г. Гамбург) сумесна з фондам «Свабода слова» (г. Осла) сёлета зноў ладзяць конкурс на атрыманне прэміі імя Герда Буцэрыуса «Свабодная прэса Усходняй Еўропы». Паколькі, паводле ўмоваў конкурсу, самавылучэнне на конкурс немагчыма, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» прапаноўвала ахвотным да ўдзелу звярнуцца ў БАЖ па рэкамендацыю. Заяўкі арганізацыя прымала да 24 верасня. Рэкамендацыя, аднак, не гарантуе, што журы да яе прыслухаецца.

 

Поделиться ссылкой: